01.10.2017 / 09:10

Людзі свядома адмаўляліся ад ужывання ў ежу мяса яшчэ ў часы да нашай эры. Напрыклад, ёсць звесткі, што некаторыя старажытнагрэчаскія філосафы былі вегетарыянцамі (Піфагор, Сенэка і іншыя). З шэрагу прычын нам цяжка дакладна адказаць на пытанне, што менавіта стала прычынай такіх іх харчовых паводзінаў.

Але калі на Захадзе ў тыя часы вегетарыянства было своеасаблівым дзікунствам асобных людзей, дык на Усходзе ўсё было інакш. У Індыі джайністы і будысты не ўжывалі мяса ў ежу яшчэ ў шостым стагоддзі да нашай эры.

Так што, як бы ні хацелася агрэсіўным праціўнікам і праціўніцам вегетарыянства называць яго “проста модным рухам” і “спосаба вылучыцца з натоўпу”, абсалютна відавочна, што вегетарыянства не з’явілася ўчора, і яго не вынайшлі хіпстары ў бліжэйшым смузі-бары.

Але калі вам падаецца, што, каб не пакрыўдзіць вегетарыянцаў і вегетарыянак, дастаткова пры запрашэнні на абед проста ўсіх запытвацца, ці ўжываюць яны мяса, у мяне для вас кепскія навіны: усё не так проста. Мала таго, што вегетарыянства бывае розных відаў, дык яшчэ вылучаюць і псеўдавегетарыянства! Але пачнем усё ж з відаў так званага сапраўднага вегетарыянства.

Самае агульнае азначэнне вегетарыянства – гэта “сістэмная адмова ад ужывання ў ежу пэўных прадуктаў жывёьнага паходжання”, і ўся праблематыка хаваецца за словам “пэўных”.

 

Класічнае вегетарыянства, альбо лактаовавегетарыянства

Так званыя класічныя вегетарыянцы не ядуць мяса і рыбу. Можаце смела карміць іх яечнямі і сырамі, а суп-пюрэ рабіць з дабаўленнем вяршкоў. Гэта самы распаўсюджаны від вегетарыянства, і ён нярэдка крытыкуецца больш радыкальна настроенымі вегетарыянцамі і веганамі. Справа ў тым, што малочная прамысловасць у рэальнасці не можа быць адасоблена ад мясной, і, спажываючы малако, кефір і смятану, людзі наўпрост стымулююць распаўсюд і мясной прадукцыі.

Адмаўляўся ад ужывання мяса і Альберт Эйнштэйн. Ён казаў: “Я лічу, што вегетарыянская дыета, хоць бы дзякуючы яе фізічнаму ўздзеянню на чалавечы тэмперамент, мусіць у найвышэйшай ступені добра сказацца на лёсе чалавецтва. Нішто не прынясе чалавечаму здароўю такой карысці і не павялічыць шанцы захавання жыцця на Зямлі, як распаўсюд вегетарыянства”.

 

Лактавегетарыянства

Спецыфіка гэтага вегетарыянства ў адмове не толькі ад мяса і рыбы, але таксама і ад яек. Аргументаў супраць яек шмат (акрамя этычнага), але большасць з іх абвергнута навукоўцамі. Напрыклад, афіцыйная медыцына адмовілася ад ідэі, што ўжыванне курыных яек негатыўна ўплывае на ўзровень халестэрыну ў крыві, і яны шкодныя для ўсіх цяжарных жанчын і маленькіх дзяцей.

А вось этычны аргумент нікуды не падзеўся: чым больш мы ямо яек, тым больш курак разводзяць адмыслова дзеля гэтага. Нажаль, на прадпрыемствах нярэдка выкарыстоўваюць у адносінах да курак жорсткія практыкі, каб прымусіць іх даваць больш яек. Але вы асабіста можаце зменшыць альбо цалкам зняць з сябе ўскосную віну за курыныя пакуты не адмаўляючыся ад яек. Дастаткова таго, што вы будзеце па магчымасці набываць іх не ў крамах, а ў знаёмых, якія разводзяць кур і трымаюць іх у добрых умовах.

 

Овавегетарыянства

Калі лактавегетарыянцы адмаўляюцца ад яек, дык овавегетарыянцы ядуць іх з вялікім задавальненнем, але не ўжываюць у ежу малочныя прадукты. Што ж не так з малаком? Овавегетарыянцы сцвярджаюць, што яно аказвае негатыўны ўплыў на здароўе чалавека: вымывае кальцый з костак, выклікае остэапароз, выклікае язву страўніка, рак і ўвогуле з’яўляецца атрутай. Усе гэтыя сцвярджэнні вельмі спрэчныя, ды і не асабліва істотна, чаму вашыя госці адмаўляюцца ад малака. Гэта неабавязкова абмяркоўваць. Калі чалавек кажа, што не ўжывае малочнае, проста прадумайце менб ў адпаведнасці з гэтай асаблівасцю.

Адмова ад малочных прадуктаў можа быць абумоўлена алергіяй і непераноснасцю лактозы. Як распазнаць непераноснасць лактозы? Для яе характэрныя дыярэя, моцныя спазмы, павышанае газаўтварэнне. Але варта адзначыць, што гэтыя сімптомы могуць казаць і пра іншыя праблемы, так што пры іх з’яўленні лепей пракансультавацца з доктарам, а не проста прыбраць малако з рацыёну.

 

Здаецца, з відамі сапраўднага вегетарыянства разабраліся. А што ж за псеўдаварыянты?

Пескавегетарыянства

Людзі, якія прытрымліваюцца гэтага стылю харчавання, адмаўляюцца толькі ад мяса, а рыбу ўсё ж уводзяць у свой рацыён. Часцей за ўсё іх аргументацыя не звязаная з этычным бокам пытання, а базуецца на адсылках да асабістых густаў ці медычных рэкамендацый. Хтосьці проста не любіць смак мяса, камусьці ад мясных прадуктаў раяць адмовіцца дактары. Але ёсць і тыя, хто кажа пра этыку – рыба не можа адчуваць боль, і з гэтага вынікае, што есці яе – этычна.

Так ці інакш, да сапраўднага вегетарыянства такі падыход аднесці цяжка.

Полатарыянства

Гэта яшчэ больш мяккі від абмежаванняў, чым пескатарыянства. Полатарыянцы адмаўляюцца толькі ад мяса млекакормячых, а курыны шашлык ядуць з задавальненнем. Ёсць, канечне, сярод іх і тыя, хто прыбірае з рацыёну рыбу і морапрадукты, але ў асобны від вегетарыянцаў такіх людзей не вылучаюць.

Галоўны аргумент полатарыянцаў – гэта “каровы вельмі мілыя”. Гэтыя людзі звычайна лічаць птушак неразумнымі (у адрозенні ад свінняў, кароў, трусікаў і іншых млекакормячых, якіх традыцыйна ўжываюць у ежу). І лагічны ланцужок атрымліваецца наступны: калі ў іх няма разуму, дык яны не ўсведамляюць пакутаў, і няма чаго іх шкадаваць. Хоць варта, канечне, узгадаць і пра тых полатарыянцаў, якія не адмаўляюцца ад адварной курынай грудкі, бо ей шмат бялкў і мала тлушчу.

Флексітарыянства

Флексітарыянцы – гэта, умоўна кажучы, людзі, якія ядуць мяса,але перажываюць з-за гэтага і стараюцца зменшыць ягоную колькасць у рацыёне. Мясаеды з комплексам віны.

Прычыны ў такіх харчовых паводзінаў – не заўжды перажыванні за жывёлаў, але збольшага – менавіта яны. Як правіла, флексітарыянцы вельмі любяць смак мяса, але этычны бок пытання ніяк не дае ім спакою. І яны ідуць на такую паўмеру па прынцыпе “лепей так, чым ніяк”. І з імі нельга не пагадзіцца! Няважна, пра што гаворка: нават дробныя змены – гэта змены. З часам некаторыя флексітарыянцы цалкам адмаўляюцца ад рыбы і мяса, а некаторыя, наадварот, адмяняюць любыя абмежаванні ва ўжыванні мясных страваў.

 

Чаму так шмат спрэчак

Здавалася б – ну, хтосьці ўжывае мяса, а хтосьці – не. Чаму вегетарыянства дагэтуль застаецца такой канфліктнай тэмай для абмеркаванняў?

Этычны выбар

Спрэчкі пра смак выглядалі б даволі неразумна, бо які сэнс тлумачыць камусьці, што “раз смачна мне, мусіць быць смачна і табе”? Але калі гаворка ідзе пра этычны бок любога пытання, канфлікты непазбежныя. Дзіўна чакаць, што этычныя вегетарыянцы ніяк не будуць рэагаваць на тое, што лічуць злом.

Мы побытава падзяляем жывёлаў на кампаньёнаў і ўмоўна сельска-гаспадарчык. З кампаньёнамі – катамі, сабакамі, пацукамі мы жывем, сябруем, клапоцімся пра іх і ні ў якім выпадку не ўжываем у ежу. Але вегетарыянцы часта прапаноўваюць іншы погляд на сітуацыю – яны кажуць пра недапушчальнасць эксплуатацыю жывёлаў чалавекам і пра неабходнасць стаўлення да ўсіх жывёлаў, як да кампаньёнаў.

Непрыняцце “іншага”

Праблема ж не толькі ў этыцы, а таксама ў тым, што людзі ўвогуле часта не гатовыя ўспрыняць чужы выбар, калі ён кардынальна адрозневаецца ад іх уласнага. І неістотна, наколькі наступствы гэтага выбару закранаюць навакольных: іншы значыць кепскі. Безумоўна, гэта праблема найбольш выразная ў монаэтнічных і монарэлігійных грамадствах, дзе людзі звыклі, што ўсе навокал маюць больш-менш аднолькавы культурны бэкграўнд. Чым разнастайней грамадства, тым прасцей яно прымае штосьці новае.

Медычны аспект

Ці прыстасаваны прыродны арганізм да таго, каб есці мяса? Наколькі верагодна, што дзіця, якое не ўжывае мясныя прадукты і рыбу, не будзе мець з-за гэтага спецыфічных праблем са здароўем? Наколькі рэальнай з’яўляецца карэляцыя паміж ужываннем мяса і з’яўленнем анкалагічных захворванняў?

На гэтыя пытанні дагэтуль няма адназначных адказаў, бо навука развіваецца, даследуюцца новыя і новыя аспекты, высновы адных даследванняў супярэчаць высновам іншых, і вегетарыянцы і мясаеды часта маніпулююць адно адным, выстаўляючы наяўную інфармацыю ў добрым для сябе святле. Гэтыя спрэчкі ніколі не скончацца, і ніколі чалавецтва не прыйдзе да адназначнага рашэння: есці ці не есці мяса.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость