01.11.2017 / 11:11

Другога лістапада католікі адзначаюць Задушны дзень, а 4 лістапада праваслаўныя – Змітраўскія Дзяды. На могілкі ў гэтыя, ды і ў іншыя дні нясуць штучныя кветкі. Гэта практыка зусім неэкалагічная. Ці мае яна карані ў беларускай традыцыйнай культуры? І якая можа быць альтэрнатыва?

Для беларускіх каталікоў Задушкі былі асноўным (і амаль паўсюдна адзіным) днём памінання продкаў. Наведвалі касцёл, хадзілі на могілкі, месцамі ладзілі жалобныя працэсіі. На могілках запальвалі свечкі (цяпер лампадкі), ежу і напоі спажываць было не прынята. Памінальнае застолле ладзілася дома. У 1992 – 1997 гадах ў Беларусі Дзяды 2 лістапада былі дзяржаўным святам і выходным днём. З 1998 года гэта “Дзень памяці”, свята, але не выходны.

Праваслаўныя беларусы святкуюць Дзяды некалькі разоў на год. У розных лакальных традыцыях можа быць да шасці памінальных дзён у календары, пры гэтым Змітраўскія Дзяды далёка не ўсюды галоўныя і нават вядомыя.

Штучныя кветкі на могілках узімку, в. Наваянчына Барысаўскага р. 2016 г.
Штучныя кветкі на могілках узімку, в. Наваянчына Барысаўскага р. 2016 г.

Каб сёмы Дзед, дык звёўся б і свет” (прыказка з в. Вітунічы Докшыцкага р-на) – дзеля памінання продкаў гатавалі ўрачыстую вячэру, што для незаможнага селяніна было даволі накладана. На могілках таксама рабілі трапезу, праўда, не такую багатую, як у хаце.

Наведванне могілак на Дзяды часцей адбывалася ў вяснова-летні перыяд (на Радуніцу, перад Троіцай, Днём Святога Пятра). У халодную пару часцей святкавалі дома (Узвіжаньскія, Пакроўскія, Змітраўскія, Міхайлаўскія, Піліпаўскія, Масленічныя Дзяды).

Звестак пра тое, што беларускія сяляне насілі на могілкі кветкі, у этнаграфічных крыніцах ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя не сустракаецца. Даследчыкі сыходзяцца на тым, што гэтая традыцыя расце з гарадской культуры.

Велікодныя вербы на могілках в. Крышычы Калінкавіцкага р. Вялікдзень 2016 г.
Велікодныя вербы на могілках в. Крышычы Калінкавіцкага р. Вялікдзень 2016 г.

Этнограф Сяргей Грунтоў распавядае: “У многіх краінах таксама носяць кветкі на могілкі. У Польшчы гэта звычайна вазоны ці гаршкі з доўгатрывалымі жывымі кветкамі, якія могуць у цёплы сезон пры наяўнасці дажджоў расці месяцамі. У Італіі носяць букеты жывых кветак, даволі вялікія, і рэгулярна мяняюць іх. У нас нашэнне кветак на могілкі пашыраецца ў савецкі перыяд, як зручная і пазбаўленая рэлігійных прывязак практыка. Штучныя кветкі атрымліваюць пашырэнне ў 1990-я, хаця ў гэты перыяд даволі актыўна насілі яшчэ і жывыя. Тое, што яны пластыкавыя, – наша асаблівасць з-за, думаю, беднасці рэгіёну. Лічыцца, што пластык найтаннейшы і найпрактычнейшы матэрыял”.

Яблыкі магчыма засталіся пасля спаса, в. Рычоў Жыткавіцкага р. 2014 год
Яблыкі магчыма засталіся пасля спаса, в. Рычоў Жыткавіцкага р. 2014 год

Высаджванне на магілах, ці каля іх, кветак таксама не згадваецца ў этнаграфічных крыніцах.

Фалькларыстка Таццяна Валодзіна кажа: “На старых могілках садзілі дрэвы. Тут актуалізуецца семантыка дрэва як восі паміж “гэтым” і “тым” светамі, а таксама як увасаблення душы памерлага, надзеі, што душа працягвае існаванне ў гэтым свеце. Традыцыйны пагоствыглядае як лясок. У гэтым найбольшае адрозненне між старымі і сённяшнімі могілкамі. Аздабленне месца спачыну – гэта вельмі дыялектная з’ява, на поўдні і поўначы Беларусі звычаі могуць значна розніцца. Камяні, нарубы, прыкла́ды,“церамкі”, лавачкі ў ролі агароджы, ручнікі, стужкі… Што цікава, там, дзе захоўваецца традыцыя аздаблення тэкстылем, штучных кветак прыносяць значна менш, іх часцей сустрэнеш бліжэй да вялікіх гарадоў, дзе магіла нічым іншым не ўпрыгожаная. Тут можна правесці паралель са зменай эстэтыкі таго ж тэкстылю, калі стрыманая бела-чырвона-чорная гама геаметрычнага арнаменту саступае месца рознакаляровым узорам, вышытым гладдзю, адбываецца наступ кічовага мастацтва (паглядзець, напрыклад, на аздобу прысядзібных участкаў пластыкавымі пальмамі). Мне здаецца, гэты кветкавы бум мог бы паменшыцца, калі б людзям тлумачылі, што застаюцца тонны пластыку, які не перапрацоўваецца”.

Нарубы на Палессі. 1934 г. Фота Луізы Арнер Бойд
Нарубы на Палессі. 1934 г. Фота Луізы Арнер Бойд

Пра пластыкавыя кветкі на могілках, як праяву змены эстэтыкі кажа і мастацтвазнаўца Вольга Лабачэўская. Па яе назіраннях, штучныя расліны з’явіліся на вясковых могілках на пачатку ХХІ стагоддзя пад уплывам гарадской моды. У той жа час, нельга сказаць, што пластыкавыя кветкі – гэта з’ява, якае не мае нічога супольнага з беларускімі традыцыямі.

Этнограф Сяргей Грунтоў тлумачыць: “На семантычным узроўні кветкі на могілках (у тым ліку штучныя) адпавядаюць традыцыйным мадэлям стаўлення да магілы: упрыгожванне яе і прынясенне дара. Менавіта дар першасны, а ўжо які ён – яйка, цукерка, кветка ці нешта яшчэ – мае значэне другога парадку. У гэтым сэнсе традыцыйная мадэль надзвычай трывалая. Другое – гэта ўпрыгожванне магілы, дагляд яе. У ХІХ – пачатку ХХ ст. гэта было менш развіта, але, напрыклад, Язэп Драздовіч фіксуе ў 20-я гг. на Дзісненшчыне папраўку пясчаных магільных насыпаў штогод і высыпанне на іх чорнай зямлі на ўзор крыжа. Раней фіксуецца абкладанне магілы дзёрнам, падмятанне яе. Кветкі ў гэтым сэнсе працягваюць традыцыю дагляду, упрыгожвання месца спачынку”.

Праваслаўныя беларусы пакідаюць на магілах розную ежу, на Вялікдзень – булкі і фарбаваныя яйкі, на Спас – яблыкі. Часам на магілках мужчын можна заўважыць цыгарэты, а дзяцей – цацкі.

Кавалак велікоднай булкі на могілках в. Данілевічы Лельчыцкага р. 2016 г.
Кавалак велікоднай булкі на могілках в. Данілевічы Лельчыцкага р. 2016 г.

Калі глядзець шырэй, то дары прыносілі не толькі на могілкі, а і на святыя месцы, што зваліся прошчамі. У якасці прошчаў выступаюць камяні, крыніцы, дрэвы. Дараабмен паміж “гэтым” і “тым” светам у традыцыйнай культуры – гарант дабрабыту ва ўсіх сферах, ураджаю, плоднасці людзей і жывёлы.

Зразумела, што ў даіндустрыяльнай вёсцы неэкалагічных дароў на могілкі не насілі проста таму, што штучныя рэчы не выкарыстоўваліся ў побыце. Сёння мы маем шырэйшы выбар.

Але не абавязкова вяртацца да “сялянскай” эстэтыкі (хаця распытаць старэйшых родзічаў, як шанавалі памерлых у іх мясцовасці цалкам дарэчы). Якая можа быць экалагічная альтэрнатыва пластыкавым кветкам, якія стаяць пэўны час, а потым страчваюць прывабны выгляд і выкідаюцца?

Могілкі в. Боркі Ганцавіцкага р. 2015 г.
Могілкі в. Боркі Ганцавіцкага р. 2015 г.

Можна пасадзіць на могілках расліны-доўгакветы, ці вечназялёныя дрэўцы ды кустарнікі, якія сваёй строгай эстэтыкай адпавядаюць жалобнаму настрою. Можна прынесці сухакветы, што доўга стаяць.

Зрэшты рэшт, узгадаць, які від жывых кветак падабаўся нябожчыку. Ніхто не ведае, што нас чакае пасля смерці. Раптам нам будзе прыемна, калі нашчадкі ўзгадаюць пра нашы густы?

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость