02.04.2020 / 07:04

Крымінальная справа па факце забруджвання ракі Дзітва адноўленая, паведаміў пракурор Лідскага раёну С. Дмухоўскі ў адказ на заяву гродзенскага абласнога каардынатара Руху «За Свабоду» Вітольда Ашурка.

Ашурак звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем знайсці вінаватых у забруджванні ракі Дзітвы і Нёмана. Па гэтым факце была распачата крымінальная справа, але неўзабаве яна была спыненая.

«У адпаведнасці з патрабаваннямі арт. 138 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса дзеянні і рашэнні органа, які вядзе крымінальны працэс, могуць быць абскарджаныя ва ўстаноўленым парадку ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, а таксама іншымі фізічнымі асобамі, калі праведзеныя працэсуальныя дзеянні і рашэнні закранаюць іх інтарэсы», — нагадаў Дмухоўскі.

І тут жа заявіў, што Ашурак па гэтай справе не з’яўляецца асобай, якая «мае права абскардзіць дзеянні і рашэнні» Следчага камітэту.

«Дадаткова паведамляю, што 19 сакавіка намеснікам начальніка КПК УСК па Гродзенскай вобласці пастанова аб прыпыненні папярэдняга раследвання па крымінальнай справе па факту забруджвання ракі Дзітва адмененая, вытворчасць па крымінальнай справе адноўленая», — дадаў чыноўнік.

«У выпадку з забруджваннем Дзітвы і Нёмана летам 2019 адбылося без перабольшання злачынства, і яно патрабуе адпаведнага пакарання. Але тут узнікае канфлікт інтарэсаў: пакараць кагосьці трэба, але „сваіх“ караць шкада! І цалкам магчыма, што „шкадаванне“ і ўзяло б верх, але... не ў 2020 годзе. Не ў год прэзідэнцкіх выбараў», — пракаментаваў адказ пракуратуры Ашурак.

Па ягоных словах, ён з камандай манітораць настроі грамадскасці Лідчыны і дакладна ведаюць, што «людзі прагнуць справядлівага пакарання злачынцаў, вінаватых у заліве нечыстот з падведамственнай тэрыторыі Лідскага ЖКГ».

«Таму намі і быў накіраваны зварот у Лідскую пракуратуру. Адказ Пракуратуры нас задаволіў — крымінальная справа адноўлена. Будзем трымаць гэтую тэму на кантролі», — падкрэсліў гродзенскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду».

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што пракуратура не палічыла яго асобай, якая можа звяртацца па дзеянням Следчага камітэту.

«Гэты дэмарш выклікае толькі ўсмешку: хіба я ўжо не грамадзянін Беларусі і не жыхар Лідчыны, што экалагічная бедства не закранае маіх інтарэсаў?» — спытаў Ашурак, адзначыўшы, што ў лідскай пракуратуры блытаюць заяву аб праверцы з абскарджваннем крымінальнай справы.

«Ну і дзякуй Богу, што мы з лідскай пракуратурай ў адной вагавай катэгорыі», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость