09.09.2015 / 13:09

Пра “бруднае паветра” кожны з нас чуе з маленства. Бацькі імкнуцца адправіць сваіх дзяцей на адпачынак у санаторыі альбо да бабуляў у вёску, каб дзеці падыхалі “чыстым паветрам” і адпачылі ад гарадскога смогу. Але што такога страшнага насамрэч утрымліваецца ў нашым паветры і ці сапраўды можна схавацца ад гэтых пагроз у вёсцы ці санаторыі?

У атмасферы сучасных гарадоў, насамрэч утрымліваецца мноства небяспечных рэчываў. Іх галоўнымі крыніцамі, як нескладана здагадацца, з’яўяляюцца выхлапныя газы транспарту і адкіды прамысловасці.

Завісь

Завісь – гэта сукупнасць мікрачасціцаў (памерам да 10 мікрон), якія ўзнікаюць пасля спальвання амаль усіх відаў паліва, а таксама ў выніку асушэння глебы. То бок гэта пыл, сажа і дым, якія кожны дзень трапляюць у атмасферу як непазбежны вынік нашай жыццядзейнасці.

Важна разумець, што хімічны склад завісі можа быць вельмі розны. Любая завісь прыводзіць да узнікнення такой непрыемнай з’явы як смог, але не любая завісь аднолькава шкодная для здароўя чалавека. Чым больш таксічных элементаў утрымлівалася ў спаленых рэчывах, тым больш небяспечныя наступствы прынясе завісь, якая не толькі даволі доўгі час можа утрымлівацца ў паветры, але і выпадаць разам з ападкамі і наносіць шкоду раслінам. Да прыкладу, завісь насычаная аксідамі азоту і серы з’яўляецца адной з прычынаў захворванняў сэрца і узнікнення ракавых пухлінаў. Аднак нават “бязшкодная” завісь, то бок без вялікага утрымання таксічных рэчываў, негатыўна ўплывае на дыхальную сістэму, і правакуе адпаведныя захворванні.

Дыяксід серы (SO2)

Гэты небяспечны газ, злучаючыся з вадой у атмасферы ападае на зямлю кіслотнымі дажджамі, якія ўтрымліваюць серністую кіслату. Яна небяспечная для усіх раслінаў і мікраарганізмаў у глебе, а ў людзей правакуе захворванні лёгкіх і бронхаў.

Трэба адзначыць, што ў нашай мясцовасці ўзровень дзіаксіду серы ў паветры не вельмі вялікі, бо галоўнай яго крыніцай з’яўляецца вугаль. То бок найбольш такіх выкідаў атрымліваецца ў мецах працы вугальных кацельных ды электрастанцый.

Аксід азоту (NOx)

Уздзеянне аксіду азоту падобнае да дзіаксіду серы. Ён таксама выпадае ў выглядзе кіслотных дажджоў і прыводзіць да ўзнікнення захворванняў дыхальнай сістэмы. Але гэтае рэчыва больш небяспечнае, бо нават у невялікай колькасці можа прыводзіць да парушэнняў дыхання. А ў рэгіёнах з высокай канцэнтрацыяй аксіду азоту адзначаецца нараджэнне дзяцей з хваробамі дыхальных шляхоў.

Да таго ж, пад уздзеяннем сонечнага святла, аксід азоту можа удзельнічаць у хімічных рэакцыях, вынікам якіх становіцца ўзнікненне яшчэ больш шкодных таксінаў, і смогу з бурай афарбоўкай.

Утвараецца аксід азоту ў выніку спальвання арганічнага паліва – на прадпрыемствах, электрастанцыях і ў рухавіках аўтамабіляў.

Аксід вугляроду (угарны газ) (CO)

Асноўная частка гэтага, усім вядомага газу ў нашае паветра трапляе з выхлапных трубаў аўтамабіляў. У атмасферы ён захоўваецца каля месяца ў нязменным выглядзе, а пасля пераўтвараецца ў звычайны вуглякіслы газ (CO2). Сам па сабе угарны газ вельмі небяспечны, бо прыводзіць да зніжэння магчымасці крыві пераносіць кісларод. У выніку чалавек памірае. Але такая небяспека ёсць толькі ў месцах вельмі вялікай канцэнтрацыі угарнага газу (напрыклад, у памяшканнях падчас пажару).

Азон (О3)

Пра азонавы слой, які бароніць нас ад шкоднага выпраменьвання, чулі ўсе. Але гэты слой знаходзіцца на вышыні 15-50 кіламетраў над паверхняй Зямлі. А вось сам па сабе азон, які ўзнікае ў атмасферы ў выніку сінтэзу лёгкіх арганічных рэчываў і аксідаў азоту пад уздзеяннем спякоты і сонечнага святла. Таму менавіта ў гарадах летам найбольшы узровень азону. Азон – моцны акісляльнік, які ў вялікай колькасці прыводзіць да апёкаў слізістай абалонкі дыхальных шляхоў.

Свінец (Pb)

Гэты небяспечны для здароўя метал доўгі час трапляў у атмасферу з выхлапных газаў, бо ў шматлікіх аўтамабілях выкарыстоўваўся эціліраваны бензін. Зараз такі бензін амаль нідзе не вырабляецца, дзякуючы чаму ўзровень свінца ў атмасферы патроху зніжаецца. І гэта добрая навіна, бо свінец вельмі небяспечны для здароўя. Ён правакуе захворванні пячонкі, нырак, нервовай сістэмы і псіхікі. Да таго ж ён можа прыводзіць да парушэнняў развіцця ў дзяцей. Свінец трапляе ў арганізм з паветрам, вадой, ежай і пылам. І паколькі ён назапашваецца раслінамі, то пасля спальвання сухой лістоты, зноў трапляе ў атмасферу.

Лятучыя арганічныя рэчывы

З гэтай групы рэчываў ў атмасферы найбольш часта сустракаюцца бензол, фармальдэгід і 1-3 бутадзіен. Яны ўтвараюцца ў выніку непоўнага згарання аўтамабільнага паліва і выпарэння змазачных матэрыялаў. Нават у невялікай колькасці прыводзяць да ракавых захворванняў, хваробаў пячонкі і нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы і бясплоддзя. У цяжарных жанчын гэтыя рэчывы прыводзяць да уродстваў дзіцяці.

Акрамя гэтага лятучыя арганічныя рэчывы лёгка ўступаюць у кантакт з кіслародам і іншымі акісляльнікамі, у выніку чаго ўтвараюцца яшчэ больш небяспечныя таксіны.

Таксічныя рэчывы

Гэта вельмі вялікая група розных выкідаў у атмасферу. Закон ЗША “Аб чыстым паветры” (Clean Air Act) налічвае 188 такіх рэчываў, якія выкідвае ў атмасферу прамысловасць, 21 рэчыва, якія утрымліваюць выхлапныя газы і 33 злучэнні, характэрныя для паветра буйных гарадоў. Большасць з гэтых рэчываў – небяспечныя канцэрагены.

Калі казаць пра ўзровень адкідаў аўтатранспарту, то пэўна ён сапраўды ўтрымліваецца ў рамках вызначанай заканадаўствам нормы, бо без тэхагляду транспарт на дарогі не трапляе, а узровень выхлапаў на тэхаглядзе кантралюецца. Што тычыцца выкідаў прамысловасці – па статыстыцы ў нас таксама ўсё добра. Але, як вядома, з “буйнымі гульцамі” заўсёды не ўсё так проста. І часам прыходзіцца чуць ад жыхароў нашых раёнаў скаргі на “хімічны дым” з боку розных прадпрыемстваў. Напрыклад, цягам доўгіх гадоў па начах “дыміў” Гомельскі кабельны завод.

Але ёсць і іншы момант – нават, калі узровень выхлапаў кожнага аўтамабіля ў норме, у цэлым машын у нашым горадзе з кожным годам становіцца ўсё больш. А значыць і агульны ўзровень забруджвання таксама падвышаецца. З улікам таго, што “зялёны фільтр” нашага гораду не толькі не павялічваецца, а апошнім часам наогул імкліва скарачаецца, асабліва ў цэнтры, пагроза нашаму здароўю з боку забруджанай атмасферы, на жаль, нікуды не знікае.

Автор:
Фотограф:
svoboda.org, gogetnews.info, blog.avtobazar.ua
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость