На гэты раз фэст павялічыўся на адзін дзень. Зрэшты, вырасла не толькі працягласць дзеі, але і колькасць наведвальнікаў. У кэмпінгу літаральна не было дзе яблыку ўпасці. На фэст ехалі парачкамі, цэлымі сем'ямі, вялікімі кампаніямі з сабакамі.
І пазабавіць сябе было чым: больш 30 рознастылёвых выканаўцаў на трох канцэртных пляцоўках, лекторыі, экскурсіі, майстар-класы, спектаклі і начныя кінапрагляды, чыл на фудкортах сярод кафэ і гастра-энтузіястаў.
Яшчэ адным новаўвядзеннем SPRAVA стала спроба больш адказна ставіцца да смецця. Відавочна, што пры вялікім скапленні людзей ад адходаў нікуды не падзецца. А з улікам любові да самаго фэста і месца яго правядзення экалагічны след івэнта хацелася зменьшыць і пакінуць прыродны куток у чысціні.
Валанцёры і валанцёркі таварыства "Зялёная сетка" на тэрыторыі паўвыспы арганізавалі трынаццаць пунктаў сартыроўкі смецця. Сабраныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы пасля сканчэння фэсту адправіліся на лінію сартыроўкі ў Навалукомль і далейшую перапрацоўку.
І памятайце, што добрую SPRAVA мы зрабілі ўсе разам!