«Мы ўлічылі вопыт мінулага «Пастэрнака» і на гэты раз зрабілі акцэнт на ежы. На маркеце ёсць каля 5-6 кропак, дзе можна набыць вегетарыянскія, веганскія і прадукты для сыраедаў. Але не забылі і пра касметыку», — распавядае Ўладзімір Маляўка, адзін з арганізатараў экамаркету «Пастэрнак».
Удзельнікаў на маркет шукалі сіламі інтэрнэту, і, на здзіўленне, асабліва шмат адгукнулася людзей праз сацыяльную сетку Instagram, а таксама праз публічную рэкламу. Адзіным патрабаваннем як да ўдзельнікаў, так і спонсараў «Пастэрнаку» арганізатары выстаўлялі экалагічнасць і «чысціню» ад хіміі.
На стэндах наведвальнікі маглі знайсці для сябе цікавыя травяныя і чайныя зборы, «зялёную» касметыку, экалагічныя сродкі для дому, а таксама прадэгустваць натуральныя сокі і вегетарыянска-веганскія стравы. Прычым усім экспанентам «Пастэрнаку» была магчымасць 15-хвіліннага майстар-класу і прэзентацыі, пасля якіх кожная кропка ў літаральным сэнсе абрастала зацікаўленымі кліентамі.
«На маркеце мы прадстаўляем краму прыроднай касметыкі «I Green». У нашым асартыменце даволі шырокі выбар раслінных сродкаў, якія цалкам здольныя замяніць сінтытычныя і хімічныя тавары для асабістай гігіены, а таксама бытавых сродкаў для дома, — прэзентуе прадукцыю стэнда Юлія Кашапава. — У прыватнасці, мы прапануем мыльныя арэхі, адзін гатунак якіх прыдатны для мыцця цела і галавы, а другі — для бялізны і прыбірання кватэры».
Па словах кансультантаў, такі сродак выдатна выдаляе бруд з бялізны, тлушчы з посуду і мае прыемны антыалергенны пах. І карыстацца ім вельмі проста: адвар арэхаў можна заліць у пульверызатар і такім чынам мыць кераміку, люстэркі, падлогу і нават лісты кветак. Аднак трэба размяжоўваць два іх гатункі, бо мукуросі падыходзіць для мыцця і замест бытавой хіміі, а трыфаліатус — для гігіены цела.
«Я, напрыклад, вару сабе шампунь з арэхаў гатунку трыфаліатус. На валасы сярэдняй даўжыні трэба будзе недзе паўкубкі адвару. А ўвогуле можна загатаваць сабе такога «шампуню» на тры тыдні наперад, бо ён выдатна захоўваецца ў халадзільніку. Каб загусціць адвар можна дадаць у яго жытнёвай мукі. Пры гэтым ён вельмі проста наносіцца і добра змывае тлушч», — дзеліцца ўласным вопытам Юлія Песецкая.
«Шампунь» з мыльных арэшкаў падыходзіць для любога тыпу валос, але эфект ад яго будзе заўважным прыблізна праз паўгады. Як зазначаюць дзяўчаты, гэта ўсё ад таго, што валасы прывыкаюць, што іх перастаюць мыць хіміяй і напачатку неабходна будзе прытрымлівацца звычайнага свайго «рэжыму» па дагляду за імі. Паступова валасы набудуць натуральны бляск, сапраўдны аб'ём і ўсё радзей будуць станавіцца бруднымі і тлуснымі.
«Акрамя таго, што гэта вельмі карысна для цела, сродак не шкодзіць і прыродзе, бо ён натуральны. Увогуле мы стараемся клапаціцца пра навакольнае асяроддзе. Так, напрыклад, у нашай краме можна абмяняць батарэйкі на зніжкі на нашу прадукцыю», — дадаюць дзяўчаты.
Тут жа па суседству ва ўтульным закуточку размясцілася «Лаўка ''Пюрэ''», якая прапаноўвала наведвальнікам маркету каву з «альтэрнатыўным» малаком — соевым, рысавым ці аўсяным і міні-тартамі.
«Мы маем свой буфет на Лагойскім тракце, дзе можна пачаставацца гарачымі напоямі — свежаабсмажанай кавай з раслінным малаком, какавай ці экалагічначыстымі чаямі, — распавядае Юля, сузаснавальніца «Лаўкі». — Маем таксама маем некалькі страў, якія сябе ўжо зарэкамендавалі, напрыклад, «Трапічны боршч» — суп з бурака з какосавым малаком, міні-тарты з цэльназернавой мукі, дысерты з арэхаў і сухафруктаў. Нягледзячы на тое, што ў нас на 100% веганская кухня, мы не хочам так жорстка падзяляць людзей, а, наадварот, стараемся паказаць, што хуткапрыгатаваная і без жывёльнага кампаненту ежа ці дысерты без тэрмаапрацоўкі таксама могуць быць смачнымі».
Да канца лістапада ёсць верагоднасць, што «Лаўка ''Пюрэ''» знойдзе сваё ўвасабленне сярод мінскіх кафэ ў цэнтры са сталым і больш паўнацэнным меню.
Шырокі выбар прадуктаў на любы густ можна было знайсці на стэндзе сеткі крамаў «Біонік».
«Мы маем прадукты для дыетычнага і здаровага харчавання, у тым ліку для вегетарыянцаў і сыраедаў, ды ў цэлым для збалансаванага паўнацэннага харчавання, — кажа Міхаіл Паўхлеб, кіраўнік і заснавальнік крамы. — Пры гэтым кліенты дапамагаюць нам фарміраваць і пашыраць асартымент. Нават сёння, калі хтосьці кажа пра нейкі прадукт, якога няма ў Беларусі, мы абавязкова яго даставім».
На сёння ў краме ўжо прадстаўлена больш 800 назваў тавараў і, па словах кіраўніка сеткі, попыт на іх пастаянна расце. Тым больш, што сярод замежных этыкетак, можна адшукаць і беларускія прадукты.
«Тое, што магчыма браць у нашых вытворцаў, мы бяром. Якасць іх усё ж адрозніваецца, але і каштуюць айчынныя тавары таней. Вось толькі, на жаль, ніхто з беларускіх прадпрыемстваў не можа прапанаваць насенне лёну. Для харчовых мэтаў яно проста не вырошчваецца», — абураецца Міхаіл.
Тавары крамы «Біонік» можна набыць як непасрэдна ў кропках у гандлёвых цэнтрах, замовіць дастаўку праз інтэрнэт, так і на паліцах некаторых гіпермаркетаў, якія зараз актыўна ўключаюцца ў працэс супрацы па продажу здаровых прадуктаў харчавання.
Не абыйшоўся другі экамаркет «Пастэрнак» і без незвычайных праектаў, як, напрыклад, цукерак ручной працы ад «Marie T».
«Мы выкарыстоўваем выключна натуральныя інгрыдыенты — французскія і бельгійскія, лепшы шакалад з плантацый Венесуэлы і В'етнаму, натуральныя джэмы, якія вырабляем самі ці набываем гатовыя пюрэ, — распавядае тэхнолаг Уладзімір Пятроў. — Таму наша прадукцыя разлічаная на тых, хто гатовы адкрываць для сябе новыя смакі кожны дзень і хоча пакаштаваць сапраўдных цукерак».
Нішу арганічных прадуктаў на маркеце прадставіла кампанія «Ecobar»: на яе стэндзе можна было пабачыць экзатычныя крупы, алеі і разнастайныя арэхавыя міксы.
«У гэтым годзе мы адкрылі ўласную вытворчасць сокаў халоднага водціску. Гэты спосаб дазваляе захаваць усе мінералы, вітаміны і карысныя ўласцівасці харчоў. Аднак, на жаль, з-за таго, што ў Беларусі не так развіта арганічная сельская гаспадарка, для сокаў мы выбіраем неарганічных пастаўшчыкоў, але якія могуць прапанаваць неабходныя дакументы і падцверджанні якасці сваіх прадуктаў», — дзеліцца супрацоўнік кампаніі Арцём.
Сярод наведвальнікаў экамаркету кампанія «Ecobar» разыграла адну са сваіх дэтокс-праграм.
Вялікаму выбару на маркеце «Пастэрнак» маглі ўзрадавацца і аматары гарбаты і травяных збораў. Асабліва прывабліваў увагу стэнд брытанскага брэнду «Teapigs».
«Нягледзячы на сваю маладосць, брэнд ужо вядомы ў розных кутках свету. Мы прадстаўляем яго ў Беларусі толькі з канца бягучага года і вельмі радыя гэтаму, бо гарбата і чайныя напоі сапраўды вартыя ўвагі, — зазначае прадстаўнік кампаніі Дзяніс. — Фірма працуе з усімі плантацыямі свету і выбірае лепшую і найвышэйшай якасці сыравіну, прапаноўваючы такім чынам пазнаёміцца з тонкасцямі кітайскага, індыйскага, цэйлонскага чаёў. Брэнд ахоплівае лепшыя кліматычныя кропкі для таго ці іншага гатунку, гэта ж тычыцца і траў, з якіх збіраюцца міксы».
Акрамя рэчыўнай прадукцыі «Пастэрнак» прапанаваў і асалоду для душы — некалькі стэндаў арганізацыі «Эгіда» і аб'яднання «ЗАОшанс», а таксама дабрачынага праекта «Рабі карысць». Апошні ахвяруе ўсе атрыманыя грошы за кнігі, веганскія прысмакі, кубкі, магніты і значкі на патрэбы прытулкаў для жывёл.
«Праект часта праводзіць дабрачынныя кірмашы, з якіх грошы таксама ідуць прытулкам», — кажа валанцёрка Дар'я.
Гледзячы на колькасць прадстаўленых кампаній і праектаў, а таксама на колькасць людзей, што прайшлі праз маркет за дзень, становіцца зразумелым, што інтарэс да «Пастэрнака» значна ўзрос.
«Пасля першага маркету мы ўбачылі, што шмат беларусаў зацікаўлены ў такіх мерапрыемствах. Прычым не толькі вегетарыянцы, якіх становіцца ўсё больш і больш, але і людзі, якія праяўляюць інтарэс да экалагічнай тэмы і для якіх чыстая прадукцыя з'яўляецца важнай, — падкрэсліў Уладзімір Маляўка. — «Эка» — гэта міжнародны трэнд, але да нашай краіны ён пакуль толькі паступова дабіраеца. Таму «Пастэрнак» можна лічыць такім невялікім крокам на шляху да вялікага і моцнага экаруху».