06.06.2018 / 11:06

На сэрвіс “Зялёны тэлефон” звярнуліся жыхары аднаго са сталічных двароў па праспекту Незалежнаці. Іх непакоіла рашэнне мясцовага ЖРЭА высекчы дрэвы ў рамках праекта рэканструкцыі дваравой тэрыторыі.

Як даведаўся Зялёны партал, у дварах дамоў 76, 76а, 78а і 80 па праспекце Незалежнасці павінны былі высекчы 31 дрэва. ЖРЭА планавала перакласці сцежкі, змяніць агароджы і пакрыццё спартыўнай пляцоўцы. Мясцовыя жыхары выступілі супраць такой мадэрнізацыі.

З улікам рэзанасу і інтарэсу людзей, прадстаўнікі Жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага аб’яднання Першамайскага раёна вырашылі правесці сустрэчу з жыхарамі, запрасіўшы на яе спецыялістаў з Мінскзеленбуда і Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі, а таксама экспертаў па пажаданні саміх жыхароў. Сімвалічна, што дата сустрэчы супала з Сусветным днём навакольнага асяроддзя.

Раніцай, 5 чэрвеня, у цені разгалістых дрэваў сабралася каля шасці чалавек з ініцыятыўнай групы мясцовых жыхароў. Разам з прадстаўнікамі Інстытута батанікі і “Зеленбуда” яны ўважліва агледзелі усе дрэвы, якія былі пазначаныя ў плане пад высечку.

Вось ясень звычайны. Навошта яго выдаляць? Ён жа зялёны, ён жа выдатны… Прыбраць тры сухія галіны – мы згодны з гэтым”, - настойвалі жыхары.

З іх меркаваннем паадзіліся і спецыялісты: “На сённяшні дзень дрэва не з’яўляецца аварыйным. Трэба абрэзаць сухое галлё. А тое, што крона нахіленая, то гэта ад ветру”.

На наступным дрэве эксперты таксама не знайшлі падстаў выдаляць яго ў тэрміновым парадку. Адзінай рэкамендацыяй, якую Васіль Савельеў, спецыяліст-батанік даваў яшчэ год таму, - зафарбаваць усе бачныя пашкоджанні і правесці санітарную абрэзку. Але далей завязваецца невялікая спрэчка.

Вы кажаце пра захаванне і выступаеце за жыццё. Аднак эстэтычнага выгляду ніякага. Павінна ж быць прывабнасць і прыгажосць…”, - кажа Васіль Савельеў, звяртаючы ўвагу на перакошанае і тонкае дрэўца.

Майму дзеду 86 год, эстэтычнага выгляду ніякага, але жывы. Дык што, мне яго закапаць? - аргументуе адзін з жыхароў. - Гэта наш двор і мы тут жывем! А ў эстэтычным плане ў ім шмат чаго не хапае”.

І тут жа звяртае ўвагу на іншае, высахлае дрэва, якое не патрапіла пад выдаленне ў мінулым годзе і, як высвятлілася, ніякім чынам не адлюстравана ў новым праекце. Як быццам бы яго ўжо і няма, смяюцца жыхары.

Год таму прыязджалі, высеклі ля 15 дрэваў… Упэўнілі, што выдалілі ўсе дрэнныя насаджэнні, што ў далейшым будзе толькі абрэзка. А таксама абяцалі, дасадзіць у двары зеляніны. А ў выніку гісторыя паўтараецца… 15 тады, 31 зараз - усяго 46 дрэваў… Не ўмееце будаваць і рамантаваць паміж насаджэннямі, дык і не бярыцеся тады! ” - абураюцца людзі.

У мінулым годзе ў двары сапраўды правялі, нечаканы для жыхароў, выдаленне некаторых дрэваў. Пасля чаго эксперт Інстытутам эксперыментальнай батанікі правёў агляд дрэваў і склаў рэкамендацыі па выдаленні некаторых насаджэнняў, а таксама лячэнні і абрэзцы. Аднак, па словах Васіля Савельева, на сёння відавочна, што рэкамендацыі так і не былі выкананыя.

Крыху “пабадацца” давялося мясцовым і за адну таполю. Нягледзячы на тое, што Наталля Пятліцкая, загадчыца Аграхімічнай лабараторыі “Мінскзеленбуда”, заўпэўнівала, што акрамя пуху гэта дрэва нічога не дае двару, а калі яго спілуюць, то стане лягчэй суседняй ліпе, мясцовыя пагадзіліся толькі на кваліфікаваную  фармовачную абрэзку.

Не паддаліся жыхары на ўгаворы выдаліць і клён ясенелісны, што ўвогуле, па словах спецыялістаў, з’яўляецца пустазельнай пародай. Таму канчатковым рашэннем стала абрэзка сухога галля ў кроне.

Папрасілі не чапаць дрэвы абапал праезднай часткі, бо яны служаць натуральным агараджэннем ад паркоўкі аўтамабіляў на зялёнай зоне.

Так, у выніку падрабязнага агляда ўдалося дамовіцца на выдаленне ўсяго шасці дрэваў з 31 мяркуемага. Пад пытаннем засталіся тры з дупламі і пашкоджаннямі.

Ствалы ў месцы пашкоджання трэба пракруціць бурам. Магчыма вы ўбачыце, што здаровага ў ім засталося мала. І яно сапраўды ўяўляе небяспеку. Тым больш, што з двух бакоў гэта дрэва не абаронена ад ветру, - указвае Ігар Корзун, каардынатар кампаніі “Гарадскі Ляснічы”, на пашкоджаны клён. - Уявіце, у кроне дрэва напоўнена сокамі і цяжкое, а ў ствале яно тонкае - сапраўды можа ўпасці”.

Самым верагодным выйсцем бачыцца, на думку спецыялістаў, выдаленне і высадка кампенсацыйных насаджэнняў на іх месцы.   Аднак жыхары, большасцю галасоў усё ж вырашылі даць шанс дрэвам, узяўшы на сябе адказнасць за іх лячэнне і ўмацаванне.

Каб перастрахавацца намеснік дырэктара ЖРЭА па будаўніцтву Раман Мамедаў прапанаваў мясцовым заверыць дамову па тром спрэчным дрэвам распіскай, што ў выпадку падзення ўсю адказнасць нясе ініцыятыўная група. І рашэнне па выдаленні шасці насаджэнняў у выніку агульнага агляду таксама заверыць пісьмова.

У сваю чаргу мясцовых занепакоіла, якім чынам будзе гэта інфармацыя адлюстравана ў праекце, каб пры выкананні работ пад высечку не пайшлі здаровыя дрэвы.

За рабочымі трэба пільна сачыць, бо з досведу, яны пілуюць здаровае дрэва па суседству з небяспечным…Здараецца ў іх такое”, - падкрэсліла Ірына Сухій з грамадскага аб’яднання “Экадом”.

Аднак прадстаўнік ЖРЭА упэўніў, што выбраныя насаджэнні будуць дакладна пазначаны чырвоным колерам.

Яшчэ адным спрэчным пытаннем для жыхароў з’яўляецца неабходнасць рэканструкцыі дваравой тэрыторыі ў цэлым. Бо згодна з планам, які як быццам бы з імі ўзгаднілі, на ўсёй пляцоўцы павінны перакласці сцежкі і замяніць агароджу спартыўнай пляцоўкі.

На самой справе думалі, што мы сустрэнемся і абмяркуем праект, які распрацоўваўся. А ў выніку да нас прыйшлі і сказалі: “Значыць так, вось план, які ўжо зацвердзілі”, - распавядае жыхар. - Калі глядзець аб’ектыўна, то пакрыццё замяняць тут не трэба. Калі ў праекце прадугледжана пракладка дадатковых сцежак на месцы вытаптаных, то давайце так і зробім. А здымаць старую плітку, каб на яе месца пакласці новую – які сэнс? Давайце зэканомім сродкі і перавядзем іх якому дзіцяці на лячэнне”, - прапануюць яны.

Такое ж непаразуменне выклікае жаданне ўладаў замяніць жалезную агароджу на пляцоўцы. З улікам, што старая ў цэлым знаходзіцца ў добрым стане.

Зрабіце гумовае пакрыццё і ўсталюйце вароты – гэтага будзе дастаткова”, - раяць мясцовыя.

Не бачаць логікі людзі і ў арганізацыі сцежак праз дзіцячую пляцоўку, якія “парэжуць” яе на невялікія сектары. Куды лепей, сцвярджаюць яны, мець вялікую агульную тэрыторыю, дзе дзеці могуць гойсаць.

Неабходнасць існуе ва ўсталяванні штучнай перашкоды з боку ад дома па Незалежнасці, 78а, каб прадухіліць небяспеку патраплення дзяцей на праездную частку.

Скептыс у жыхароў выклікае не толькі мэтазгоднасць укладання сродкаў у такую мадэрнізацыі, але і верагоднасць пашкоджання насаджэнняў ці ўвогуле іх выдаленне падчас рэканструкцыі.

Са свайго боку Раман Мамедаў паабяцаў усе заўвагі перадаць кіраўніцтву, аднак ён не бярэцца сцвярджаць, што атрымаецца ўнесці змены ў праект. Каб гэты працэс быў больш празрыстым ініцыятыўная група гатова не толькі аформіць прапановы ў пісьмовым выглядзе, але і асабіста сустрэцца з кіраўніком адміністрацыі.

Пасля сустрэчы ў мінулым годзе мы чакалі ўсё лета, што нам прадставяць распрацаваны праект на ўзгадненне. Мы трымалі сувязь з Тамарай Аляксандраўнай (пяпярэдніца Рамана Мамедава, намесніца начальніка ЖРЭА - дадатак аўтара). Але заўсёды атрымоўвалі нейкія адгаворкі”, - наракаюць людзі.

Вынікамі сённяшніх перамоў прадстаўнікі ініцыятыўнай групы засталіся задаволеныя, хаця б у тым, што улады ў нейкім сэнсе пайшлі ім на сустрач.

Зялёны партал будзе сачыць за развіццём падзей.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость