03.09.2019 / 10:09

У Клічаве, невялічкім гарадку Магілёўскай вобласці, 31 жніўня прайшоў эка-арт фестываль “Вастравы Дулебы”. Мерапрыемства атрымала гэткую ж назву, як мае заказнік, не такі знакаміты, як Ельня, але адтаго не менш цікавы.

На фестывалі “Вастравы Дулебы” ў Клічаўскім гарадскім парку можна было пабачыць пляцоўкі амаль ад усіх устаноў культуры раёна, шмат гасцей. Акрамя звыклага гандлю рознай драбязой – Аршанскі дом рамёстваў, пітомнік сажанцаў пад Барысавам…

Івэнт-агенства “Берсерк” з Мінска прывезла рэканструктараў розных эпох: славян і вікінгаў ранняга Сярэднявечча, рыцараў часу бітвы пад Грунвальдам, англійскіх лучнікаў, шатландскіх наймітаў і шляхту Радзівілаў XVII стагоддзя, салдатаў эпохі Напалеона і часоў Другой сусветнай вайны.

Працавала дзве сцэны, якія нейкім дзіўным чынам адна адну не глушылі. На іх выступілі гурты “Хмельны вір”, “Яварына”, “Няміга”, “Nevrida”, “Yann Zhanchak”, Кацярына Ваданосава з Fantasy Orchestra. Паралельна прайшоў рок-фестываль “Водгук Вольсы”, потым – дыскатэка.

Ініцыятыва правесці фестываль належыць Клічаўскаму райвыканкаму, як распавёў Аляксандр Рак, дырэктар івэнт-агентства “Экстрым-тэатр “Берсерк”. Яго арганізацыю ўжо другім разам запрасілі зрабіць дзённую праграму.

Першы фестываль “Вастравы Дулебы” прайшоў у 2016 годзе, і тады таксама “Берсерк” адказваў за паказальныя баі рэканструктараў і часткова – за музычнае суправаджэнне. Падобныя праекты агентства мае з Мсціслаўскім райвыканкамам (Мсціслаўскі фэст) і Мінскім гарвыканкамам (фестываль “Менск старажытны”, пройдзе ў межах Дня горада 14 – 15 верасня).

Экстрым-тэатр мае таксама праекты, зробленыя з уласнай ініцыятывы, кшталту фестываляў “Наш Грунвальд”, “Halloween”, “Самайн” (пройдзе 26 кастрычніка ў мінскім Батанічным садзе). Аляксандр спадзяецца на працяг супрацоўніцтва з Клічаўскім райвыканкамам і што фестываль “Вастравы Дулебы” стане штогадовым.

Клічаўскі краязнаўчы музей на фестывалі зрабіў інфармацыйны стэнд пра дулебаў і гідралагічны заказнік, прадаваў тэматычныя сувеніры.

У нас дзейнічае зал прыроды і экалогіі, дзе мы расказваем пра багацце раёна: чвэрць прыродаахоўных тэрыторый Магілёўскай вобласці даводзіцца на Клічаўшчыну, у параўнанні з іншымі раёнамі Магілёўшчыны ў нас самыя вялікія плошчы пад аховай, 16 % клічаўскай зямлі, – распавядае дырэктарка музея Наталля Храмянкова.

– У будынку музея зроблены зімовы сад. Растуць лімоны, сёлета пладаносіла манстэра, а гэта даволі рэдкая з’ява. Зімовы сад быў у памешчыка Незабытоўскага, які меў палац у вёсцы Бацэвічы Клічаўскага раёна. Там раслі нават фінікавыя пальмы!

Таму ў музейным зімовым садзе мы дэманструем і рэчы эпохі Незабытоўскага, канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Пры музеі дзейнічае аптэкарскі гарод. Мы не даем рэкамендацый, адно распавядаем пра расліны, іх уласцівасці. Згадваем казкі і легенды пра расліны, каб экскурсанты знаёміліся і з фальклорам”.

Клуб Максімавічы
Клуб Максімавічы

Ахвочым паглядзець на Вастравы Дулебы варта звязвацца з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама. Мы ў музеі толькі распавядаем пра заказнік, але не арганізуем туды вандровак, – дадае супрацоўніца музея Ірына Мароз.

– Цікавостак вельмі шмат. Напрыклад, на Вастравах Дулебы расце мядзведжая цыбуля, яна ж чарамша. Здавалася б, звычайная трава для салатаў. Але не так лёгка яе вырасціць! Стэнд, падрыхтаваны для фестывалю, плануем выкарыстоўваць на музейных занятках”.

Ірына Мароз
Ірына Мароз

Бібліятэкары раёна зрабілі пляцоўку з мясцовымі стравамі і напоямі, падрыхтавалі буклеты пра карысныя для здароўя зёлкі. Установы культуры таксама зрабілі кулінарныя падворкі. У свяце ўдзельнічалі мясцовыя рамеснікі, давалі майстар-класы.

Валянціна Нікіціна і Жана Шыдлоўская
Валянціна Нікіціна і Жана Шыдлоўская

Жана Шыдлоўская, настаўніца працы з вёскі Пярэкаль Клічаўскага раёна, паўтары гадзіны вучылася рабіць ляльку з анучак.

Задавальненне атрымала касмічнае, мо большае, чым калі б палятала на верталёце, – кажа жанчына. – Учора мы з майстрыцай Валянцінай Нікіцінай бачыліся ў Клічаве на канферэнцыі. Я паглядзела на яе вырабы – і вырашыла навучыцца рабіць такія ж, каб потым навучыць дзяцей у школе.

Мы прыехалі на свята ўсёй сям’ёй, з дзецьмі і ўнукамі. Выправіла іх гуляць, а сама занялася лялькай. Унутры ў яе нашы мясцовыя зёлкі. З дзецьмі ў школе праводзім заняткі па ашчадным прыродакарыстанні, робім падзелкі з натуральных матэрыялаў”.

Для клічаўцаў фестываль “Вастравы Дулебы” стаў вялікай падзеяй, назаўтра яго абмяркоўвалі на прыпынках і вакзале. Дзякуючы разнастайнасці праграмы атрымалася прыцягнуць розныя катэгорыі гараджан. Кожны знайшоў нешта на свой густ.

 

“Балоты дзікія, шырокія, як стэп”

Вастравы Дулебы – гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння. Месціцца на тэрыторыі Клічаўскага (большая частка) і Бялыніцкага раёнаў, памерам каля 266 км2. Гэта троху менш за плошчу Мінска. 11 % паверхні займаюць вярховыя і пераходныя балоты, 76 % – лясы, астатняя – азёры, лугі і пусткі.

Тут шмат чырвонакніжных відаў: 12 –раслін, 4 – жывёл і 16 – птушак, у тым ліку барсук, буры мядзведзь, рысь, чорны бусел, шэры журавель, змеяед, лілея кудраватая, цыбуля мядзведжая (чарамша), касацік сібірскі (від дзікага ірыса), агулам вялікая біялагічная разнастайнасць.

На Вастравах Дулебы гняздуецца 118 відаў птушак (больш за палову агульнабеларускага складу). Заказнік мае міжнародны статус, ахоўваецца Рамсарскай канвенцыяй аб водна-балотных угоддзях.

Лясы ў Клічаўскім раёне такія, што тут падчас Другой сусветнай вайны хаваўся Магілёўскі падпольны абкам партыі і была створана Клічаўская партызанская зона, непадкантрольная немцам – адна з самых буйных у Беларусі.

А вось як апісвае лясы і балоты сваёй малой радзімы пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч (1900 – 1964), які нарадзіўся на ўжо няісным хутары Хмары ля вёскі Перасека Клічаўскага раёна (яе таксама ўжо няма, бліжэйшы населены пункт – Убалаць, і тая вымірае).

Балоты дзікія, шырокія, як стэп, берагі іх урадлівыя на журавіны”; “Лясы ў нас бяскрайнія, старыя і вельмі багатыя”; “Лес быў густы, нечапаны. Камлі елак асін і дубоў удваіх не ахапіць, а верхавіны, здавалася, да неба даставалі”.

Першая частка назвы заказніка “Вастравы Дулебы” апісвае яго рэльеф: астравы, парослыя лесам, сярод балот. Другая частка адсылае да назвы племені дулебаў, якое даўней жыло ў гэтых мясцінах. Наконт дакладнага часу і лакалізацыі рассялення, прарадзімы дулебаў існуюць вельмі розныя думкі.

Даследчыкі сыходзяцца на тым, што гэта славянскае племя ці саюз плямёнаў, якое папярэднічала лепш вядомым з летапісаў дрыгавічам, валынянам і бужанам. На тэрыторыі заказніка і блізкай да яе дулебы пакінулі па сабе назвы балота Дулебскае, ракі Дулебка, весак Дулебня (Клічаўскі раён) і Дулебы (Бярэзінскі раён), прозвішча Делебенец.

 

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость