05.11.2014 / 14:11

Аб супрацы з Аленай Танкачовай і сітуацыі з дэпартацыяй выказваюцца прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці.

“Сумна, што за актыўную грамадзянскую пазіцыю можаш быць выправаджаным з краіны”

“Алена Танкачова з’яўляецца выдатным спецыялістам, яна часта дапамагае нам у кансультацыях па судовых разбіральніцтвах і стратэгічных судовых цяжбах, у планаванні грамадзянкіх кампаній, - кажа Марына Дубіна, каардынатар прававой службы таварыства “Зялёная сетка”. - Камандай Lawtrend дапамаглі нам экспертнай кансультацыяй пры нашым маніторынгу сайтаў мясцовых выканкамаў на прадмет інфармавання людзей пра грамадскія абмеркаванні.

Калі мы сустракаліся з мясцовымі жыхарамі і ў нас узнікалі праблемы са стратэгічным планаваннем іх дзейнасці, Алена Танкачова заўсёды была гатовая дапамагчы парадай не толькі ў юрыдычных і прававых пытаннях, але і сыходзячы з вопыту праваабарончай дзейнасці.

Чалавек за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю можа быць выправаджаны з краіны, і вельмі сумна, што ёсць такая тэндэнцыя. І я дакладна ведаю, што з Аленай Танкачовай тут будзе нашмат лепш, чым без яе”.

 

“Выпадак з дэпартацыяй нас шакаваў”

 

Мы вельмі цесна працуем з Аленай Барысаўнай. Яна як юрыст і эксперт кансультуе нас у пытаннях захавання і абароны балот у межах нашай кампаніі, - кажа Вольга Каскевіч, каардынатар кампаніі “У абарону беларускіх балот”. – Увесь гэты час яна з’яўлялася незаменным экспертам-кансультантам у галіне абароны правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Мне сённяшняя сітуацыя падаецца вельмі дзіўнай:  я не чула, каб чалавека можна было выслаць з краіны згодна з заканадаўствам праз такія дробныя адміністрацыйныя парушэнні як парушэнне хуткаснага рэжыму. Гэты выпадак з пазбаўленнем віду на жыхарства і высылкай нас шакаваў. I мы плануем ад нашай арганізацыі пісаць прашэнне аб адмене гэтага рашэння і аб важнасці знаходжання Алены Танкачовай менавіта на тэрыторыі Беларусі для нас”.

 

“Я спадзяюся на нармальнае ўзважанае рашэнне”

 

Мы вельмі даўно і шчыльна супрацоўнічаем з Ленай Танкачовай і з арганізацыяй Lawtrend. Калі нічога не блытаю, то з канца 90х гадоў. Лена - прафесіянал з шырокім, нетрывіяльным бачаннем сітуацыі. І ўсе рашэнні пытанняў яна давала цікавыя і дзейнасныя, - расказвае Ірына Сухій, афіцэр па адвокасі таварыства “Зялёная сетка”. - Апроч гэтага Лена выдатны чалавек, яна падзяляе наш клопат аб наваколлі. Яе расійскае грамадзянства для многіх стала адкрыццём – яна па сваёй сутнасці беларуска, жыве тут і клапоціцца аб нашай краіне і яе будучыні.

Мне падаецца, гэта глупства. Адкрыццё справы аб дэпартацыі за тое, што чалавек перавысіў хуткасць, выглядае проста смешна. У гэтай сітуацыі ўлады хутчэй губляюць, чым нешта атрымаюць. Увогуле я думаю, што ўсё будзе кепска… але спадзяюся на нармальнае ўзважанае рашэнне”.

 

“Высокая якасць праваабарончай дзейнасці зрабілася асноўнай прычынай”

 

Гэта жорстка матываваны палітычны пераслед, - мяркуе Таццяна Новікава, таварыш "Зялёнай сеткі", ГА "Экадом", удзельніца Беларускай антыядзернай кампаніі. - У гэтым не застаецца сумненняў, калі згадаць, што ў 2015 годзе ў Беларусі прэзідэнцкія выбары, а Алена Танкачова і яе арганізацыя займалі актыўную грамадзянскую і прафесійную пазіцыі на папярэдніх выбарах. Менавіта высокая якасць праваабарончай дзейнасці Алены і зрабілася асноўнай прычынай рашэння.

Гэта выклік усёй грамадзянскай супольнасці Беларусі, гэта выклік еўрапейскаму грамадству – ці здольнае яно абараніць базавыя гуманістычныя каштоўнасці. Бо ўся жорсткасць і ўся абсурднасць сітуацыі выяўляецца ў тым, што чалавека пазбаўляюць прыстанішча, уласнага дому, разлучаюць з сям’ёй і выкідваюць на вуліцу ў чужой краіне, – а Расія для Алена ўжо чужая краіна. За 30 год жыцця і працы тут яна зрабілася сапраўднай беларускай”.

Чым можна дапамагчы

Разгляд пытання аб высылцы Алены Танкачовай адбудзецца 5 лістапада 2014, а 11:30 гадзіне ў будынку Упраўлення ўнутраных справаў Адміністрацыі Першамайскага раёну Мінска (г.Мінск, вул. Бялінскага, 10). Усіх неабыякавых запрашаюць прыйсці да будынка для падтрымкі.

Таксама карыснымі будуць любыя праявы вашай салідарнасці:

  • падпісаць і накіраваць па пошце хадатайніцтва ва Упраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама і Аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС г. з просьбай не высылаць Алену Танкачову з Беларусі і аднавіць яе від на жыхарства (узор – тут);

  • падпісаць хадайніцтва ў офісе Цэнтра прававой трансфармацыі (вул. Нававіленская, 38-10), а таксама ў офісах Праваабарончага цэнтра "Вясна" (вул. Мяржынскага, 8-26), БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39);

  • адправіць хадайніцтва па факсе: Упраўленне па грамадзянству і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму - факс 8017 331-81-68, Аддзел па грамадзянству і міграцыі Першамайскага РУУС г. Мінска - факс 8017 280-01-62

Автор:
Фотограф:
labadzenka.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость