Візуальная экалогія горада. Будаваць дамы, абапіраючыся на мінулае і гледзячы ў будучыню

На выходных у Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя-форум “Агульны горад: стратэгіі кіравання і партнёрства для ўстойлівых гарадоў”. Адзін з выступоўцаў, актывіст Дзяніс Тушынскі, падзяліўся з Зялёным парталам некаторымі тэзісамі свайго даклада “Візуальная экалогія горада: псіхалагічныя аспекты захавання гісторыка-культурнай спадчыны”.

У вядомай “пірамідзе патрэбаў” Абрахама Маслоў спрыяльнае асяроддзе знаходзіцца далёка не ў базісе, а бліжэй да вяршыні. Па аналогіі адно з даследаванняў такога кшталту вызначыла іерархію патрэбаў, якія задавальняюцца гістарычным турызмам:

  • у рэлаксацыі,
  • у прыгодах,
  • у кантактах,
  • у пазнанні,
  • у самарэалізацыі.

Ва ўмовах буйных беларускіх гарадоў з адносна невялікай колькасцю гістарычных помнікаў, менавіта помнікі будуць з’яўляцца кропкамі прыцягнення ўвагі.

Што вабіць увагу?

Разнастайная забудова і багаты дэкор (што часта характэрна для гістарычнай архітэктуры) забяспечвае аптымальныя, камфортныя ўмовы для працы зрокавага апарату. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да большай працаздольнасці і меншай трывожнасці гараджанаў.  Прыклад аптымальнага (у цэнтры) і агрэсіўных (з вялікай колькасцю аднолькавых элементаў) візуальных палёў (Новы Арлеан).

Тэорыя Эрыха Фрома аб экзістэнцыяльных патрэбах (у прыватнасці, патрэбы ва ўкараненні і ў самаідэнтыфікацыі) можа быць выкарыстана ў якасці падмурка для тлумачэння інтарэсу людзей да гістарычнай спадчыны.

Сацыялагічныя апытанні сведчаць, што беларусы цікавяцца гісторыяй, шукаюць, “за што б зачапіцца”. На фоне малалікасці старой архітэктуры ідэнтычнасць фармуецца нават на аснове сталінскага ампіру.

Карысна даследаваць узаемадзеянне з гістарычнай спадчынай у кантэксце паводзінавай эканомікі, дысцыпліны аб прыняцці эканамічных рашэнняў. Паводзінавая разнастайнасць болей, чым у 100 разоў вышэйшая ў гістарычных цэнтрах гарадоў, чым у спальных раёнах.

Карыснасць спадчыны ў тым, што яна можа прыносіць прыбытак і з’яўляецца магутным эканамічным фактарам. Напрыклад, у ЗША, жывыя музеі і гістарычныя музеі займаюць адпаведна першае і трэцяе месца сярод самых папулярных аб’ектаў культуры.

Музеі ўвогуле забяспечваюць 726 тысяч працоўных месцаў, прыносяць прыбытак у 50 мільярдаў даляраў у год і 12 мільярдаў падаткаў у бюджэт. Турысты, якія наведваюць музеі, трацяць на 60% больш, чым тыя, хто іх не наведвае. Музеі вяртаюць $5 на кожны $1 урадавых інвестыцыяў.

На жаль, у Беларусі турыстычны патэнцыял гістарычнай спадчыны выкарыстоўваецца абсалютна не дастаткова. У тых жа ЗША музеі наведвае 850 мільёнаў наведвальнікаў (2,6 на жыхара краіны) штогод, а ў Беларусі на аднаго жыхара прыпадае 0,6 наведванняў у год.

Адно з даследаванняў паказвала, што спадчына важная для людзей, бо:

  •  
  • дае адчуванне ідэнтычнасці;
  • заўжды з’яўлялася часткай іх жыцця і, такім чынам, дае адчуванне стабільнасці;
  • забяспечвае пагружэнне ў мінулае;
  • можа змяшчаць пакуль не ўсвядомленыя каштоўнасці;
  • старыя будынкі прыемныя, яны вабяць; яны прыгожыя
  • яе страта будзе незваротнай;
  • гэта можа быць прыбыткова;
  • забяспечвае гонар за продкаў, гісторыю.

Такім чынам, для аховы спадчыны  важным з’яўляецца папярэдняе ўсталяванне асобасных адносін з ёй.

Шматлікія даследаванні паказваюць, што ў кварталах з традыцыйнай, гістарычнай забудовай сацыяльнае ўзаемадзеянне значна больш актыўнае, людзі больш з’яднаныя. Жыхары лепей ведаюць адзін аднаго, што дае большыя магчымасці для самаарганізацыі, супольнага адстойвання сваіх правоў.

Часам гэта звязваюць з архітэктурай, сувымернай з чалавекам. Сувымернасць характэрная не для любой гістарычнай архітэктуры. Напрыклад, сярэднявечны горад сувымерны чалавеку, бо пабудаваны для яго, чалавек там – адзінка вымярэння (дзверы троху вышэйшыя за чалавечы рост, вокны па росце…). А старажытнаегіпецкая архітэктура прызначана не для людзей, а для багоў. У Мінску прыклад несувымернага будынка – Палац незалежнасці. Да таго ж там функцыя супярэчыць форме.

У ЗША, як і ў Беларусі, людзі наракаюць, што будоўлі вядуцца без узгаднення з імі. Аднак, між нашымі краінамі ёсць істотная розніца: усе прадстаўленыя бакі павінны прыйсці да кансэнсусу. Калі яны не выпрацоўваюць супольнае рашэнне па праекце, справа перадаецца ў суд.

Гэта не так, як у нас, што тры тысячы чалавек супраць, а праект усё роўна рэалізуюць без зменаў. Павінна быць зменена беларускае заканадаўства аб масавых абмеркаваннях, яно павінна стаць празрыстым, дэталёвым, каб абараняла інтарэсы грамадзян. Забудоўца павінны пераконваць, а не ставіць перад фактам.

Між тым, многія не ўсведамляюць, што такое спадчына. Напрыклад, 38% уладальнікаў гістарычных аб’ектаў у Аўстраліі лічаць, што валоданне імі – гэта праблема, а 40% – што заканадаўчыя ахоўныя абмежаванні немэтазгодныя. Такім чынам, важна публічна абмяркоўваць паняцце спадчыны, выбудоўваць у людзей асабістыя стасункі з аб’ектамі спадчыны і падтрымліваць яе ўладальнікаў.

Для Беларусі актуальная праблема страты гістарычнай памяці, невыразнасці нацыянальнай свядомасці. Чым слабейшая гістарычная свядомасць, тым мацней яе трэба падпітваць вокавымі фактарамі, у прыватнасці, адроджанымі помнікамі гісторыі.

Архітэктура ў нас часта носіць чыста функцыянальны характар і не мае эстэтычнай функцыі. Ілюстратыўны прыклад – будынкі гандлёвых цэнтраў. “Каробка” не выклікае эстэтычных пачуццяў.

Істотная характарыстыка архітэктуры – прыродаадпаведнасць. Разам з ёй можна казаць і пра гістарычную пераемнасць архітэктурных форм.

Пуэбла Таос (Нью Мексіка, ЗША) – аб’ект спадчыны ЮНЭСКА. Па форме і колерах нагадвае традыцыйныя для гэтага штата формы рэльефа.

Гэта селішча народа пуэбла мае шмат сотняў гадоў багатай гісторыі. Яно пабудавана з прыродных матэрыялаў, а менавіта з “адобавай” (саманнай) цэглы.

Сучасная архітэктура штата Нью-Мексіка нярэдка выкарыстоўвае традыцыйныя формы, а часам і матэрыялы.

Дзе гістарычная пераемнасць у сучаснай забудове Мінска? Дзе мы можам пабачыць дэкор, скажам, на аснове віленскага барока? Ці матэрыялы, якія б нагадвалі народную архітэктуру?

Будзем спадзявацца, што ў Беларусі ўсё наперадзе.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 09.09.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.