Дзень вегана: Пасмакаваць сезонныя прадукты і пазнаёміцца з гароднінай

У сераду, 1 лістапада, адзначаўся Сусветны дзень вегана – аматараў расліннай ежы. Прычыны адмовіцца ад спажывання прадуктаў жывёльнага паходжання могуць быць розныя: этычныя – адмова ўдзельнічаць у сістэме жорсткага абыходжання з жывёламі, антыглабалістскія – нежаданне падтрымліваць карпарацыі, якія эксплуатуюць жывёл і  знішчаюць наваколле, і “модныя”, бо так робяць іншыя.

02.11.2017 Жыццё ў стылі «эка» Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

У гэтым годзе экалагічнае таварыства ''Зялёная сетка'' вырашыла далучыцца да светкавання. З гэтай нагоды разам з фуд-коўчарка і аўтаркай праекту ''Маміна ежа'' Ксеніяй Вятскай распрацавалі паўнавартаснае меню на два дні і прапанавалі паэксперыментаваць людзям далёкім ад веганства з расліннай ежай.

Сама Ксенія не прытрымліваецца веганскага спосаба харчавання, але пабачыўшы цікаўнасць да тэмы з боку іншых людзей, вырашыла прыняць удзел.

''Мне самой не хапае талерантнасці да тых, хто харчуецца нейкім іншым чынам. Заўважыла, што большасць не гатова прымаць такіх людзей. З іншага боку, усё, што мы ядзім, змяняе нашу псіхіку і асобу. Не заўсёды строгі веган камфортны ў стасунках з тымі, хто спажывае мяса. У грамадстве відавочна гэта раздзяленне'', – зазначае дзяўчына.

Некаторыя з рэцэптаў для эксперымента фуд-коўчарка узяла з уласнай праграмы дзетокс, якую Ксенія праводзіць ля чатырох год. У гэтай праграме людзі на працягу пяці дзён змяняюць рацыён харчавання і асноўнае – гэта адыйсці ад крупаў. Таму пэўныя пакуты ўдзельнікаў, звязаныя з гэтым, для дзяўчыны не былі навінкай. Новым стаў удзел мужчын у такім эксперыменце.

У асваім веганскім меню Ксенія зрабіла акцэнт на сезонныя прадукты, паставіўшы сабе задачу пазнаёміць беларусаў з гароднінай. Як адзначае фуд-коўчарка, на вялікі жаль, беларусы мала ведаю штосьці, акрамя бульбы з агурком, а калі і ведаюць, то, напрыклаў, упэўненыя, што моркву можна гатаваць толькі трыма спосабамі. Суайчыннікі не імкнуцца спалучаць розныя прадукты, прыдумляць стравы і выкарыстоўваць гародніну ў якасці  паўнавартаснай стравы.

''У сваёй прафесіі я выкарыстоўваю сезоннасць прадуктаў, для мяне гэта вельмі важна. Вядома, у меню двух дзён мы б маглі прапанаваць удзельнікам макароны ці дранікі з даданнем кораню пастэрнака. Але хіба мы ўсяго гэтага не елі? Нам жа хацелася пазнаёміць з новымі стравамі з чагосьці простага. А з улікам, што зараз у нашай краіне сезон карняплодаў, то на іх мы і засноўваліся ў сваім меню'', – тлумачыць фуд-коўчар.

У сваю чаргу дыетолаг і кансультант па харчаванню Іна Ражок больш скептычна ставіцца і да распрацаванага меню і да веганскай кухні ў цэлым.

''Першае, на што хочацца звярнуць увагу – дэфіцытнасць некаторых  элементаў. Напрыклад, прымяненне рапсавага алею ці льнянога – не кампенсуе Амега-3 тлустыя кіслоты, што  ўтрымліваюцца ў тых жа марскіх ліпідах. Нягледзячы на тое, што альфа-ліпоевая кіслата прысутнічае ў рапсавым, льняным алеях і арэхах, яна не ператвараецца ў патрэбную нашаму арганізму Амега-3 тлустую кіслату, а з'яўляецца толькі яго папярэднікам. Яшчэ заўважны недахоп бялковага кампанента, вітамінаў групы В, у прыватнасці В12'', – каментуе Іна.

На думку дыетолага, распрацаванае меню выдатнае, бо ў яго складзе правільныя прадукты, прыемнае на смак эстэтычна выглядаючае, але такое харчаванне больш прыдатнае ў разгрузачныя дні.

Чалавеку ж, якому хочацца выпрабаваць на сабе веганскі спосаб харчавання спецыяліст раіць быць больш уважлівым да магчымых наступстваў для здароўя. Такім чынам, неабходна дадаткова сілкаваць арганізм вітаміннымі комплексамі, уключаючымі ў сябе Амега-3  кіслату, аддаваць перавагу соі, бялок з якой найбольш падобны да жывёльнага і найлепш засвойваецца арганізмам.

Што цікава, жанчынам прасцей пераносіць веганскае харчаванне, бо хаця б на 40%, але раслінныя Амега метабалізіруюцца іх арганізмам, у адрозненні ад мужчынскага, сцвярджае дыетолаг. Такім чынам, нягледзячы, на большыя прыродныя нагрузкі на жаночы арганізм, ён лепш прыстасаваны для веганства.

''Так ці  іначай веганская дыета адгукнецца на арганізме, – упэўненна Іна. – Усё залежыць ад першапачатковага рэзерву здароўя, спадчынасці. Але з цягам часу дэфіцыт элементаў будзе накаплівацца і прыводзіць да пэўных наступстваў''.

Таму ў першую чаргу, кансультант па харчаванню заклікае да збалансаванага рацыёну.

І відавочна, што пераход на харчаванне выключна расліннымі прадуктамі ні ў якімі разе не павінны быць спантанным ці прымусовым.

''Важны момант, гэта як і з працай – варта разумець дзеля чаго ты гэта робіш. Таму веганства для мяне не зусім зразумела, дзеля чаго яно патрэбна'', – кажа Канстанцін Каверын, адзін з удзельнікаў эксперыменту, які прызнае, што на працягу двух дзён яму хацелася мяса (ён нават дазволіў сабе з'есці катлеты).

Пры гэтым у Канстанціна існуе свая тэорыя, што грунтуецца, па яго словах, на эвалюцыі і антрапалогіі і выдатна ўкладаецца ў яго карціну света. Згодна ёй, у свой час паміж чалавекам і жывёламі была заключана дамова, калі людзі даглядаюць і ўтрымліваюць жывёліну ў чысціні і сытасці, а яны ў замен ''аддаюць'' ім прадукцыю ў выглядзе малака, мяса і яек. Вядома, развіццём інтэнсіўнай жывёлагадоўлі, што мае глабальны характар, гэта дамоўленасць стала выглядаць нечалавечай з улікам жудкіх умоў утрымання.

''Вось з гэтай прычыны ёсць сэнс пратэставаць ці нейкім чынам выступаць, каб нагадаць людзям, што яны людзі'', – не адмаўляе гэтага аспекту праблемы Канстанцін.

Што ж тычыцца спажывання ў цэлым фермерскіх прадуктаў ці прадуктаў з рынка, то сваю сям'ю Канстанцін адносіць да кліентаў масмаркета, хаця некалькі спроб харчавацца з Камароўкі яго жонка Святлана рабіла.

''Мне падаецца, гэта сямейная традыцыя, што перадаецца ад пакалення да пакалення. Як напрыклад, Ксенія (Ксенія  Вятская – тлум. аўтара), якая ў дзяцінстве хадзіла з мамай на рынак і жыла паблізу, то вядома ў яе склалася такая культура. А як мы жылі на ўскрайку, добра, калі раз у год дабярэшся да рынка. І тое, прыязджаючы туды, цяжка зарыентавацца дзе што знайсці, ды й не заўсёды быў удалы вопыт'', – кажа Святлана.

У цэлым жа, сам эксперымент, як і майстар-клас, якім арганізатары і ўдзельнікі адзначылі сам Дзень вегана, усе лічаць цікавай, карыснай спробай вынесці нешта для сябе ў гастранаміі і кулінарыі.

''Мне падаецца дзеля таго, каб веганіць, акрамя таго, што ты павінны быць вар'ятам, у добрым сэнсе гэтага слова, неабходна крыху мець паварскога таленту'', – рэзюмуе Канстанцін.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 02.11.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.