05.05.2015 / 11:05

Якога чакаць лета, дзе лепш паглядзець прагноз надвор’я, і што наша краіна ўзяла ад Украіны, Беларускаму зялёнаму парталу расказвае кіраўнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітры Рабаў.

Што мінула: ідэальна восень і ніякай зімы

«Зімы ў нас не было, і яна заняла шостае месца пасля 1945 года ў ранжыры па сярэдняй тэмпературы паветра», — так пачынаем абмяркоўваць надвор’е з чалавекам, якога ўсе бачаць па тэлебачанні, — сіноптыкам з Гідраметэацэнтра Дзмітрыем Рабавым.

Месца, дзе працуюць ён і калегі, — адзінае, у якім пра надвор’е даведваюцца не ў інтэрнэце і тэлевізары, а дажджы мінулага лета дакладна памятаюць лепш за вас.

Суразмоўца кажа, што зіма 2014-2015 заняла лічаныя дні, снег сыходзіў за пару дзён, а роскід тэмпературы па рэспубліцы дайшоў да 20 градусаў: бывала, што ў Брэсце невялікі плюс, а ў Езярышчы, «палярнай кропцы» Беларусі — мінус 23 градусы.

Файнай была восень — сухая. Такое здараецца вельмі рэдка, часцей пануюць цыклоны і імглістае вільготнае надвор’е. Дзіўна і тое, што не было ўраганаў. Сакавік, на думку сіноптыка, таксама быў ідэальны: тэмпература даходзіла да +20 градусаў. Такое бывае раз на 20 год. А вось красавіцкім вятрам дзівіцца не варта — гэта норма.

Вясна ў савецкіх вершах

«Клімат змяняецца, і гэта бачна няўзброеным вокам. Марознай зімы ўжо няма», — адказвае Дзмітры на рэпліку аб тым, што не ўсе вераць у змены надвор’я на планеце.

«Дарэчы, я аналізаваў розныя вершы савецкіх паэтаў, дзіцячых і дарослых. І самае дзіўнае, якое надвор’е было тады і якое зараз звыклае для таго ж красавіка. Літаральна ў 99% выпадках акурат тады пачыналася вясна: сыходзіў снег, пачынаўся капеж, ускрываўся рэкі», — працягвае ён.

У гэтым годзе вясна прыйшла ў Мінск на месяц раней — у лютым, на паўднёвы захад рэспублікі — на 2 месяцы раней (вясной сіноптыкі называюць час, калі сярэднесуткавая тэмпература пераходзіць праз нуль). І класічнай павольнай вясны ўжо няма: напрыклад, у 2013 годзе яна мінула за месяц, і ў другой палове красавіка было +20-25 градусаў.

Лета прыйдзе з эфектам тропікаў

Што датычыцца лета — змяніўся характар ападкаў. Іх колькасць прыкладна як і раней, але часцей здараюцца моцныя дажджы са шкваламі і градам, і клімат часам нагадвае тропікі — вільготны і гарачы. Пры тэмпературы +25 градусаў на тэрыторыі Беларусі за дзень выпарваецца столькі вады, колькі ў возеры Нарач — праз вялікую колькасць вадаёмаў. Да вечара яна ахалоджваецца і выліваецца на тых, хто ідзе з працы.

«Нават не сумнявайцеся: гэтым летам моцныя дажджы таксама будуць», — адзначае Дзмітры. Усё часцей здараюцца і працяглыя спёкі без дажджу, асабліва па паўднёвым усходзе.

А замаразкаў у апошнія гады паменела, хоць раней яны бывалі амаль штогод.

Зімы і глабальнае змяненне клімату

Паводле інфаграфікі Белгідрамета, кліматычныя зоны нашай краіны пасунуліся ў сярэднім на 100 кіламетраў, і клімат стаў такі, як на поўдні, на тэрыторыі Украіны.

Надвор’е на планеце Зямля змяняецца з часоў яе ўтварэння, але ў апошнія 100 год не было яшчэ такога працяглага змянення, як з 1989 года, упэўнены сіноптык. Калі паглядзець на зімы, то бачна, што колькасць халодных перыядаў змяншаецца.

Клімат мегаполіса, вільготнасць і ветры — як правільна паглядзець прагноз?

І на развітанне — парады аб тым, як і дзе глядзець надвор’е. 

Зазіраючы ў прагноз, трэба звяртаць увагу не толькі на тэмпературу. Чым вышэй вільготнасць, тым гарачэй падасца цёплае надвор’е і халадней — у маразы. Атмасферны ціск ніжэй за 760 мм азначае хмарнасць альбо нават дождж.

Паўночны вецер — гэта дакладна мінус некалькі градусаў, а пры яго хуткасці 15-20 м/с сіноптыкі ўжо даюць штармавое папярэджанне. Небяспечнымі лічацца ветры ад 25 м/с, але, каб знесці дах ці накрыць таполяй аўто, можа хапіць і 15 м/с, асабліва пры парывах. 

На надвор’е ўплывае клімат мегаполіса.

У сталіцы самыя цёплыя Завадскі і Цэнтральны раёны за кошт дарог, заводаў і ТЭЦ, а самыя халодныя — спальныя.

І так было заўсёды. Па-рознаму размяркоўваюцца і ападкі, дождж не абавязкова ідзе паўсюль.

Прагноз надвор’я лепш глядзець на сайтах гідраметэаралагічных цэнтраў, прычым той краіны, куды вы збіраецеся. Бо іншыя сумнеўныя сэрвісы кепска пралічваюць хмарнасць, час праходу атмасферных фронтаў праз горад і, самае галоўнае, не ўлічваюць рэгіянальных асаблівасцей клімату. Па словах Дзмітрыя, ніколі такі сайт не дасць штармавога папярэджання, якое прафесійныя сіноптыкі робяць за 3-4 дні.

​Тут захоўваецца прагноз надвор’я

Автор:
Фотограф:
Ганна Валынец
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость