03.04.2015 / 18:04

Якімі былі старадаўнія паркі каля беларускіх сядзібаў? Што высаджвалі мясцовыя садоўнікі і якія расліны лічыліся найбольш прыдатнымі для нашага клімата? Пра гэта мы паразмаўлялі з  ландшафтнай дызайнеркай Янай Марчук.

- Якія сядзібы, на твой погляд, самыя цікавыя і чаму? Што было раней ў гэтых сядзібах, што страчана, а што захавалася?

- Калі пачаць з Гродна, то нельга не ўзгадаць каралеўскую рэзідэнцыю Станіславова – познебарочны ансамбль архітэктара Джузэпэ Сака, цяпер там корпус аграрнага ўніверсітэта. Будынкі палаца і флігеляў захаваліся добра, разам з рэшткамі невялікага сада за палацам. Іншы твор каралеўскага архітэктара – раскошны Свяцк, які належаў Валовічам. Будынкі захаваліся добра, дзякуючы рэстаўрацыі ў 1930-х і вялікаму шанцаванню ў ваенны час. Зараз у планах распачаць рэстаўрацыю ансамбля. Пейзажны парк у Свяцку мае адметную вялікую водную сістэму з некалькіх сажалак. Вядомае Залессе Агінскіх, класіцыстычны палац якога быў нядаўна адноўлены. Вельмі адметны палац Умястоўскіх у Жэмыслаўлі – копія Варшаўскіх Лазенак. А яшчэ дзятлаўскі палац Радзівілаў, збудаваны на месцы замка Астрожскіх. Класіцыстычны парк выражаў матывы ідэальнага пастаральнага жыцця.

Свяцк
Свяцк

- Наколькі складана аднаўляць паркі і сядзібы?

 - Аднаўляць паркі і сядзібы можна, але не ва ўсіх выпадках гэта трэба. Калі захаванасць сядзібы дастатковая, хапае гістарычных сведчанняў, праведзеныя патрэбныя даследванні – тады гэта будзе навуковая рэстаўрацыя – сапраўднае вяртанне каштоўнасці.

Іншая справа, калі засталіся толькі руіны ці падмуркі і не вядома, як выглядалі будынкі ці парк. Мажліва, будзе дастаткова толькі кансерваваць рэшткі пабудоваў, ахаваць каштоўныя дрэвы і такім чынам захаваць сляды шляхецкай сядзібы. Гэта лепей за суцэльную адбудову паводле фантазій і меркаванняў.

- Ці можаш прыгадаць якія легенды, паданні, звязаныя з якімі-небудзь паркамі і сядзібамі?

- Адразу ўзгадваюцца вядомыя легенды пра прывіды Чорнай панны Нясвіжа або Белай панны Лошыцы (прывід Ядзвігі Любанскай, якая патапілася ў паркавай сажалцы, не вытрымаўшы няшчаснага кахання). Чамусці шмат легендаў, звязаных з паркамі, вельмі трагічныя. Як распавядаюць пра Мірскі замак: у канцы 19 стагоддзя на месцы Мірскага возера быў яблыневы сад. Князь Святаполк-Мірскі  загадаў гэты сад высекчы, і было тое ў час самое квецені дрэваў. Але ніхто з жыхароў мястэчка не пагадзіўся: губіць дрэва ў квецені, усё адно што губіць маладое жыццё, - вялікі грэх. Тады князь высек некалькі яблыняў сам, а рэштай заняліся нанятыя ім людзі. Калі ж сталі капаць возера, пачаліся няшчасці, і загінула шмат людзей. Сярод іх быў сын мясцовай ведзьмы. Яна пракляла возера, сказаўшы: “Няхай у гэтым возера загіне столькі чалавек, колькі было высечана дрэваў”. Кажуць, пасля гэтага, сапраўды, у Мірскім возеры патапілася шмат людзей.

Сноў
Сноў

- Якія сядзібы можна паказаць замежнікам ужо зараз, каб не было сорамна?

- Працы ідуць, пакрысе мы вяртаем усё больш аб’ектаў. Напрыклад, нядаўна адкрылі палац у Залессі Агінскіх, чакае сваёй чаргі парк. На фінішы Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх, хутка працы павінны распачацца ў Свяцку. Адраджаюцца нешматлікія сядзібы, якія перайшлі ў прыватныя рукі. Практычна адноўленыя Краскі. Ідуць працы ў Падароску, дзе пасля рэстаўрацыі плануецца адкрыць гатэль і музей Беларускай шляхты.

 - Параўнай рэальную колькасць паркаў і сядзіб на Гарадзеншчыне з тымі, якія ўнесены ў спіс. Як ацэніш дзяржпалітыку ў дачыненні да іх аховы?

 - На Гарадзеншчыне захавалася найбольшая колькасць сядзібаў. Вядомы даследчык А.Т.Федарук зафіксаваў у нашае вобласці 600 аб’ектаў, што ў два разы болей за Берасцейшчыну. А вось у Дзяр­жаў­ны спіс гіс­то­ры­ка-куль­тур­ных каш­тоў­нас­цяў у­не­се­на агулам 173 шля­хец­кія ся­дзі­бы, са ўсяе краіны. Гэта, канешне, вельмі малая частка.

З іншага боку, унесці аб’ект у спіс не значыць выратаваць яго. Канешне, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці накладае пэўны рэжым аховы і выкарыстання, і, паводле закона, яе ўласнік мае клапаціцца пра яе захаванне. Але ў рэчаіснасці рукі ў дзяржаўнай структуры, на балансе якой знаходзіцца сядзіба (ці тое, што ад яе засталося), часта не даходзяць. Добрае рашэнне прадаваць сядзібы па сімвалічных коштах прыватным уладальнікам з умовай аднаўлення па ўсім правілам. Але гэта вельмі дарагія працы, таму жадаючых пакуль мала.

 - Раскажы пра дрэвы ў сядзібных парках.

 -Паркі стваралі з мясцовых і экзатычных парод. З мясцовых дрэваў у нашых сядзібах выкарыстоўвалі ліпу, дуб, клён, граб, ясень, лём, елку. Экзатычныя расліны сталі моднымі ў нашых парках з другой паловы 19 стагоддзя: садзілі лістоўніцу, конскі каштан, арэх, хвою Веймутаву, піхту і іншыя пароды. Натуральна, экзоты не так добра захаваліся, як мясцовыя дрэвы, таму рэдкія старыя экземляры асабліва каштоўныя. Некаторыя нават маюць статус помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння: напрыклад, конскі каштан васьмітычынкавы ў Райцы або ясень пенсільванскі аукубалісты ў Жэмыслаўлі. Акрамя таго, цэлыя паркі з-за сваіх каштоўных дэндралагічных калекцый і добрай захаванасці дрэваў таксама названыя помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння: парк у Бальценіках, Уселюбе, Міры, Залессі, Вялікім Мажэйкаве, Свяцку.

- Як бачыш паркавую справу ў вялікіх гарадах, бо ў Беларусі яе фактычна няма?

- Я бы не сказала, што гарадскімі паркамі ў нас зусім не займаюцца. Праводзяць рэканструкцыі, будуюць новыя аб'екты. Іншае пытанне – як гэта робяць. Тут я не кажу пра гістарычныя паркі ў рысе горада, бо да іх мусіць быць цалкам іншы падыход. Іх гістарычная вартасць павінна ўлічвацца ў першую чаргу. Што тычыцца сучасных аб’ектаў, то ў іх не хапае інфраструктуры, добрага дызайну, таму іх патэнцыял яшчэ не выкарыстоўваецца напоўніцу сучаснымі гараджанамі.

 - І пытанне наконт турызму ў гэтай сферы: чаго не хапае, каб ён развіваўся? Што трэба зрабіць для гэтага? Ці могуць сядзібы стаць фішкай, рызынкай Беларусі ў турыстычнай Еўропе?

 - Наконт развіцця турызму, думаю, нічога новага не скажу. Каб людзі ехалі да нас, трэба мець, найперш, што паказваць. Умець распавесці, хто мы такія і адкуль пайшлі, чым адрозніваемся ад суседзяў і чым ганарымся. Трэба прэзентаваць сваю спадчыну цікава і інтэрактыўна. І канешне, развіваць інфраструктуру – каб было дзе спыніцца, паесці, пераночыць – на годным узроўні. Мы былі шляхецкай краінай, і гэта бясспрэчна даводзяць больш чым за тысячу сядзібаў, што дайшлі да нашых часоў. Яны былі лакальнымі культурнымі цэнтрамі, увасаблялі філасофію, мастацтва, моду, густы і лад жыцця свайго часу. Вельмі адметна, што мы маем такую іх колькасць і разнастайнасць. Я лічу, што сядзібы –не толькі нашая разынка, гэта наш вялізны ўнёсак у еўрапейскую культуру.

Автор:
Фотограф:
Вольга Корсун, radzima.org
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость