05.09.2017 / 14:09

Жыльцы квартала ў межах вуліцы Чырвонаармейскай – завулка Казарменны – ракі Свіслач – парка 40-годдзя Кастрычніка звярнуліся ў адміністрацыю Ленінскага раёна, Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры з прапановай надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці жылой забудове квартала, як абразцу пасляваеннай забудовы 50-х галоў ХХ стагоддзя.

Зялёны партал разбіраецца, наколькі гэта рэальна і неабходна.

 

Згодна з артыкулам 92 Кодэкса аб культуры існуе некалькі крытэраў надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, і пры ўмове, што нерухомыя аб'екты з'яўляюцца аўтэнтычнымі ці рэстаўраванымі ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.

 

Забудава жылога квартала ў межах вуліцы Чырвонаармейскай – завулка Казарменны – ракі Свіслач – парка 40-годдзя Кастрычніка ўзяўляе сабой цэласны комплекс з унутраняй дваравой тэрыторыяй. З сямі дамоў квартала тры ўжо маюць статус гісторыка-культурнай спадчыны, паведамляе сайт Realt.by. Дзеля надання адпаведнага статуса астатнім чатыром будынкам мясцовыя жыхары сабралі 261 подпіс, якія разам са зваротам былі накіраваны ў мясцовую адміністрацыю, Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры.

Аднак па словах Дзяніса Кобрусева з грамадскай кампаніі ''Генплан для мінчан'', наданнем статуса сёння займаецца спецыяльная камісія пры Мінгарвыканкаме і аблвыканкаме. Да ўсяго канкрэтна на дадзеную тэрыторыю быў распрацаваны план дэтальнай планіроўкі, які прайшоў грамадскія абмеркаванні і зараз знаходзіцца на стадыі зацвярджэння.

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

Нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары, па словах лідаркі ініцыятыўнай групы Людмілы Гайкоўскай, зрабілі велізарную працу, сабралі архіўныя матэрыялы па гісторыі стварэння квартала, для надання статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці неабходна правесці больш грунтоўныя даследаванні.

''У Кодэксе аб культуры падрабязна прапісана працэдура. Па-першае, неабходна правесці фіксацыю: усё зфатаграфаваць, скласці карту, план. Надалей усё навукова апрацоўваецца – надаюцца характарыстыкі вартысці аб'ектаў ці забудовы, комплесаў. Нельга абыйсціся без мастацкай ацэнкі ўсіх дэталяў: карнізаў, вокнаў, аздаблення і г.д., калі мы кажам пра архітэктуру. І затым такое дасье падаецца ў Мінгарвыканкам ці аблвыканкам, дзе спецыяльная камісія разглядае яго і дае сваё рашэнне наколькі той ці іншы аб'ект мае вартасць'', – каментуе Зялёнаму парталу Ігар Чарняўскі, былы начальнік Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.

Ігар Чарняўскі
Ігар Чарняўскі

Калі аб'ект атрымоўвае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, на плечы жыльцоў ці ўладальнікаў ускладаюцца пэўныя абавязкі, якія рэгулююцца беларускім заканадаўствам. Аднак, на жаль, менавіта пра гэты момант грамадзяне задумваюцца рэдка, заначае Ігар Чарняўскі, калі хапаюцца за статус, як тапелец за саломенку.

''Пры наданні статуса ўсе дзеянні і працы павінны ўзгадняюцца ў адпаведным парадку. Напрыклад, нельга проста ўзяць і замяніць вакно на звычайнае пластыкавае, неабходна каб яно адпавядала элементам гістарычнаму характару. У належным стане мусяць быць памяшканні агульнага доступу, тэрыторыя, якая акружае аб'ект, і на якую будуць створаныя зоны аховы'', – тлумачыць ён.

Але пры ўсіх гэтых акалічнасцях, у экс-чыноўніка выклікае сумнеў неабходнасці надання статуса дадзенай забудове.

''Шчыра кажучы, характар вуліцы ля гатэля Пекін – гэта серыйная забудова і такіх дамоў па Мінску хапае, нічога унікальнага у планіровачным сэнсе там няма'', – тлумачыць ён.

З такім меркаваннем не згодны Сяргей Харэўскі, культуролаг і мастацтвазнаўца. Для яго ўнікальнасць заклучаецца ў тым, што дамы былі пабудаваны не па тыповых праектах, а заначыць маюць бясспрэчную архітэктурную і мастацкую каштоўнасць. Да ўсяго яны ўтвараюць устойлівы комплекс разам з зялёнымі дварамі і садамі, які фарміраваўся больш 70 год.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

''І пра што ў нас заўжды забываюць – людзі пражылі там тры пакаленні, склалі свой уласны, спецыфічны лад жыцця, калектыўную памяць пра свой раён. А гэта наогул – бясцэнна!'' – падкрэслівае Сяргей Харэўскі.

Аднак, на жаль, на практыцы склалася так, што людзі ўзгадваюць пра вартасці свайго жылля толькі пад пэўнай пагрозай.

Экс-чыноўнік Ігар Чарняўскі задаецца пытаннем: ''Дзе яны былі, калі распрацоўваўся генплан горада, калі ішлі абмеркаванні канкрэтнага плана дэтальнай планероўкі?''

''На вуліцы Чырвонаармейскай пад знос пойдуць два дамы, якія знаходзяцца па-за межамі дваравой забудовы, для якой жыльцы хочуць дабіцца надання статуса. У саміх жа межах двара хочуць узвесці дзіцячы садок замест лазні. Такім чынам дадзены зварот ні да чаго не прывядзе. Ініцыятыўнай групе варта было прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях. Тым больш, што Людміла Гайкоўская была ў камісіі. Аднак ніякага рэзанансу стварыць не атрымалася, і ўсе прапановы жыльцоў былі адхіленыя'', – кажа, у сваю чаргу, Дзяніс Кобрусеў.

Автор:
Фотограф:
onliner.by, facebook.com, Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость