04.12.2014 / 14:12

Літаратуразнаўца, паэтка, выкладчыца гарадзенскага ўніверсітэта расказвае пра свае экалагічныя звычкі.

Дылетанты ў літаратуры наўрадці зарыентуюцца ў творчым даробку гэтай асобы. Хутчэй аматары будуць ведаць вытанчаную паэзію і літаратуразнаўчыя даследванні Алы Петрушкевіч. Сваіх шматлікіх студэнтак яна заўжды захапляе бездакорнай дагледжанасцю, пачуццём стылю і манерай трымаць сябе.

Як вядзе дамашнюю гаспадарку далікатная пані паэтка? Як звязана экалогія і беларуская літаратура? Дзе можна бездакорна навучыцца правілам экалагічнага жыцця? Усё гэта ў гутарцы спецыяльна для Зялёнага Парталу Гродзеншчыны.

 

Кветкі

Мая бабуля-зёлачніца мне так сказала: “Дзе ты пройдзеш, Алачка, там усюды хораша становіцца”, уяўляеце? І я ўсё жыццё дзе ні бываю, усюды раблю, каб было прыгожа.

Я нарадзілася ў суботу. Нарадзіцца ў суботу па нашых, шчонаўскіх (Шчонава – вёска ў Карэліцкім р-не – заўв. аўт.) прымхах, - значыць прыборлівая, тая, якая будзе ўсё жыццё прыбіраць і сама прыбірацца. Усё павінна быць прыгожа суснаваць з прыродай. Самае прыгожае ў прыродзе – кветкі. Таму нават у літаратуразнаўстве я схіляюся да такой эсэістычнай манеры - і ў мяне “кветкі ў творчасці адной пісьменніцы”, “кветкі ў творчасці другой”.

Сваіх шматлікіх студэнтак яна заўжды захапляе бездакорнай дагледжанасцю, пачуццём стылю і манерай трымаць сябе.
Сваіх шматлікіх студэнтак яна заўжды захапляе бездакорнай дагледжанасцю, пачуццём стылю і манерай трымаць сябе.

Натуральна, для мяне кветкі больш чым кветкі. Мне цікава іх прыгожа пасадзіць, каб былі газончыкі. Мне важна, каб кожная кветачка ведала, што яе відаць, што яна не дарма прыйшла ў гэты свет. У мяне яшчэ да ягад такое стаўленне ёсць. Адна ягадка вырасце вялікай, а іншая – меншай. Яна будзе і нясмачнай, і кіслейшай. Я дачцы сваёй заўжды казала: “Снежачка, яна ж старалася, расла. Яна не вінавата, што яна такой вырасла. Давай яе пашкадуем і таксама з’ядзім”. Калі Сняжана была на клубніцах у Англіі, яна казала: “Я ўвесь час ела самыя нясмачныя, малыя, кіслыя, бо, па-першае, іх трэба выкідаць у сметніцу, па-другое, я узгадвала, што “яна ж расла-старалася”.

Кажаце, у нас малавата кветак на гаўбцах? Калі з захадам параноўваць, канешне, хацелася б больш. Толькі людзі, якія могуць дазволіць сабе жыць і радавацца жыццю, будуць вырошчваць на агародзе не бульбу, агуркі, памідоры, а кветкі. Трэба быць багатым. Разумееце, у якім сэнсе: не толькі ў матэрыяльным. То я вельмі багатая. Мне найбольшую асалоду прыносіць у вольную хвіліну разглядаць мае кветкі. У мяне на лецішчы самыя прыгожыя клумбы выходзяць не на вуліцу (не таму што я не хачу людзям паказваць), а на веранду з кухні. Колькі я на кухні, столькі я гляжу на кветкі.

 

Экалогія душы

Мне больш цікава праблемы духоўнай экалогіі. У нас у Гародні ў гэтым плане ёсць жудасны фурункул - турма ў цэнтры горада. Ужо даўно пара пачаць кампанію, каб яны пабудавалі турму – дзесьці за горадам, сучасную і цывілізаваную – і ўрэшце вярнулі гэтыя муры тым, каму яны належаць. Людзі проста не разумеюць, як гэта атручвае чалавечую душу. Адсюль тое, што вы спыталі – чаму мала кветак?

Чаму яны не ўмеюць зрабіць гэта арыгінальна? Таму што няма густу. Дзе ў нас гэта ўсё было? У маёнтках. Дзе людзі, якія жылі ў сядзібах? Растаптаныя, выгнаныя. Поўная дыскрэдытацыя людзей, якія ёсць соллю нашай зямлі. Нават поўная дыскрэдытацыя лексікі, звязанай з імі. Гэта ж так прыгожа – да жанчыны звяртацца “Пані”. Я абсалютна не супраць, калі да мяне так звяртаюцца. Гэта пані патрэбна, каб у яе не проста былі кветкі, каб яны былі ў прыгожай кампазіцыі. Гэта яна сабе можа дазволіць.

 "Калі хочаш быць шчаслівай усё жыццё, гадуй кветкі ў радзінным садзе”
"Калі хочаш быць шчаслівай усё жыццё, гадуй кветкі ў радзінным садзе”

Я заўсёды падыходжу да жанчынак з “Зелянгасу”, якія працуюць на кветніках і кажу: “Дзякуй вам вялікі за вашу працу! Вы так упрыгожваеце наш горад!” І заўсёжы дадаю: “Ведаеце, вы такія памылкі дапускаеце. Вы не ведаеце, дзе найперш трэба садзіць кветкі”. Я не ведаю, ці вы заўважылі: у 2011-ым годзе як раз была гадавіна Элізы Ажэшкі. І ўжо дзень нараджэння яе адбыўся, а яшчэ не былі пасаджаны каля яе помніка кветкі. Затое ўвесь аблвыканкам і гарвыканкам былі абсаджаны. Не перш Вялікай Пані, якая назаўсёды застанецца ў гэтым горадзе, а тым, каго праз 10 год ужо не будуць памятаць.

Эканомія і экалогія ў гаспадарцы

Я самая эканомная эканомка ў свеце. Гэта ўсё ад бабулі. Яна мне казала: “Ты ведаеш, што такое капеечка? Ты думаеш, гэта не грошы? Ты прыйдзеш краму, будзеш плаціць многа рублёў, табе не хопіць капеечкі – табе не прададуць”.

Слоічкі ўсё жыццё збірала, уяўлялася, што мая дачка будзе гаспадыняй. Іх назбіралася столькі многа! Цяпер, калі яны нікому не патрэбны, я ўсё пакую ў асобныя пакеты – і на сметніцу. У нас там усё перабіраюць. Я ўяўляю, што нехта там гэта падбярэ і здасць. Адзенне таксама акуратна запакоўваю, каб яго нехта мог забраць. Вы чыталі “Нарвежскія дзённікі” Славаміра Адамовіча? Мяне вельмі ўражвала, як яны гэта робяць. Яму прынеслі цэлую ўпакоўку гэтых пакецікаў рознага колеру, і ў кожны з іх трэба сартавараць смецце абсалютна дакладна. Я мару пра такое.

Для мяне вадзічка – гэта цуд! Я ўжо сто гадоў жыву ў камфортных умовах і ўсё роўна дзіўлюся, што я пакруціла кранік і вада цячэ. І яшчэ гарачая! Я добра памятаю, як мая мама на каромыслах нясе ваду. Яна 10 год насіла ваду па два вядры, метраў 50 ад дома. Уяўляеце, што гэта такое? Зараз я зубы чышчу – намачу шчотку і выключаю. У душы мыюся – таксама выключаю. З пралкі я збіраю мыльную ваду і ў ёй зноў замочваю. Спачатку белае, тады каляровае. У вадзе з-пад каляровага замочваю чорнае. Так і парашку ідзе нашмат менш. Гэта і эканомія, і разуменне таго, што такое вада. Я не маю права яе расходваць больш, чым патрэбна.

Я люблю, каб было светла. Калі я сяджу ў пакоі, то ў ім усё гарыць. Але я абсалютна не разумею, як можна тут уключыць і туды пайсці. Я пастаянна хаджу за мужам і выключаю святло. Гэта не таму што мой бюджэт такога не вытрымае. Я разумею, якая гэта чалавечая праца. У гэтым плане я лічу, што я вельмі цывілізаваны чалавек.

Колькі я ўсяго зэканоміла для свету: я ўсё жыццё шыю і перашываю. У мяне ніколі нічога не прападзе. Мая дачка выгадавалася цалкам у вязаным. І я ніколі не купляла нітак! Я распускала з ранейшага і рабіла такія прыгожыя рэчы, што ўсе дзівіліся. Сукеначкі, швэдрыкі. І некалькі рэчаў у мяне мастацкіх, якія я ніколі не выкіну. Яны называюцца “Вячэрні горад”, “Восеньская клумба” і “Вераснёвы лес” - і гэта ўсё зроблена літаральна з адходаў: было шмат маленькіх клубочкаў, я іх звязала.

Просцінка. Вы на ёй спіце, і яна пачала выношвацца пасярэдзіне, але яшчэ не парвалася. Што вы робіце? Разразаеце яе пасярэдзіне, зарубляеце канцы, а сшываеце моцныя канцамі – і яна вам праслужыць яшчэ доўга-доўга. Гэта ад мамы. Навалачкі я стараюся купляць аднолькавыя, каб іх таксама можна было перашыць, калі яны пачнуць выношваца.

Любімы транспарт

Я вельмі люблю хадзіць пехам. Да таго ж мне для здароўя карысна. У нас у Зарыцы я амаль кожны вечар хаджу гуляць па ваколіцы глядзець на кветкі на чужых агародах. Не разумею людзей, якія ставяць высокія закрытыя платы.

Вельмі люблю ровар. На лецішчы я ўсюды на ровары. Максім мой – колькі ён быў маленькі – я яго вазіла на раме. Мы з ім усе ваколіц аб’ездзілі. Я ўвесь час марыла па Гародні ездзіць на ровары. Неяк не атрымоўваецца. Але я яшчэ мару, што на працу я прыеду на ровары, хоць з мяне ўсе смяюцца.

Кнігі і часопісы

Калі іх яшчэ можна камусьці аддаць, то аддаю. Выношу на кафедру, там калегі забіраюць. Газеты мы на лецішчы палім. Сын мае здаваць мукулатуру.

Цяпер я амаль не пішу на паперы – адразу на кампутары. Раней у мяне ўсё было спісана. Я не разумею, як можна напісаць два радкі на лісце паперы.

Кветкі - гэта шчасце
Кветкі - гэта шчасце

Наш Іван Якаўлевіч (прафесар ГрДзУ Лепешаў -заўв. аўт.) так і не захацеў засвоіць кампутар. Ён усё жыццё на друкарцы. Ён ніколі экзэмпляры, якія не трэба пасылць, не друкаваў на чыстых аркушах. Ён разразаў капэрты, у якіх прыходзіць газета “Новы час”, і на іх друкаваў. Я гэтыя беленькія капэрты выкарыстоўваю ў гаспадарчых мэтах. Усе мае сушаныя зёлкі ў іх. Дык вось я вырашыла, што Івану Якаўлевічу цяжка купіць сабе паперу. І я набыла ўпакоўку паперы і прынесла яму. Ён: “Што Вы выдумалі?! Не таму што я не магу купіць. Гляньце, колькі ў мяне ляжыць! Я проста не магу выкінуць паперу”.

Экалагічнае выхаванне

У мяне ў дзяцінстве столькі заклалі, што мне няма чаго новага прыдумляць. Памятаеце, як Ларыса Геніюш ехала ў Прагу? Яна баялася, “як гэта я з вясковага асяроддзя буду паводзіцца там, у еўрапейскай сталіцы”. Далей яна піша: “я рабіла ўсё так, як мяне навучылі дома, і я ўбачыла, што мая вясковая культура нягоршая за іхнюю еўрапейскую. І я далей так усё жыццё сябе паводзіла”.

Што з беларускай літаратуры вучыць гарманічным адносінам з прыродай? Самае першае – гэта, канешне, “Новая зямля”. Там жа ўсё сказана: якім быць, як суіснаваць з лесам, ракой, пчоламі і ўсё-усё-ўсё. Будзьце такімі, якімі былі дзеці ў той леснічоўцы, і ўсё будзе добра. Канешне, Ларыса Геніюш. Нават не столькі яе паэзія, колькі яе лісты. Дакладна ўсё так рабіла мая мама. Зоська Верас таксама. Мне вельмі шкада ўрбанізаваных сучасных паэтак, празаінь, калі яна з гонарам гаворыць: “А я ў жыцці не выгадавала ні адной нават хатняй кветкі”. Мне цябе вельмі шкада, мілая дзяўчынка, ты проста не разумееш, што гэта такое. Яна ні разу не бачыла, як гэта кветачка ўзыходзіць. І вельмі блізкая мне зараз Валянціна Аксак.

Глядзіце, што яна сказала: “Калі ты хочаш быць шчаслівай на месяц, выйдзі замуж. … Калі хочаш быць шчаслівай усё жыццё, гадуй кветкі ў радзінным садзе”.

 

 

 

Автор:
Фотограф:
З прыватнага архіву Алы Петрушкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость