На Глыбоччыне людзі выцясняюць гракоў. Як можна мірна ўжыцца з птушкамі? (відэа + парады)

На Глыбоччыне ўжо каторы год змагаюцца з гракамі. Асабліва не даюць ім супакою ў скверах Глыбокага і Падсвілля.

06.04.2016 Жывая прырода Аўтар: Зміцер Лупач Фота: Леанід Юрык, АПБ

Прычына такой нелюбові — птушкі псуюць сваім памётам помнікі і дарожкі і раздражняюць сваім крыкам некаторых гараджан. Таму гнёзды гэтых птушак сістэматычна зразаюць. Асабліва перад 9 мая, каб гракі, крый Божа, не пашкодзілі каму святочнае ўбранне. Але выдаляюць гнёзды і значна раней, калі птушкі ўжо паспелі адкласці яйкі, і нават калі толькі прыступілі да гэтай адказнай справы.

За некалькі гадоў змагання людзі ўсё ж выцяснілі гракоў з глыбоцкага сквера. У Падсвіллі гракі яшчэ гняздзяцца. Мы спыталі ў мясцовай жыхаркі паэткі Марыі Баравік, якая кожны год паўстае на абарону птушак, пра яе меркаванне на гэты конт.

— Грак не на кожным дрэве можа звіць гняздо. А цяпер іх так пазразалі! Але грак настолькі працавіты, што нават на кусце, на дахах прыватных крамаў можа змясціцца, — эмацыйна кажа жанчына. — Яны ж тут жылі, іх цяжка адтуль выгнаць, дый куды яны палятуць?! Трэба ж неяк мірыцца з гэтым!

Гракі адрозніваюцца ад іншых птушак тым, што селяцца вялікімі калоніямі. Прычым свае гнёзды яны будуюць непадалёк ад чалавека, а вось чалавек не заўсёды рады такому суседству.

— Людзі называюць такіх птушак варонамі, і, наогул, усе птушкі такога росту ў іх вароны. Я здзіўляюся: людзі пражылі жыццё, па 70-80 гадоў, і не адрозняць грака ад вароны, галкі ад шпака… Маўляў, знайшлі птушак — вароны…

А яны селяцца такімі мікрараёнамі, абараняюцца разам. І наогул вясна радуе нас спевам птушак. Грак таксама па-свойму спявае. І калі такі гоман, калі сонца, дождж і птушкі — дык гэта ж радасць!

Гракі часова, пакуль будуюць гнёзды, накідаюць галінак, але дождж праходзіць і іх змывае. Як сядуць на гнёзды, тады ўсё навокал чыста. Калі птушанят выведуць, паразлятаюцца і нічога страшнага, — распавядае паэтка.

Што тычыцца шкоды або карысці, якую прыносяць гракі, то тут усё адносна. Як сцвярджаюць арнітолагі, карысці ад гракоў значна больш: ён знішчае лічынак хрушчоў, драцянікаў, даўганосікаў, іншых шкоднікаў. Птушка паядае таксама зерне кукурузы, сланечніку, чым, вядома, прыносіць шкоду чалавеку. Але ж не самой прыродзе, бо ў прыродзе няма нічога абсалютна дрэннага.  

Гэту інфармацыю пацвердзілі і ў Глыбоцкай раённай інспекцыі па ахове прыроды. Спецыяліст аддзела Ганна Лысенка паведаміла, што зразаць дрэвы з гнёздамі птушак дазваляецца толькі да 15 красавіка. Пасля гэтай даты турбаваць птушак нельга.

 

Што рабіць, калі вашыя суседзі — шумная калонія гракоў?

— Гракі могуць звяртаць на сябе ўвагу крыкамі і «пазначанымі» аўтамабілямі, — тлумачыць дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Але наяўнасць птушак не небяспечная для чалавека. Трэба пацярпець гэтых суседзяў да сярэдзіны чэрвеня, а першыя птушаняты пакінуць гнёзды ўжо ў траўні. У невялікіх калоніях меншы роскід у тэрмінах гнездавання, птушкі хутка выводзяць птушанят. І ў адрозненне ад шэрых варон гракі не бароняць сваіх падлеткаў і ніколі не нападаюць на чалавека.

А. Саўрасаў. Гракі прыляцелі

 

Цікавосткі пра гракоў

Гракі жывуць парамі. Самка наседжвае яйкі 18 дзён. Самец корміць яе ўвесь гэты час і потым, пакуль птушаняты маюць патрэбу ў абаграванні. Грачаняты вылятаюць з гнязда праз 40 дзён, але яшчэ на працягу 20 дзён бацькі іх кормяць. Цалкам самастойнымі птушаняты робяцца толькі ва ўхросце 5 месяцаў!

Грак — інтэлектуал сярод птушак, але яго развіты мозг, здольны аналізаваць даволі складаныя заданні, амаль не ўжываецца ў жыцці, бо ён сілкуюцца даступным масавым кормам. Хоць птушка можа і прыхоўваць корм і праз некаторы час знаходзіць яго. 

Гракі сілкуюцца галоўным чынам дажджавымі чарвякамі, казуркамі і насеннем, могуць падбіраць і харчовыя адыходы. А гэта значыць, што ў вашым раёне будзе менш пацукоў. 

У Заходняй Еўропе колькасць гракоў моцна зменшылася з-за хімізавання сельскай гаспадаркі. Ніхто, дарэчы, не ведае, як гракі абіраюць месца, дзе будуюць сваю калонію. У Вялікабрытаніі рэзкае пакіданне гракамі сваёй калоніі — дрэнны знак для землеўласніка. Так што калі побач ёсць гракоўнік — па фен-шую ваша хата ў выдатным месцы. 

Часам можна бачыць, як супрацоўнікі жыллёва-камунальных службаў восенню ці ранняй вясной здымаюць гнёзды крумкачовых ці абразаюць галінкі, на якіх ёсць гнёзды. 

Грак — дужа разумная птушка і на чалавека не нападае

— Разбураць гнёзды крумкачовых можна з 15 кастрычніка па 15 красавіка. Гэта прапісана ў Законе пра жывёльны свет Рэспублікі Беларусь. Але такія тэрміны — толькі сёлета. З наступнага года падаляць гнёзды будзе дазволена толькі да 15 лютага, бо пасля гэтай даты ў іх могуць засяліцца вушатыя совы. Гэтыя птушкі самі гнёздаў не будуюць. Незаўважныя і спакойныя, яны дакладна не перашкодзяць чалавеку. Хутчэй за ўсё, ён іх нават не заўважыць, — кажа супрацоўнік АПБ па прыродаахоўных пытаннях Цімафей Піко. 

Змену тэрмінаў важна ўлічыць у будучым годзе: калі трэба здымаць гнёзды — рабіць гэта трэба загадзя, а не тады, калі людзі пачуюць крыкі птушак пад вокнамі. Зрэшты, далёка не ўсе хочуць жыць у горадзе без гракоў.

Калонія гракоў — гэта часам шумна, але бяспечна!

 

Даведка ад АПБ: як ужыцца каля гракоў? 

Што можна прапанаваць людзям, каля хат якіх ёсць гракоўнік? Вось асноўныя варыянты развіцця падзей. Падумайце, у якім двары вы хочаце жыць, і пакажыце сваім занепакоеным суседзям! 

1. Збіць гнёзды. 

Плюсы:

  • Гэта можна зрабіць законна. Сёлета жыллёва-камунальныя службы могуць зняць гнёзды гракоў да 15 красавіка. 
  • На некаторы час вы пазбавіцеся ад шуму. 

Мінусы:

  • Гнездаванне зацягнецца на 2 тыдні, і птушкі ўсё адно пабудуюць гнёзды пасля забароненай даты, калі выдаліць іх ужо будзе няможна. Таму лепш гракоў не чапаць, тады яны разам з птушанятамі раней пакінуць ваш двор.
  • Патурбаваныя птушкі могуць засяліцца побач, у яшчэ больш нязручным для вас месцы. 
  • Ці ЖКГ наўрад пагадзіцца падганяць тэхніку для разбурэння гнёздаў кожны тыдзень.
  • Пад канец сакавіка ў гнёздах ужо могуць быць яйкі, і іх здыманне стане сапраўднай «масакрай». На жаль, у Беларусі было нямала такіх выпадкаў. 

2. Абразаць дрэвы. 

Плюсы:

  • Гэта яшчэ можна зрабіць законна. Сёлета жыллёва-камунальныя службы могуць выдаліць галінкі з гнёздамі гракоў да 15 красавіка. 
  • Калі абрэзаць галінкі дрэў і пакінуць «ствол-слупок», гракі не змогуць пабудаваць гнёзды на такім дрэве. Птушкі будуць вымушаныя шукаць новае месца. 
  • Нават пажадана абразаць галінкі, што навісаюць над прыпаркаванымі аўтамабілямі, каб птушкі не пазначалі капоты, дахі і багажнікі і лішні раз не напаміналі пра сваю наяўнасць такім не самым прыемным спосабам. 

Мінусы:

  • Ваш двор застанецца без дрэў і зеляніны. 
  • Вашы вокны адкрыюцца суседзям насупраць, знікне «зялёны бар'ер» для пылу з дарогі. 
  • Гракі перасунуцца на неабрэзаныя дрэвы. І так будзе працягвацца датуль, пакуль усе дрэвы ў акрузе не будуць абрэзаныя.

3. Пацярпець і даць гракам вывесці птушанят. 

Плюсы: 

  • Дрэвы не абрэжуць, і вы захаваеце зялёны двор.
  • Вы зможаце панаглядаць за гнездаваннем гэтых птушак: як яны будуюць гняздо, нехта ломіць галінкі сам, нехта крадзе «будматэрыялы» ў суседзяў, самец з дзюбы ў дзюбу корміць самку... Клопаты клапатлівых бацькоў, кармленне, першыя спробы лётаць — усё гэта вы і вашы дзеці зможаце убачыць, нават не выязджаючы з вялікага горада. 

Мінусы: 

  • Часам будзе чутна наяўнасць гракоў. Зрэшты, да іх «каррр» можна хутка прывыкнуць. А калі яны пакінуць гнёзды ў чэрвені, вам нават будзе іх не хапаць! А ўставаць вясной можна разам з сонцам, як і гракі. Уначы яны паводзяць сябе вельмі ціха.

Некаторыя людзі жадаюць разабрацца з гракамі і пагражаюць: «Мы перастраляем птушак». А гэта незаконна! У горадзе забаронена ўжываць зброю. Стрэлы не застануцца непачутымі: стрэлкам пагражае штраф! Дык давайце разам цешыцца таму, што гракі прыляцелі!


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 06.04.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.