08.04.2015 / 10:04
Стан нашага здароўя залежыць ад многіх фактараў. Адзін з асноўных — гэта здаровае харчаванне. Што гэта такое, і колькі з нас ядуць па-сапраўднаму здаровую ежу?

Для большасці беларусаў само словазлучэнне «здаровае харчаванне» мае даволі ўмоўны сэнс. То бок гэта нейкі шэраг «натуральных» прадуктаў, у складзе якіх няма «хіміі» і якія не шкодзяць агульнаму стану здароўя. Пры гэтым мала хто зможа дакладна акрэсліць спіс патрэбных прадуктаў, як і спіс шкодных, і, галоўнае, сказаць, чым жа яны шкодныя.

Між тым пабудова сістэмы здаровага харчавання немагчыма без шэрагу ведаў па гэтай тэме. Прасцей кажучы, спачатку трэба пабудаваць тэарытычную сістэму ўласнага ўжывання ежы, каб потым яе прымяніць на практыцы.

Якое харчаванне здаровае?

Аднаўленне энэргіі. Менавіта для гэтага нам патрэбна есці. І каб падтрымліваць энэргетычны баланс арганізму, колькасць калорый павінна адпавядаць яго штодзённым патрэбам. Акрамя калорый для нармальнага функцыянавання арганізму патрэбны шэраг вітамінаў і мінералаў, якія таксама ўтрымліваюцца ў ежы.

Адустнасць шкоды. Ежа павінна не толькі прыносіць карысныя рэчывы ў наш арганізм, але яшчэ і не прыносіць шкодных. Бо любыя з іх нашым арганізмам перапрацоўваюцца. У выніку мы атрымліваем запас энэргіі, вітамінаў і мінералаў, але разам з тым наш арганізм выводзіць шэраг прадуктаў перапрацоўкі ежы, якія яму не патрэбныя. Да таго ж і на сам працэс перапрацоўкі арганізм траціць энэргію.

Нездарма кожны дыетолаг падкрэслівае, што не ўсе прадукты аднолькава лёгка пераварваюцца страўнікам. Не аднолькава яны засвойваюцца, і аб’ём «адкідаў», якія павінен вывесці арганізм, таксама атрымліваецца розным.

Разнастайнасць. Як паказваюць даследванні, ды і банальны досвед шмат каго з нас, арганізм часам пачынае «бунтаваць» супраць аднастайнага харчавання. Гэта прыводзіць да страты апетыту. Часам пачынаюцца праблемы з працай страўніка і кішачніка. І гэта адзін з ускосных фактараў зніжэння працаздольнасці.

Дык як жа харчавацца правільна? Давайце разбярэмся ў гэтым паслядоўна. І пачнем з найбольш міфалагізаванага складніка — калорый.

Энэргетычны баланс

Колькасць калорый – гэта першае, з чым павінен вызначыцца кожны чалавек, які пачаў будаваць уласную сістэму здаровага харчавання. Для таго, каб дэталёва вызначыць неабходную колькасць калорый, трэба ўлічваць спецыфіку штодзённай дзейнасці чалавека, яго ўзрост, вагу і рост. У сеціве існуе дастаткова розных «калькулятараў» для вылічэння гэтых параметраў. Але ёсць агульныя патрабаванні, да якіх трэба адносіцца вельмі ўважліва.

Так, у залежнасці ад фізічных нагрузак, штодзённы мінімум маладога здаровага чалавека знаходзіцца ў прамежку ад 2800 да 4300 калорый. Пасля трыццацігадовага узросту патрэба ў калорыях патроху пачынае зніжацца. Але нават для сталага ўзросту яна дасягае ад 2550 да 3900 калорый і вагаецца зноў жа ў залежнасці ад аб’ёму фізічных нагрузак.

Шмат хто можа падумаць, што гэта вялікія паказчыкі, і яны прывядуць яго да праблемы з лішняй вагой. Асабліва гэтага баяцца жанчыны, якім массавыя стэрэатыпы актыўна прапануюць сядзець на дыетах. І яны трапляюць у небяспечныя сітуацыі, калі ў лепшым выпадку пасля сканчэння дыетычнага курсу набіраюць больш вагі, чым было раней. А ў горшым выпадку ў іх парушаецца працэс абмену рэчываў. У выніку — шматлікія сур’ёзныя праблемы з стрававальнай сістэмай, і не толькі з ёй.

Дыетычны міф

Прычына гэтага ў тым, што калі арганізм не атрымлівае патрэбнай колькасці калорый, ён пачынае знішчаць уласныя цягліцавыя тканіны, каб атрымаць патрэбную колькасць энэргіі. Чаму ён не знішчае тлушч, як таго хочуць прыхільнікі дыетаў? Бо для падтрымання энэргетычнага балансу арганізму ў першую чаргу патрэбны бялок. Для нармальнай жыццядзейнасці штотыднёвая патрэба ў бялку вымяраецца з разлікам 0,8-1 грам бялку на кілаграм вагі цела.

Тлучш пачынае «згараць» тады, калі бялку ўжо недастаткова. Але гэта стан, пры якім арганізм нармальна не працуе. І сам чалавек гэта адчувае: агульная слабасць, немагчымасць вытрымаць нагрузкі, якія раней былі стандартнымі, а часам і наогул страта прытомнасці. Такі стан наступае, калі штотыднёвы аб’ём калорый зніжаецца да 1100. Пры гэтым у крыві рэзка павышаецца ўзровень крэатыніну, і стан арганізма аказваеццца блізкім да таксічнага атручвання.

Хтосьці скажа, што да такога стану можа дайсці толькі чалавек з сындромам анарэксіі. Але ж гэты крайні выпадак дэманструе агульны напрамак знішчэння ўласнага арганізму, якое пачынаецца з эксперыментаў па зхудненні з дапамогай галадання.

Чаму так шмат увагі трэба надаваць гэтаму нюансу? Таму што праблема з лішняй вагой зараз актуальная па ўсім свеце. Беларусь — не выключэнне. Да таго ж і масавая культура ставарае стэрэатып «тонкай» прыгажосці. І не маючы адпаведных, нават мінімальных ведаў, людзі кідаюцца без развагаў у палон розных дыетаў з сумнеўных, далёкіх ад медыцыны сайтаў.

Сапраўдную барацьбу з лішняй вагой трэба пачынаць з пошуку прычын. Калі гэта не канкрэтныя захворванні, якія патрабуюць спецыяльнага лячэння, то вырашаецца праблема трыма дзеяннямі. Першае — правільнае сбалансаванае харчаванне. Другое — правільны рэжым дня. Трэцяе — штодзённыя фізічныя трэніроўкі. Тое самае можна сказаць і пра больш рэдкую праблему — недастатковую вагу цела.

Автор:
Фотограф:
subscribe.ru, jenskiimir.ru, kapushka.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость