09.10.2018 / 14:10

Балота Ельня і навакольныя палі — важнае месца для жураўлёў, дзе яны збіраюцца падчас восеньскай міграцыі. Яны сілкуюцца на палёх з прыбранай кукурузай удзень, а на ноч злятаюцца на балота: там яны могуць пераначаваць у бяспецы ад драпежнікаў.

Каб пачуць уначы набліжэнне лісы, жураўлі павінны стаяць у вадзе. Таму для начовак яны выбіраюць вялікія мелкаводныя азёры ці абводненыя ўчасткі балотаў, а такіх месцаў шмат на Ельні. Пералёт на балота пачынаецца за гадзіну да заходу сонца, таму, калі расставіць па усім перыметры балота назіральнікаў, якія адначасова падлічаць птушак, што ляцяць на балота, то можна даволі дакладна ацаніць колькасць журавоў у згуртаванні. Перыметар Ельні складае амаль 150 км.

АПБ і заказнік «Ельня» з дапамогай мясцовых захавальнікаў і валанцёраў робяць такія падлікі штогод больш за 10 год.

Для падлікаў групы назіральнікаў размяркоўваюцца на высокіх кропках вакол балота ў Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнах. Падлікі пачынаюцца за 1-1,5 гадзіны да захаду і сканчваюцца ў цемры. Потым назіранні ўдзельнікаў супастаўляюцца па часе, каб выключыць падвойныя, і падлічваецца агульная колькасць жураўлёў.

Серые журавли на закате
Серые журавли на закате

Сёлета ўлікі правялі 28 верасня і налічылі 6216 асобін. Гэта — адзін з максімальных вынікаў за час назіранняў.

Валанцёрка Наста Рэзнікава: “Я даўно хацела ўзяць удзел ва ўліках жураўлёў, але атрымалася толькі сёлета. Калі забіраешся на 35-метровую вышыню, а навокал відаць толькі Ельню і лясы побач, дух захоплівае. Аніводнага лішняга гуку: толькі пераклікаюцца дразды, крык самотнай сойкі і, вядома, курлыканне жураўлёў. Жураўлі — надзвычайныя птушкі. Іх крык пранікае ў самую глыбіню, і слухаць яго можна гадзінамі. Гэтак жа гадзінамі можна любавацца краявідамі Ельні. Сумна толькі тое, што ўлікі доўжацца не гадзінамі, а пасля заходу сонца хутка цямнее, і трэба ўжо вяртацца. Калі ты не проста любуешся, а яшчэ і натуеш колькасць жураўлёў, гэта набывае іншы новы сэнс: уся прыгажосць навокал укладваецца ў пэўную сістэму, і таямнічы свет беларускай прыроды робіцца зразумелым мозгу. Калі б не было улікаў, мы б нават і не ведалі, што сёлета на Ельні і суседніх палях была максімальная за апошнія гады колькасць птушак – больш за 6000”.

На Ельні гняздуецца каля 50 пар жураўлёў, але пад восень, са жніўня да лістапада, тут збіраюцца тысячы птушак са Скандынавіі, Прыбалтыкі і Расіі. Адна Ельня дае прытулак прыблізна 50 тысячам птушак на шляху ў Ізраіль, Егіпет і Эфіопію.

Паводле дырэктара заказніка Івана Барка, у 2017 годзе апошнія чароды пакінулі балота 16 кастрычніка, таму, калі хочаце яшчэ ў гэтым годзе іх паназіраць і паслухаць, спяшайцеся і звязвайцеся з заказнікам. Пасля адлёту жураўлёў яшчэ застануцца чароды гусей, тысячы якіх ужо цяпер харчуюцца вакол заказніка.

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА: Загадочная Ельня: невероятные пейзажи дрыгвы

Источник:
Фотограф:
Ж. Гулевский
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость