«Змены клімату па віне чалавека сёння з’яўляюцца навуковай рэальнасцю. Неадкладная дзейнічаць у накірунку захавання клімату — духоўны і рэлігійны заклік да чалавецтва. Лёсавызначальная роля ў духоўным асяроддзі свету сёння належыць рэлігіям. Традыцыі кожнай рэлігіі сцвярджаюць натуральную годнасць кожнай асобы ва ўсеагульным дабрабыце чалавецтва. Традыцыі сцвярджаюць прыгажосць, дасканаласць прыроды, глыбокую павагу да яе і разглядаюць прыродны свет як каштоўны дар, які мы атрымалі пад наш клопат і нашу адказнасць шанаваць яго і не спустошыць сад, які з’яўляецца нашым домам», — з такой прамовай выступіла каталіцкая царква.
Разам з дэкларацыяй Акадэмія навук змясціла зварот, у якім агучыла навуковыя і гістарычныя факты, а таксама расказала аб ролі эканамічных рэформаў, неабходных, каб пазбегнуць найбольш негатыўных наступстваў для грамадства і экасістэм. У дакладзе падкрэсліваецца, што сучасная эканамічная мадэль спрацавала на павелічэнне адрозненняў паміж багатымі і беднымі і разлічвала толькі на прыбытак ад тэхналогій і прамысловасці, не ўлічваючы пры гэтым шкоду для навакольнага асяроддзя ад вытворчасці і спажывання.
«Рынкавыя працэсы, якія не ўлічваюць этычныя каштоўнасці, не дапамогуць пераадолець беднасць, сацыяльную неўладкаванасць і праблемы навакольнага асяроддзя», — падкрэслівае Акадэмія навук Ватыкана.
Няўстойлівае спажыванне, выкарыстанне брудных тэхналогій пры рэкорднай колькасці насельніцтва планеты з’яўляюцца прычынай дэградацыі экалагічных сістэм, ад якіх залежыць фізічнае жыццё кожнага чалавека, а таксама грамадская карысць і дабрабыт.
«Мы павінны падрыхтавацца і змяніць характар прыбыткаў і выдаткаў, якія суправаджаюць чалавечую дзейнасць як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні», — кажа каталіцкая царква.
Яна і раней выказвалася па пытаннях змены клімату. У верасні мінулага года дзяржаўны сакратар Ватыкана Пьетра Паралін, які выступаў ад імя Папы Рымскага на саміце ААН ў Нью-Йорку, заявіў: «Ватыкан не аднойчы падкрэсліваў, што мы ўсе маем маральную адказнасць за захаванне свету такім, якім яго стварыў Бог, дзеля сучаснасці і будучыні чалавецтва».