04.12.2017 / 19:12

«Наша чалавечая годнасць і дабрабыт глыбока злучаны з нашым клопатам аб стварэнні», — падкрэслілі папа Францішак і Патрыярх Барталамей І у апублікаваным 1 верасня сумесным пасланні на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння.

Як  паведамляе Catolic.by, у падпісаным дакуменце таксама гаворыцца пра тое, што чалавечая "схільнасць да разбурэння кволых і збалансаваных экасістэм свету, няўтольнае жаданне маніпуляваць і кантраляваць абмежаваныя рэсурсы планеты, прагнасць здабыцця бязмежнай выгады на рынках" адлучыла  людзей ад першапачатковай задумы стварэння.

"Мы больш не паважаем прыроду, як супольны дар; замест гэтага лічым яе прыватнай уласнасцю. Мы больш не сябруем з прыродай, каб падтрымліваць яе; замест гэтага мы пануем над ёй, каб умацоўваць нашы структуры", — падкрэслілі кіраўнікі Цэркваў.

Паводле Папы і Патрыярха, наступствы гэтага альтэрнатыўнага бачання трагічныя і доўгатрывалыя.

"Чалавечае і прыроднае асяроддзе падлягаюць адначасоваму знішчэнню, а знішчэнне планеты становіцца цяжарам для найбольш безабаронных яе жыхароў. Наступствы кліматычных зменаў у першую чаргу ўплываюць на людзей, якія жывуць у беднасці ва ўсіх частках свету. Наш абавязак адказнага карыстання дарамі зямлі азначае прызнанне і павагу да ўсіх людзей і ўсіх жывых стварэнняў. Тэрміновы выклік і пакліканне да клопату аб стварэнні з’яўляюцца заклікам да ўсяго чалавецтва, каб прыкласці намаганні на карысць устойлівага і інтэгральнага развіцця", — напісана ў дакуменце.

Папа Францішак і Барталамей І заклікалі ўсіх, хто мае адказнасць у грамадскай, эканамічнай, палітычнай і культурнай сферах, каб пачулі вокліч зямлі і заняліся патрэбамі маргіналізаваных асобаў, а перш за ўсё, каб адказалі на мальбу мільёнаў людзей і падтрымалі глабальны кансэнсус на карысць аздараўлення параненага стварэння. «Мы перакананыя, што не можа быць шчырага і трывалага вырашэння экалагічнага крызісу і кліматычных змен без узгодненага і супольнага адказу на яго, без сумеснай і супольнай адказнасці, без надання прыярытэту салідарнасці і служэнню», — адзначылі кіраўнікі Цэркваў.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость