02.12.2015 / 12:12

У Гродзенскай вобласці ў наступным годзе пачнецца распрацоўка адзінага турыстычнага брэнда. Пазнавальны і прывабны прадукт павінен дапамагчы ў прасоўванні турыстычных паслуг рэгіёну за мяжой. Пакуль жа прадстаўнікі мясцовых улад не ведаюць, што можа стаць брэндам. "Твой стыль" даведаўся ў гарадзенскіх спецыялістаў у розных галінах, якім яны бачаць брэнд Гарадзеншчыны.

Мечыслаў Супрон, вядомы гарадзенскi блогер

- Брэнд вобласці павінен быць універсальным для ўсяго абшару. Каб аднолькава пасавала як да Ліды ці Карэліч, так і да Гродна. Гарадзеншчыну па-іншаму называюць Панямоннем, бо практычна ўся тэрыторыя вобласці размешчана ў нёманскім водападзеле. Панямонне мае сваю, даволі непаўторную, а часам і ўнікальную, гісторыка-культурную адметнасць. Напэўна, візуалізаваны брэнд вобласці павінен улічыць гэтую акалічнасць.

Я бачу ў яго якасці наступны "сюжэт": Нёман, на беразе якога - зборны вобраз трох-чатырох гарадоў Панямоння (у выглядзе галоўных гарадскіх помнікаў архітэктуры гэтых гарадоў - гэта могуць быць гарадзенскі Фарны Касцёл або Каложа, Лідскі, Крэўскі Наваградскі і Мірскі замкі і іншае). Або можа быць разыграна тэма замкаў, бо на Гарадзеншчыне іх захавалася найбольш, кшталту "Гарадзеншчына - край замкаў".

У прынцыпе, такі брэнд будзе мець занадта вялікую сэнсавую нагрузку, а ён павінен быць запамінальным, каб яго мог ад рукі намаляваць кожны. Таму ёсць яшчэ адзін варыянт, каб выкарыстаць у вобразе брэнду нейкую жывёлу, якая ёсць толькі ў нашым рэгіёне. Зубр, сучасны герб вобласці, а ў мінулым губерні, ужо не актуальны, бо зубры больш распаўсюджаны на Брэстчыне. У якасці такога "непаўторнага" звярка можа выступіць суслік, або, калі быць дакладным, рабы суслік. Калісьці, у ХІХ ст., папуляцыя гэтых звяркоў была настолькі вялікай, што ў дакументах таго часу ўсур'ёз гаварылі пра нашэсце гэтага грызуна. Сёння ён занесены ў Чырвоную кнігу і знаходзіцца на парозе знікнення. Месца яго абітання - Карэліцкі раён.

Беларусь заняла второе место по агротуризму в конкурсе National Geographic Traveler

Андрэй Вашкевiч, гiсторык

- Мне задаюць такое пытанне не першы раз. Яшчэ раз паўтаруся: мяне больш цікавіць не сам брэнд, а працэс яго стварэння. Я перакананы, што над брэндам горада i вобласцi павінны працаваць мясцовыя мастакі, а яшчэ лепш – усе зацікаўленыя гарадзенцы, з максімальным прыцягненнем творчых людзей, моладзі, студэнтаў. Калі б прапанавалі нават невялікую прэмію за ідэю брэнда, то яго стварэнне стала б не самамэтай, каб зарабіць, а добрым сродкам актывізацыі грамадскай думкі і разумення таго, што трэба захоўваць сваю спадчыну.

Не факт, што мы пабачылі б нешта ідэальнае ў выніку, але ў любым выпадку было б цікава паглядзець, напрыклад, на выставу пад адкрытым небам, прысвечаную ідэям і канцэпцыям гарадзенскага брэнду, паўдзельнічаць у дыскусіях, прысвечаных гэтай тэме. Гэта само па сабе было б вельмі каштоўна і стала б першым крокам да таго, каб мы вынайшлі сапраўды цікавую і ўнікальную фішку горада i вобласцi. Брэнд – гэта не штосьці адно, гэта розныя цікавыя эпізоды з нашай гісторыі, вакол якіх можна было б ствараць станоўчы імідж Гродна.

Таццяна Касатая, гісторык, экскурсавод

- Брэнд - гэта комплексны падыход да месца, з'явы, прадукта. Гарадзенская вобласць вельмі розная: тут і прырода, і архітэктура, з замкамі і храмамі. Калі нават па адным толькі Гродне можна абраць некалькі шляхоў да складання брэнду, то па вобласці яшчэ скаладаней сказаць. Зараз вобласць збольшага вядомая сваім памежным становішчам. Гэтая памежнасць і яе магчымасці маглі б стаць брэндам. Да памежнасці можна было б далучыць і замкі, і храмы, тое, што нас злучае з Захадам, але і са сваім мясцовы каларытам, і, канешне, рэальнае злучэнне - Аўгустоўскі канал.

Дзмітрый Вінчэўскі, арнітолаг

- Няхай будзе зубр - амаль ніхто не ведае, што ў нас у 30 км ад Гродна жыве пад 200 зуброў і іх можна круглы год убачыць амаль без праблем. Ніякая Белавежская пушча не параўнаецца з заказнікам Азёры. Таксама можна i муры Крэўскага замку - месца і сам замак унікальныя і для нас, і ўвогуле. Ну і нешта звязанае з мірнай шматканфесійнасцю нашай зямлі: хрысціянскія сімвалы розных канфесій, мусульманскі паўмесяц, зорка Давіда і нешта для язычнікаў. Што тычыцца птушак, то характэрнай толькі для нас птушкі няма, калі толькі чырвоны каршун - ён гняздуе ў Беларусі толькі ў нас, але наколькі ён будзе цікавы турыстам з Захаду, сказаць цяжка.

Аляксандр Перагудаў, студэнт, дызайнер

- Заява абласных уладаў аб распрацоўцы брэнду не можа не радаваць - пры пісьменнай стратэгіі гэта станоўча адгукнецца на развіцці індустрыі турызму ў рэгіёне. Аднак варта разумець, што брэнд - гэта не толькі яркі лагатып і слоган. Брэнд вобласці павінен быць лёгка запамінальным, добра вядомым, але ў той жа час паказваць унікальнасць Гарадзеншчыны. Асабіста для мяне рэгіён асацыюецца з краем замкаў, і я думаю, пры стварэнні брэнда вобласці гэта можа ўлічвацца. Пытанне гэта дыскусійнае, таму важна, каб прысутнічала грамадскае абмеркаванне, улічвалася меркаванне жыхароў.

Источник:
Автор:
Фотограф:
belarus.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость