Замдырэктарка НЦСМ Алеся Іназемцава адзначыла, што экалагічная тэматыка ў трэндзе і творцы актыўна да яе звяртаюцца.
Аляксей Навуменка для сваёй выставы TERRA выканаў працы на люстэрках.
“Было абрана менавіта люстэрка як метафізічны матэрыял, што адбівае навакольны асяродак, – кажа мастак. – У прыватнасці, глядач, чалавек, які разглядае гэту работу, успрымае сябе як са-ўдзельніка працэсу, назірае карціну вечна зменлівага свету, нейкіх рухомых структур…”
У цэнтры выставачнай залы – куча з жалудоў і каштанаў, якія можа ўзяць кожны ахвочы, каб пасадзіць у зямлю. “Ператвары мяне ў дрэва!” – заклікаюць надпісы на падлозе. Як тут не паслухацца?
Да стварэння экспазіцыі Аляксея падштурхнулі працэсы, што адбываюцца навокал: нерацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў, татальная высечка лесу, лясныя пажары і змена клімату. Сваёй творчасцю аўтар жадае звярнуць увагу гледача на індывідуальную адказнасць перад глабальнымі зменамі. Мастак выкарыстоўвае люстэрка і шкло ў спалучэнні з натуральнымі матэрыяламі (дрэва, вугаль, пігменты).
Здаецца, інтэрактыў атрымаўся па поўнай праграме: людзі фатаграфаваліся на фоне арт-люстэрак, углядаліся ў свае адбіткі, разбіралі каштаны і жалуды, з імі ж гуляліся дзеці. Раптам здалося, што дрэвы патрэбныя ўсім.
"Хто мы і адкуль? Дыназаўры? Людзі? Дрэвы? Грошы? – разважае Раман Камінскі. – У гарамдстве пануе культ рэчаў з правам абмену на прадмет культу – грошы".
Яркія колеры жывапісу Рамана сімвалізуюць спакусы, брэнды, якія паступова замяняюць нам першаснае ўспрыняцце навакольнага асяродку. Практычна ўсе карціны, што экспануюцца, напісаны сёлета. Яны новыя і актуальныя. Акрамя карцін на выставе можна пабачыць інсталяцыі з пластыку. На цырымоніі адкрыцця Раман адзначыў надзённасць праблем з пластыкам у свеце.
Піраміда з пластыкавых скрыняў у цэнтры залы непазбежна прыцягвае ўвагу, задае вось прасторы. Гірлянда з пластыкавых трубачак пад столлю прымушае задумацца пра смецце, якое мы пасля сябе пакідаем.
“Глядзець, але не бачыць сутнасці. Неонавая шыльда, яркая рэклама яўна атрымалі ўсеагульную ўвагу, без шанцаў адабраўшы яе ў прыроды. Мае карціны не аб праблеме. Мае карціны для разумення гэтай праблемы” – заключае мастак у анатацыі да выставы.
Аляксея Кузьміча хвалююць пытанні інфармацыйнага забруджвання, экалогіі і лёсу сучаснага свету. У анатацыі да выставы можна прачытаць: «Прастора «540» — перакулены свет. Свет дуальнасці і ілюзорнасці… Прастора, у якой немагчыма знайсці ісціну па прычыне яе адсутнасці… Мае работы — свет, які ўспрымаецца чалавекам масавай культуры, у забітым пад завязку шлакам інфармацыйным асяродку, у якім няма часу на аналіз, рэфлексію і доўгае вывучэнне…»
Мастак распавёў, што вялікую частку работ для выставы зрабіў у тэхніцы рэсайклінгу, са старых непатрэбных рэчаў, не набываючы нічога новага. «540» – не першы яго праект, звязаны з экалагічнай тэматыкай.
Аляксей Кузьміч адзначыўся таксама мастацкай акцыяй супраць цэнзуры. Творца выйшаў амаль аголеным у файе НЦСМ, толькі яго самыя інтымныя месцы былі прыкрытыя таблічкай (шчытом) з надпісам «Міністэрства культуры. Рэспубліка Беларусь». Кінуў на падлогу пачак ад «Віягры», якую, па ягоных словах, прыняў непасрэдна перад тым, і планшэт, на якім было чуваць жаночыя стогны. Замест выявы — чорная карцінка з надпісам «Censored».
Раскрыў далоні з надпісамі «Со всем» і «Согласен». Пастаяў троху, крыкнуў «Тут няма сучаснага мастацтва!» і сышоў у залу, дзе экспануюцца яго работы. Аляксей патлумачыў, што, на яго думку, у НЦСМ няма як такога сучаснага мастацтва, бо яно цэнзуруецца ўладнай вертыкаллю.
Шведская пісьменніца і мастачка Сара Лундберг не змагла прыехаць на адкрыццё выставы. Яна наведае Мінск 18 кастрычніка і запрашае прыхільнікаў а 18.00 у НЦСМ на аўтограф-сесію. Сара – аўтарка дзіцячай кніжкі “Віта Белая Крэска”, перакладзеннай на беларускую мову Надзеяй Кандрусевіч.
Нядаўна Надзея пераклала таксама кнігу Сары Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча”. Ілюстрацыі з апошняга твора і выстаўляюцца ў НЦСМ.
Як адзначыла на цырымоніі адкрыцця супрацоўніца амбасады Швецыі Алеся Літвіноўская, “Прысутнасць” – выстава маладых мастакоў, А Сара, па еўрапейскіх мерках, вельмі маладая і дужа радая ўдзельнічаць у такім супольным праекце.
Выстава завяршаецца праектам Аляксандры Пармон “Люстэрка”. Сімвалічна, што з люстэрак жа яна і пачынаецца. Адбываецца закальцоўка, якая навявае асацыяцыі са значком рэсайклінгу, таксама экалагічная тэма! Невялічкія люстэркі звісаюць са столі сярод проста чароўна прыгожых карцін. Сярод залы – інсталяцыя “Мальберт, які спявае”. На ім замацаваны аркуш. Кожны ахвочы можа нешта дамаляваць.
У Аляксандры была самая вялікая і рознакаляровая група падтрымкі: маладзёны ў нібыта запэцканым фарбай адзенні, з каляровым грымам, а адзін нават з фіялетавай барадой. Усе яны камунікавалі з гледачамі і вельмі ажыўлялі выставу.
Мастакі тонка адчуваюць надзённыя праблемы і вельмі хутка адлюстроўваюць іх у сваіх работах. Мы, гледачы, можам счытваць гэтыя мэсэджы і рабіць для сябе высновы.
Выстава “Прысутнасць” працуе да 10 лістапада.