Арганізацыя «Майстэрня сацыяльнага кіно» сумесна з вопытнымі прадзюсерамі, сцэнарыстамі і аператарамі, кампаніямі айчыннага кінарынку, а таксама таварыствам «Зялёная сетка» запусцілі конкурс «Kinosprint». Яны разлічваюць не толькі падтрымаць маладых творцаў і даць якасны штуршок развіццю галіны, але і прыцягнуць увагу людзей да экалагічнай тэмы.
Экалагічная праблематыка невыпадкова была выбрана за тэматычную аснову конкурсных работ. Усё вастрэй паўстаюць у сучасным грамадстве пытанні аховы навакольнага асяроддзя, але, нягледзячы на гэта, яны пакуль не знаходзяць асаблівага інтарэсу ў людзей.
«На сённяшні дзень кіно — гэта самы зручны і цікавы спосаб данесці інфармацыю да шырокіх мас. Кіно натхняе і падахвочвае, змяняе свядомасць. Асабліва гэта важна для экалагічных НДА Беларусі, якія сутыкнуліся з праблемай незацікаўленасці грамадства ў экалагічнай тэматыцы. На жаль, ахова навакольнага асяроддзя ўспрымаецца вельмі спецыялізавана. Таму кіно мы разглядаем як сродак прамой і эфектыўнай камунікацыі з людзьмі», — падкрэсліла інтарэс таварыства «Зялёная сетка» яго PR-менеджэр Анора Лангар.
Эксперты экалагічных НДА гатовы падключыцца да кансультацый каманд і інфармацыйнай падтрымкі, каб гісторыі кінастужак грунтаваліся на праўдзівых фактах і каб па выніках конкурсу на беларускія экраны і экраны міжнародных кінафестываляў выйшаў прадукт, які будзе адпавядаць рэчаіснасці.
Як з жалем адзначылі на сустрэчы астатнія спецыялісты, беларускі кінематограф сёння знаходзіцца на стадыі развіцця і пераасэнсавання, што робіць яго падобным на сферу аховы навакольнага асяроддзя, якая таксама патрабуе актуалізацыі і прытоку новага пакалення заангажаваных людзей.
Асновы для стварэння такога прэцэдэнту былі закладзеныя яшчэ шмат гадоў таму. Па словах Віктара Васільева, старшыні Беларускага саюзу кінематаграфістаў, пачынаючы з развалу Савецкага Саюзу нашай моладзі не ўдзялялася дастаткова ўвагі, быў страчаны час. З гэтай прычыны зараз не бачна плёну іх працы, розуму, стылю, характару. Аднак Віктар Васільеў не губляе аптымізму, падкрэсліваючы, што сітуацыя пачынае паціху спраўляцца, кінематограф рухаецца наперад. Але, на жаль, пакуль гэтага не дастаткова, каб «вырасціць» рэжысёраў не аднаго фільма, а прафесіяналаў, хаця намаганні прыкладае і Акадэмія мастацтваў, і індывідуальна разнастайныя кампаніі.
Менавіта з гэтай нагоды і быў задуманы конкурс, які дазволіць знайсці маладых і таленавітых людзей, у сілах якіх здымаць якасны кінапрадукт пры разнабаковай падтрымцы спецыялістаў і экспертаў.
«Мы сапраўды згубілі цэлае пакаленне, і каб не згубіць яшчэ і будучае, трэба ўжо сёння сур'ёзна падыходзіць да гэтай праблемы. Такім чынам, аб'яднаўшы намаганні ў гэтай сферы, мы спадзяёмся атрымаць цікавыя вынікі, з'яўленне новых імён, прэм'ерных фільмаў і работ не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі», — кажа Юрый Ігруша, генеральны прадзюсер «БелФільм Група».
Са свайго вопыту Юрый Віктаравіч зазначыў, што моладзі неабходна падтрымка і дапамога, не толькі на стадыі распрацоўкі ідэі, напісання сцэнару, тэхнічнага аснашчэння ці мантажу, але нават на самым канчатковым этапе. Дзякуючы прагрэсу, маладое пакаленне спрабуе свае сілы ў кінематаграфічнай справе, але, стварыўшы карціну, не ведае механізмаў прасоўвання работ на міжнародныя фестывалі. Праз гэта нават таленавіты чалавек можа не ўзяцца за наступны фільм, бо не адчувае аддачы.
Акрамя гэтага, эксперты азначылі яшчэ адну, не менш важную праблему, якая зараз затарможвае развіццё галіны, — адсутнасць вопыту супрацы ў моладзі. Па словах Аляксандра Левенчука, генеральнага прадзюсера «New wave production» і Сяргея Якубоўскага, дырэктара rent-кампаніі «First Rental», з навучальных устаноў выходзяць людзі без практычнага вопыту працы і па вузкаспецыяльных пазіцыях. І калі таленавітых адзіночак яшчэ можна знайсці, то вось паўнацэнных і моцных калектываў ніхто з экспертаў прыгадаць не змог.
«Мы дапамагаем студэнтам і выпускнікам здымаць і прадзюсіраваць караткаметражныя фільмы, але сутыкаемся пастаянна з адной праблемай — неўменнем працаваць у камандзе. Яны не могуць ні дамовіцца, ні патлумачыць ідэю, якую хочуць рэалізаваць. Часта на гэтым і заканчваецца працэс стварэння стужкі», — дадае Сяргей Якубоўскі.
З разлікам на вырашэнне гэтага пытання да ўдзелу ў конкурсе заяўкі могуць падавацца камандамі, у састаў якіх павінны ўваходзіць рэжысёр, аператар і прадзюсер. Не выключаюцца і індывідуальныя заяўкі на ўдзел, якія ў працэсе пройдуць этап кірмашу спецыялістаў і камандаўтварэння. Акрамя гэтага, спецыялістамі будзе аказвацца пастаянная кансультацыйна-адукацыйная падтрымка дзеля таго, каб выпрацаваць у каманд не толькі тэарэтычныя веды, але і матывацыйную базу, практычны навык. Пры гэтым ніхто з экспертаў не збіраецца ўмешвацца ў творцыя працэсы ці кіраваць камандай на пляцоўцы. Іх задача заключаецца ў тым, каб задаць правільны накірунак, перасцерагчы ад памылак, якія могуць стаць для маладых творцаў лёсавырашальнымі.