Зялёнае велакальцо Мінска: маршрут для медытацыі і назірання за горадам

Не так даўно ў календары Арганізацыі аб’яднанных нацый з’явіўся тэматычны святочны дзень аматараў самага экалагічнага віду транспарта – Сусветны дзень веласіпедыста, што адзначаецца 3 чэрвеня.

05.06.2018 Экалогія горада Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Мінскае роварнае таварыства” у гэты дзень у Мінску правялі пробную велапакатушку па маршруту “Зялёнае велакальцо Мінска”.

Па задуме арганізатараў заезд павінны быў быць нешматлікім, нават камерным, але жаданне паўдзельнічаць выказалі больш за 100 чалавек. Раніцай у нядзелю раварысты сабраліся на пляцоўцы ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусь, каб адправіцца ў гарадское велападарожжа, працягласцю ў 70 кіламетраў.

Гэта наша прапанова гараджанам паездзіць на веласіпедзе ці прайсці пешкам па мінскаму зялёнаму кальцу, пра якое наўрадці шмат хто ведае. Людзі ў курсе пра асобныя лакальныя кропкі, аднак наўрадці яны ўяўляюць, што так можна аб’ехаць увесь горад. Да ўсяго, гэта дзейнасць па захаванні Мінска ад забудовы зялёных зон, прыцягненне ўвагі ўладаў, на нашу патрэбу ў натуральных прыродных аазісах”, - кажа Павел Гарбуноў старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Мінскае роварнае таварыства” і адзін з аўтараў канцэпцыі веламаршрута.

Пакуль маршрут не мае інфраструктуры, і часам  кідае выклікі ў складанымі па праходнасці ўчасткамі. Але, па словах Паўла, ужо сёння ён прыдатны для даследавання горада і медытацыі.

Павел Гарбуноў

Вядома, што ў будучым яго можна развіваць і акультурваць: пракладаць веласцежкі, як гэта зроблена на рацэ Свіслач, што дасць магчымасць больш актыўна выкарыстоўваць “кальцо”.

Унікальным, па словах старшыні грамадскай арганізацыі, з’яўляецца каньён поймы ракі Лошыца, які ў хуткім часе павінен быць забудаваны. І няхай працэсу пераўвасаблення горада ўжо не пазбегнуць, але застаецца шанс уплываць на яго ў экалагічным аспекце.

Зараз пачынаецца этап перамоваў з Мінгарвыканкамам пра неабходнасць стварэння такога маршрута з той канцэпцыі, якая існуе на дадзены момант.

Як зазначае Анастасія Янчэўская, дырэктарка Мінскага роварнага таварыства, мэта гэтага веламаршрута – пазнаёміцца з горадам, зірнуць на яго такім, якім калісьці ён праектаваўся і атрымаць задавальненне. Маршрут не мусіць ператварыцца ў велабан.

Анастасія Янчэўская

Такога кшталту праекты існуюць і ў еўрапейскіх гарадах, дзе яны служаць для рэкрэацыі і для размеркавання трафіка веласіпедыстаў, дазваляючы патрапіць з аднаго пункту ў іншы”, - распавядае яна.

Удзел у першым пробным заездзе прынялі розныя люді, адзін з якіх – Арцём, які мае аслаблены зрок. Разам з Кірылам Кудраўцом і Уладзем Сташкевічам, трэнерамі праекта “Зялёны горад для ўсіх”, ён пераадолеў большую частку маршрута – ад Нацыянальнай бібліятэкі да Лошыцкага парка – на веласіпедзе-тандэме.

Як распавёў Кірыл Зялёнаму парталу, зрабіць гэта было не заўсёды проста, дзесьці даводзілася спыняцца, пераносіць веласіпед і дапамагаць Арцёму пераадольваць перашкоды. Аднак у цэлым усе засталіся задаволеныя велаэкскурсіяй у 40 кіламетраў, якія яны змаглі праехаць за болей, чым за дзве гадзіны.

Такія пакатушкі для людзей з аслабленым зрокам і людзей не відучых праводзяцца ў рамках праекта “Зялёны горад для ўсіх”  ў адным з паркаў Мінска. Запісацца і пакатацца з трэнерамі на веласіпеде-тандэме можа кожны жадаючы. Пры чым цалкам бясплатна.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 05.06.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.