У цмянай і прапахлай паркетным лакам актавай зале Сярэдняй школы №28 сабралася не так шмат людзей, каб заслухаць планы метрапалітэна па ўзвядзенні сямі станцый і справаздачу па ўздеянні будаўніцтва і эксплуатацыі дадзенага аб'екта на навакольнае асяроддзе, і па магчымасці ўдакладніць хвалюючыя пытанні.
Уздзеяння не будзе, а дзе нанясецца шкода — прадугледжана кампенсацыя
Першым слова ўзяў прадстаўнік заказчыка — галоўны інжынер праекта "Мінскметрапраект" Павел Непачаловіч . Вельмі бегла і манатонна ён абазначыў чэргі будаўніцтва другога ўчастка трэцяй лініі метро ад станцый Юбілейная да станцыі Лагойская і пашырэння электрадэпо "Слуцкае", якое зараз будуецца для першага ўчастка трэцяй лініі метро. А затым перадаў чаргу выступа Наталлі Томінай, кіраўніцы групы гідраэкалогіі Інстытута прыродакарыстання НАН РБ.
На самым пачатку справаздачы спецыялістка абазначыла асноўныя кампаненты наваколля, для якіх праводзіцца ацэнка ўздзеяння будаўніцтва і эксплуатацыі "такога важнага для горада аб'екта, як метрапалітэн".
Сыходзячы са словаў Наталлі Томінай, уздзеяння на атмасфернае паветра ад работы тэхнікі ў працэсе пракладкі тунэляў і ўзвядзення станцый, а таксама работы вентыляцыі пры далейшай эксплуатацыі — не будзе. Пра гэта сведчыць разлік, які не выявіў прывышэння дапусцімых канцэнтрацый шкодных выкідаў.
Не адбудзецца ўздзеяння і на глебу, згодна са справаздачай аб АУНА. Праектам прадугледжана выкарыстанне знятага глебава-расліннага слоя для добраўпарадкавання прылягаючых тэрыторый, якія закране працэс будаўніцтва.
Ніякім чынам не паўплывае другі ўчастак трэцяй лініі метро ні на гідралагічны рэжым, ні на якасць паверхнявых і грунтовых вод, запэўніла спецыялістка. На тых жа ўчастках, дзе растуць зялёныя насаджэнні і магчыма паніжэнне грунтовых вод у працэсе будаўніцтва, рэкамендуецца праводзіць паліў у засушлівыя гады для папаўнення дэфіцыта вільгаці.
"Жывёльны свет Мінска прадстаўлены ў асноўным пацукамі і птушкамі. У пойме ракі Свіслач можна сустрэць курапатак і вадаплаваючых птушак. Таму ўздзеяння на жывёльны свет у нас не прагназуецца. Тым больш, што пры праходжанні ракі будаўніцтва будзе весціся падземным спасабам і абмежаваны перыяд часу", — зазначыла Наталля Томіна.
І ўсё ж у справаздачы прысутнічае разлік кампенсацыі шкоды рыбным запасам ракі Свіслач. Хаця, як падкрэсліла прадстаўніца Нацыянальнай акадэміі, ніякіх каштоўных відаў вядома ў рацэ няма, ды й ловам яе займаюцца хутчэй для хобі, чым для харчавання.
Прадугледжанны кампенсацыйныя мерапрыемствы пры выдаленні расліннага свету — зялёных насаджэнняў, што патрапляюць у пляму забудовы метрапалітэна.
"Для агульнага развіцця вам раскажу. На тэрыторыі горада Мінска аб'яўлены наступныя асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі: біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння "Лябяжы", Цэнтральны батанічны сад, геалагічны помнік рэспубліканскага значэння Парк камянёў. Акрамя таго на тэрыторыі Мінска аб'яўлены помнікамі прыроды мясцовага значэння наступныя аб'екты: дубрава Ліпавы масіў "Белая дача", векавая алея — зялёная зона ля вуліцы Казінца, векавая дубрава парка Курасоўшчына, векавы дуб ля жалезнай дарогі па вуліцы Казінца, клёны і ясень Аляксандраўскага сквера, ліпа Губернатарскага сада и патоля-волат ў Дзіцячым парку імя Горкага. Праектуемая траса метрапалітэна не закранае асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі і іх ахоўныя зоны. У непасрэднай блізасці да новай лініі метро знаходзяцца музейна-паркавы комплекс "Перамога" і Парк Дружбы народаў. Аднак вы самі бачыце, што некаторыя помнікі прыроды знаходзяцца непасрэдна ля асноўнай лініі і ніякага ўдзеяння для іх не назіраецца", — упэшніла яна.
У раёне параходжання трэцяй лініі маецца некалькі гісторыка-культурных помнікаў. Аднак усё ж яны не знаходзяцца ў непасрэднай блізасці, і траса не закранае ні зону рэгулявання іх забудовы, ні ахоўную. Адзіным помнікам, па прагнозным разлікам, што знаходзіцца ў магчымай зоне ўдзеяння прасадкі з'яўляецца мемарыяльны комплекс "Яма". Але гэта толькі магчымасць, упэўніла прадстаўніца акадэміі навук.
"Такім чынам усе кампаненты наваколля ўпісваюцца ў нас у нарматывы і абмежаванні, якія прад'яўляюцца дадзенаму аб'екту", — рэзюмавала Наталля Томіна свой выступ.
"Не хачу адказваць на пытанне. Падавайце ў пісьмовай форме"
У цэлым усё абмеркаванне праходзіла ў даволі ціхай форме, без раптоўных выкрыкаў з залы і эмацыйных заўваг. І ў час калі можна было задаць удакладняючыя пытанні іх апынулася не так шмат з боку аўдыторыі.
Адным з першых, чым пацікавіліся ўдзельнікі абмеркаванняў ці будзе нанесена шкода Парку Дружбы народаў. Наталля Томіна ўпэўніла, што гэта зялёная зона не патрапляе ў пляму забудовы. Пад ёй будзе праходзіць толькі тунэль, сама аднайменная станцыя выносіцца за межы парка.
– Змяншэння тэрыторыі парка не будзе?, — удакладнілі з залы.
– Не будзе, парк не змяншаецца, — падцвердзіла яна.
Аднак экалагічнае пытанне не адпускала людзей. Жыхар з мікрараёна Зялёны луг, як ён сам прызнаўся, больш усхваляваны не зносам прыватнага сектара, а тым, што падобныя дзеянні прывядуць да пагаршэння экалагічнай сітуацыі праз змяншэнне зялёнай зоны горада.
"Ну чаму ж экалогія стане горш? Прыватны сектар — гэта ўнясенне ўгнаенняў, выграбныя ямы, гной праз што забруджваюцца грунтовыя воды, а затым і пітныя", — узялася разважаць Наталля Томіна.
Вядома яе словы выклікалі хвалю абурэння сярод прысутных у зале. Людзі пачалі аспрэчваць не толькі нізкую культурна-гаспадарчую ацэнку прыватнага сектара, але і сцвярджэнне, што экалагічная сітуацыя ніякім чынам не зменіцца.
"Для горада Мінска распрацаваны план азелянення тэрыторыі і палічаны нарматывы. І нарматывы нават пры зносе прыватнай забудовы выконваюцца. А выдаленыя аб'екты расліннага свету падлягаюць кампенсацыйным пасадкам", — зрабіла яна другую спробу пераўпэўніць людзей.
Але зала загула як вулей, пакуль слова не ўзяў юрыст грамадскага аб'яднання "Экадом" Рыгор Фёдараў. Першае, на што ён звярнуў увагу прысутнай камісіі і ўдзельнікаў абмеркаванняў, — сэнсавыя недакладнасці ў тэксце справаздачы:
"Калі я не памыляюся, на 18 старонцы напісана, што станцыя "Пярэспа" будзе на перасячэнні вуліц Варвашэні і Багдановіча, і на 47 старонцы — станцыя "Вакзальная" на глыбіні 20 метраў. Ну прабачце… Гэта да таго, што не павінна быць недакладнасцяў".
Аднак юрыст і сам прызнаў, што гэта моманты, якія лёгка спраўляюцца. Найбольш жа яго зацікавіла інфармацыя пра чырвонакніжнікаў, а дакладней пра іх адсутнасць на тэрыторыі ўзвядзення трасы метрапалітэна. Бо, як заначыў прадстаўнік грамадскага аб'яднання, у справаздачы адсутнічаюць даведкі на гэты конт і ў спісе літаратуры няма нават спасылкі на Чырвоную кнігу Беларусі.
"Усе работы па выяўленні месцаў пражывання і вырастання чырвонакніжных відаў праводзіць у нас навуковы інстытут. Даведкі ім ні ад кога атрымоўваць не трэба, бо гэта адзіная ўстанова, што праводзіць такога кшталту работы і даследуе тэрыторыю Мінска на наяўнасць рэдкіх відаў, — узялася заступіцца Наталля Герасімовіч, начальніца аддзела экалагічнага рэгулявання выкарыстання тэрыторый, інфармацыі і прапаганды экалагічных ведаў Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Спасылку на апошнюю работу, якую правёў інстыту, пры ўліку вашай заўвагі, можна ўставіць".
Наступнае, што намерыўся ўдакладніць Рыгор Фёдараў, — абмеркаванне справаздачы аб АУНА на ранняй стадыі праекта, што, відавочна, не дась магчымасці паўторна абмеркаваць канкрэтныя праектныя рашэнні.
"Як будзе размяшчацца станцыя "Парк Дружбы народаў"? Што значыць на перасячэнні? (згодна з праектам першапачаткова станцыю запланавалі на перасячэнні вуліц Сурганава і Багдановіча, — дадатак аўтара)", — запытаў ён.
Для нагляднасці Павел Непачаловіч прапанаваў падысці да стэнда, каб усё паказаць. Аднак Рыгор прыпыніў памкненні чыноўніка, папрасіўшы дакладна сказаць, дзе і якім чынам будзе арганізавана будаўнічая пляцоўкі для станцыі.
"Рух перакрыты не будзе, будзе арганізавана развязка, аб'езд. Будзе распрацаваны праект, узгоднены з ДАІ. Тэхнічныя патрабаванні дарожнай інспекцыі ў нас ёсць і дазвол на арганізацыю аб'езда мы атрымалі", — раптоўна заявіў прадстаўнік "Мінскметрапраект".
У сваю чаргу Рыгор Фёдараў указаў на тое, што такога кшталту мерапрыемствы маюць прамы ўплыў на наваколле. Аднак чыноўнік не здаваўся, сцвярджаючы, што ландшафт не будуць закранаць вельмі моцна.
"Што значыць "вельмі моцна"? У вас будуць арганізаваны аб'езды праз тэрыторыю Парка Дружбы народаў. Вы там выдаліце цэлы шэраг насаджэнняў", — абурыўся юрыст.
Зрэшты Павел Непачаловіч здаўся і падцвердзіў, што высечка ў парку ўсё ж праводзіцца будзе. Вядома яна будзе мінімальнай, упэўніў ён.
"У далейшым будзе праведзена таксацыя і адназначна праведзена аднаўленне зялёнай зоны і насаджэнняў. Гэта будзе асобны праект аднаўлення".
Аднак людзей абурыла такая перспектыва. Тым больш, спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук першапачаткова сцвердзілі, што парк застанецца некранутым у працэсе будаўніцтва. Ды й даць лічбу няхай сабе і часткова высечкі чыноўнік адмовіўся.
"Калі вас так цікавіць, звяртайцеся ў пісьмовай форме. Мы нават схему вам прыкладзем. Зараз я не хачу адказваць на гэтае пытанне", — катэгарычна заявіў ён. Праўда праз нейкі час галоўны інжынер справіўся, указаўшы, што адказ зараз даць немагчыма, бо дакладных лічбаў ён не памятае.
"Калегі, я ўношу прапанову аб дапрацоўцы АУНА. У тым плане, каб стала зразумела, якой будзе высечка зялёных насаджэнняў на тэрыторыі Парка Дружбы народаў. Так як на дадзены момант у справаздычы маецца важны і не ўлічаны момант уплыву на навакольнае асяроддзе", — перахапіў ініцыятыву Рыгор Фёдараў.
Аднак на гэтым грамадскае абмеркаванне другога ўчастка трэцяй лініі метро і скончылася. Хтосьці падышоў разгледзець дробную схему плануемай трасы метрапалітэна, хтосьці паспяшаўся да стала прэзідыўма перакінуцца словам з камісіяй, іншыя ж пайшлі дадому.
Асаблівага інтарэсу і ажыятажу праект у грамадскасці не выклікаў. Вядома, гэта толькі пачатковы этап яго рэалізацыі. І ўсталяванай практыцы людзі спадхопяцца, калі па горадзе разрыюць катлаваны.
"У тэксце справаздачы ніякім чынам не адзначана пра ўдзеянне на Парк Дружбы народаў. Фактычна гаворка ідзе пра тое, што праз яго будзе арганізаваны аб'езд на тым кавалку Багдановіча, што будзе перакрыты на час будаўніцтва", — удакладніў Зялёнаму парталу Рыгор Фёдараў.
"Гэта тычыцца не толькі парка. У цэлым не паказана траса метрапалітэна і якія зялёныя тэрыторыі будуць закранацца. Хаця прыкладна ўжо можна сказаць. Тым больш, што паўторнага абмеркавання справаздачы аб АУНА не будзе. Нават не вядзецца размовы пра абмеркаванне дапрацаванага дакумента", — зазначыла Таццяна Сініца, юрыст ГА "Экадом".