Ідэя прыйшла да нас з Валгаграду, дзе некалькі год таму «Карпарацыя ''Волма''», якая займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй будаўнічых матэрыялаў, распачала цэнтралізаваны збор макулатуры ад насельніцтва. У нашай краіне ініцыятыву падхапіў вытворца сухіх будаўнічых сумясяў на аснове гіпсу і адзіны ў рэспубліцы вытворца гіпсакардону — ААТ «БЕЛГІПС».
Аднак, па словах Ліліі Сёмачкінай, намесніка дырэктара ТАА «БЕЛГІПС-ЭКА», сітуацыя ў Беларусі кардынальным чынам адрозніваецца ад расійскай, бо ў нас яшчэ захаваліся традыцыі і не страчана сітэма па збору макулатуры: «Школы і дзяржаўныя ўстановы да сённяшнага часу маюць свае нормы па «нарыхтоўцы» гэтага другаснага рэсурсу. Зразумела, што далёка не ўсю макулатуру мы збіраем, але ў Расіі пасля развалу Савецкага Саюзу, наколькі я інфармавана, увогуле не займаліся гэтым, ніхто не збіраў, адпаведна ніхто і не здаваў».
За той непрацяглы час, што дзейнічае праект у Мінску, ужо было сабрана каля 60 тон папяровых адходаў. І гэта з улікам, што кантэйнеры стаяць пакуль толькі ў трох раёнах горада: Маскоўскім, Партызанскім і Першамайскім. У планах прадпрыемства да канца года ахапіць усю сталіцу, размясціўшы больш 400 зялёных кантэйнераў, месцазнаходжанне якіх будзе таксама адзначана на «Зялёнай карце».
Аднак ужо сёння, нягледзячы на іх невялікую колькасць, праект можна лічыць паспяховым, бо ім на самой справе зацікавіліся гараджане.
«Мне часам тэлефануюць са словамі ўдзячнасці. Вельмі прыемна чуць такое, гэта нас падтрымлівае, і мы разумеем неабходнасць нашага праекта. Гэта сведчыць і аб тым, што людзі разумеюць каштоўнасць макулатуры як рэсурсу, ім шкада выкідаць яе кілаграмамі на агульныя палігоны», — распавядае намеснік дырэктара.
Да поспеху можна прылічыць і такую дробязь, як практычная адсутнасць у кантэйнерах іншых відаў адходаў, зазначае Лілія. Магчыма, толькі ля якой-небудзь крамы хтосьці ўкіне пластыкавую бутэльку з-пад вады. Саму ж макулатуру ніякім спецыяльным чынам «рыхтаваць» не трэба. У якасці выключэння давядзецца крыху павазіцца з кардоннымі каробкамі і габарытнымі ўпакоўкамі: акуратна скласці ці звязаць іх, каб не «забівалі» ўвесь аб'ём кантэйнера. Не варта скідваць разам з макулатурай старыя шпалеры, на якіх могуць быць рэшткі клея ці тынкоўкі, і тэрмапаперу, напрыклад, факсавую, бо, на жаль, такія віды другаснага рэсурсу — не зусім прыдатныя для перапрацоўкі і далейшага выкарыстання ў мэтах праекта.
Яшчэ адна выдатная ініцыятыва, якая ўзнікла ў працэсе кантэйнернага збору макулатуры, — перадача кніжак сацыяльным цэнтрам і ўстановам. Так склалася з практычнага вопыту, што спачатку «Карпарацыя ''Волма''», а затым і беларускі пераемнік праекта ААТ «БЕЛГІПС» сталі пасрэднікамі ў зборы і далейшай перадачы кніжных выданняў, якія патрапляюць у кантэйнеры ад грамадзян дзяржаўным установам.
«Пры адкрыцці кантэйнераў у рукі работнікаў патраплялі новыя кнігі ці выданні з творамі класікаў, якія правераны часам. Іх шкада было аддаваць на перапрацоўку. Сталі думаць, як быць у такой сітуацыі, і прыйшлі да высновы, што лепш такія кнігі перадаваць тым, каму яны яшчэ могуць быць патрэбныя.
У Валгаградзе практычна ва ўсіх бальніцах існуюць бібліятэкі. Вядома, што не ў традыцыйным іх выглядзе, з фармулярам і абавязковым вяртаннем выданняў. Кнігі знаходзяцца ў свабодным доступе ў пакоях для адпачынку, дзе кожны жадаючы можа ўзяць тое, што яму падабаецца, і нават пакінуць сабе», — кажа Лілія.
«Мы разлічваем, што ў нас таксама атрымаецца знайсці паразуменне з адміністрацыямі бальніц. Тым больш, што літаральна на днях мы атрымалі адказ ад санітарна-эпідэміялагічнай службы горада, дзе падцвярджаецца, што кнігі не патрабуюць ніякай дадатковай апрацоўкі. Мы іх проста праціраем мыльным растворам, і яны гатовыя для перадачы», — зазначае суразмоўніца.
За 5 год існавання праекта ў расійскім горадзе атрымалася захаваць і перадаць ля 100 тысяч кніг у гарадскія бальніцы, турмы, школьныя бібліятэкі і іншыя ўстановы, дзе прымальна іх выкарыстанне. У Беларусі за тры месяцы лічба сабраных кніжных выданняў ужо наблізілася да 2000, і на прадпрыемстве ўпэўненыя, што іх колькасць будзе пастаянна расці, бо людзі ўжо самі тэлефануюць з просьбамі забраць кнігі з дому.
«Улічваючы, што мы ўручную забіраем макулатуру з кантэйнераў, то і самі кнігі сартыруем ад папяродых адходаў прама на месцы. Адзінае, пра што просім гараджан, каб па магчымасці звязваць кнігі асобнымі стосікамі ці класці ў пакецік, каб была большая верагоднасць захаваць іх добры стан. Усялякае ж можа быць, бо кантэйнер вялікі, іх могуць закідаць каробкамі, а хтосьці можа кінуць штосьці не тое і перапэцкаць іх ці пашкодзіць. А калі яны запакаваныя, то складваецца ўражанне, што нам іх перадаюць з рук у рукі», — кажа візаві.
Зразумела, што не ўсе кнігі, што патрапляюць у кантэйнер, ідуць на перадачу ў адпаведныя ўстановы, некаторыя з іх усё ж даводзіцца аддаваць на перапрацоўку. Звычайна гэта выданні, што маюць неэстэтычны выгляд, напрыклад, пагрызеныя хатнімі гадаванцамі, залітыя якім-небудзь напоем ці адсырэлыя, па якіх пайшла плесень.
Аднак, дзякуючы намаганням невялікага калектыву, свае «бібліятэкі» ўжо папоўнілі такія дзяржаўныя ўстановы, як Дом начнога знаходжання асоб без пэўнага месца жахарства, Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў №2 Мінска, Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў, Дом для вэтэранаў, састарэлых і інвалідаў, SOS-дзіцячая вёска ў Бараўлянах і установа адукацыі «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Партызанскага раёна г. Мінска».
У хуткім часе да ініцыятывы плануюць падключыць валанцёраў і зацікаўленых у дапамозе грамадзян любога ўзросту, бо кнігі патрабуюць не толькі першаснай сартыроўкі, але і тэматычнай:
«Нам тэлефануюць з Дома-інтэрната для пенсіянераў і інвалідаў і просяць перадаць ім мемуары. Зразумела, што дзіцячаму прытулку патрэбна будзе іншая літаратура, як і бальніцам. Мы спланавалі ўжо 15 тэматык, жанравае раздзяленне кніг, і ў гэтым нам вельмі патрэбная дапамога валанцёраў, як і для пошуку тых устаноў і арганізацый, каму могуць быць карысныя кнігі, так і ў іх перадачы», — дадае Лілія.
Самай галоўнай ўмовай перадачы кніг з'яўляецца тое, што выданні аддаюцца ўстановам на некамерцыйнай аснове і выключна для ўласнага карыстання, а не дзеля перапродажу насельніцтву ў далейшым.
«Для інтэрнатаў, асабліва для дзіцячых, гэта вялікая справа. Нам аддаюць шмат яркіх, маляўнічых выданняў, вучэбнай літаратуры ў харошым стане, якія на самой справе каштуюць грошаў», — падкрэслівае намеснік дырэктара ТАА «БЕЛГІПС-ЭКА».