01.06.2017 / 16:06

Мінскі заапарк лічыцца вельмі маладым: у гэтым годзе яму споўніцца толькі 33 гады. Але за час існавання калекцыя яго жывёл узрасла да 450 відаў, што агулам складае каля 2000 экзэмпляраў. Зялёны партал даведаўся ў начальніка заатэхнічнага аддзела Мінскага заапарка Таццяны Iльясавай-Конанавай, якія жывёлы жывуць у заапарку, як яны размнажаюцца ў няволі і чаму здараюцца няшчасныя выпадкі.

Прытулак для рэдкіх жывёл

«Даволі значную частку складаюць рыбы і беспазваночныя, а таксама экзатычныя і жывёлы нашай паласы, больш звыклыя для нас», — коратка зазначае Таццяна Iльясава-Конанава.

Асаблівым гонарам для заапарка з'яўляюцца чырвонакніжнікі, якiя занесеныя як у міжнародны, так і мясцовы спіс рэдкіх відаў. Напрыклад, з такіх відаў пражывае сям'я з трох далёкаўсходніх леапардаў, якіх у дзікай прыродзе захавалася ўсяго каля 35 асобін.

«Захаваць гэты від сапраўды цяжка, і над гэтай задачай працуе цэлы шэраг спецыялістаў з усяго свету, створана спецыяльная міжнародная праграма. Наш заапарк, дарэчы, прымае ў ёй непасрэдны ўдзел, — кажа спецыялістка. — Каб гэтыя дзікія коткі маглі размнажацца ў няволі, неабходна прытрымлівацца асаблівых рэкамендацый і правіл па іх развядзенні».

Яшчэ з рэдкіх звяроў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у заапарку ёсць ацэлоты — паўднёваамерыканскія коткі. Яны не толькі занесены ў Міжнародную чырвоную кнігу, але іх перамяшчэнне рэгулюецца пэўнымі правіламі і строга адсочваецца.

Адзначае Таццяна і птушак, з асабліва прыкметных у калекцыі маюцца папугаі ара і белаплечыя арланы.

«Арланы — вельмі буйныя птушкі, жывуць на Камчатцы, аднак у прыродзе іх захавалася каля 2000. Да нас яны патрапілі з Маскоўскага заапарка па праграме іх развядзення ў няволі», — удакладняе яна.

Знайшлі сабе прытулак у заапарку і рэдкія вінтарогія казлы, якія да радасці супрацоўнікаў установы нядрэнна размнажаюцца: у мінулым годзе і сёлета ў пары нарадзіліся казляняты.

Што ж датычыцца беларускіх жывёл, відавочна, асаблівым гонарам з'яўляецца пара зуброў.

 

Размнажаюцца ўсе, толькі з рознай перыядычнасцю

Па словах заатэхніка, у няволі жывёлы размнажаюцца някепска, але, вядома, ёсць віды, якім гэта даецца прасцей і якім — цяжэй. У цэлым жа, калі з'яўляецца прыплод, гэта першая прыкмета таго, што створаны правільныя ўмовы ўтрымання і камфорту. Жывёла ў стрэсе ці ў дрэнным фізічным стане ніколі не народзіць малых.

«Важным фактарам для размнажэння з'яўляецца спакой. І мы вельмі клапоцімся пра гэта! Стараемся абмежаваць парачку ад наведвальнікаў і папярэджваем людзей, просім не турбаваць, каб пазбегнуць самотных наступстваў, — тлумачыць Таццяна. — Не менш важным з'яўляецца харчаванне жывёл у перыяд выношвання, нараджэння. Яны павінны атрымоўваць узмоцнены рацыён: пэўныя прадукты, вітаміны. Так, напрыклад, каб несліся драпежныя птушкі, ім трэба зімой даваць чырвоную рыбу, прычым не проста філе, а цэлую тушу з галавой, інакш яны не могуць яе правільна з'есці».

Найлепш у заапарку размнажаюцца капытныя жывёлы, ім больш звыклыя стасункі з людзьмі, і не так турбуюць разнастайныя гукі. Добра пачуваюць сябе ў гэтым сэнсе і некаторыя віды прыматаў. Так, па словах спецыялісткі, гэтай зімой нарадзіла львiнахвостая макака, і з усталяваннем добрага надвор'я хутка сямейства высадзяць у вулічны вальер.

А вось дзікія коткі, на жаль, больш рэдка прыносяць малых у сталічным заапарку, хаця ў заапарках свету, тыя ж ільвяняты і маленькія ягуары — звычайная радасць.

 

Адваротны бок нараджэння — смерць

Як ні круці, адваротным бокам нараджэння будзе смерць — здарэнне сумнае, але непазбежнае. Спецыялістка не хавае, што ў заапарку жывёлы таксама паміраюць, а вось прычын можа быць некалькі.

«Гінуць жывёлы ад старасці, нікуды нам ад гэтага не дзецца. Могуць здарацца інфекцыйныя захворванні, не часта, бо ўсё ж праводзіцца вялікая прафілактычная работа, нават пры найменшым падазрэнні на прастуду. На жаль, бываюць у жывёл і траўмы ад няўдалага саскоку ці падвароту лапы. Падавалася б, дробязь, але ёсць шэраг відаў, для якіх лячэнне практычна немагчыма», — расказвае Таццяна.

Здараліся і смяротныя выпадкі, віною якіх было жаданне наведвальнікаў падкарміць жывёл, чаго толькі вартая гісторыя з вярблюдам, пры ўскрыцці ў страўніку якога знайшлі рэшткі пакета і дзіцячую рукавічку. Спецыялістка прыгадвае, як некалькі год таму памерла малпа ад цукровага дыябету:

«Часта госці заапарка кідаюць салодкія пачастункі нашым гадаванцам, не разумеючы, што жывёлы неўспрымальныя да цукру. З улікам, што яго звяры атрымоўваюць з садавінай са свайго рацыёну, дадатковая канцэнтраваная доза можа прывесці да дрэнных наступстваў. Не дарэмна ж паўсюль вісяць таблічкі з просьбай не карміць жывёл», — зазначае Таццяна і для лепшага разумення ўсёй катастрафічнасці нявіннага жадання падкарміць прыводзіць лічбу, калі ў летні дзень праз заапарк можа прайсці каля 2000 чалавек, і кожны кіне па лустачцы хлеба.

Але ўсё ж адмоўнай статыстыкі заапарк не мае. Спецыялістка падкрэслівае, што «плюс на мінус» выходзіць сыходзячы з пастаяннага нараджэння малых, а таксама папаўнення калекцыі жывеламi з другiх заапаркаў цi «канфіскатамі» з мытні, як гэта часта бывае са змеямі ці экзатычнымі павукамі.

 

«Заапарк — музей жывой прыроды»

Відавочна, гэта самы галоўны прынцып, які павінны разумець, а тым больш яго прытрымлівацца госці заапаркаў.

«Калі мы наведваем мастацкі музей, маем звычку паводзіць сябе ціха, каб атрымоўваць асалоду ад экспанатаў. Але чамусьці лічым, што ў заапарку можна крычаць, турбаваць жывёл, тыкаць палкай ці нават кідаць камянямі, каб яны зрэагавалі на нас. Сюды таксама трэба прыходзіць паназіраць, чаму-небудзь навучыцца», — падкрэслівае заалог.

Автор:
Фотограф:
pixa.by, vesti.ru, komotoz.ru, youtube.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость