Байкот усяму аднаразоваму: як арганізаваць экапрыязнае мерапрыемства?

Усё часцей даводзіцца чуць, што быць экапрыязным ці экалагічным — гэта прэстыжна, модна і ганарова. Але што маецца на ўвазе? Чаго хочуць «зялёныя», калі заклікаюць да экалагічнай адказнасці? З гэтым дапамог разабрацца кінафестываль «Планетарый», які на адзін дзень адышоў ад фармата кінапраглядаў і арганізаваў лекцыю Наталлі Блышчык з Цэнтра экалагічных рашэнняў.

10.02.2017 Жыццё ў стылі «эка» 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Хрысціна Чарняўская

Наталля ўзялася распавесці базавыя рэчы пра арганізацыю мерапрыемстваў, звярнуўшы ўвагу на тыя крытэрыі, якія дазволяць ацаніць вашу ці любую іншую падзею з пункту гледжання экалагічнасці. Прычым, па словах эксперткі, усё гэта не проста словы для павучання, а рэчы, якія даўно ўкараніліся ва ўласную практыку.

«Дзеля таго, каб правесці любое мерапрыемства з улікам экапрыязнасці, варта змяніць некаторыя звычкі. З аднаго боку, гэта вельмі проста, але ў той жа момант і складана, бо на гэта патрэбныя час і ўсведамленне», — заўважыла яна.

 

Планаванне

Дык з чаго ж пачаць свой шлях экаадказнага арганізатара? Звычайна ўсё пачынаецца з планавання мерапрыемства. Адзінае «але» — час, які спатрэбіцца на гэта, асабліва ў першы раз. Справа ў тым, што ў Беларусі пакуль няма шырокага попыту на «зялёныя» трэнды.

«Такім чынам, стварайце попыт самі», — заяўляе Наталля і тут жа прыводзіць прыклад пра тое, што не варта баяцца чагосьці прасіць ці пра штосьці пытацца. На першы-другі раз вам адмовяць, на адзінаццаты — ужо прапануюць самі.

Ня менш важна, ходзячы па крамах, адзначаць для сябе нейкія рэчы, каб загадзя ведаць, дзе знайсці тое, што неабходна для вашага мерапрыемства. Не бойцеся таксама дзяліцца сваім вопытам, абавязкова транслюйце яго ў масы, адкрыта адзначаючы, што «мерапрыемства было арганізавана з улікам экапрыязнасці».

Па словах Наталлі, такім чынам мы дапамагаем «пераключаць» людзей на экалагічны лад. І выдатным спосабам зрабіць гэта будуць спецыяльныя пазнакі, напрыклад, ужо на самой афішы мерапрыемства пра наяўнасць велапаркоўкі, што ўсё харчаванне будзе вегетарыянска-веганскім і г.д.

Важны момант: вам давядзецца дасягнуць разумення, «чаму з гэтага часу вы робіце экапрыязныя мерапрыемствы» з вашымі калегамі, партнёрамі і спонсарамі.

Асноўнымі пунктамі, якія варта ўлічыць пры планаванні мерапрыемства, з'яўляюцца: выбар памяшкання, прыярытэт у транспарце, харчаванне, матэрыялы і абсталяванне, смецце.

 

Памяшканне

Пачнем з выбару памяшкання.

У першую чаргу трэба звярнуць увагу на даступнасць месца, наколькі зручна дабірацца туды пешаходам і веласіпедыстам. Але і не забывайце, што памяшканне павінна адпавядаць патрабаванням вашага мерапрыемства.

Абавязкова звяртайце ўвагу на энергаэфектыўнасць вашага памяшкання. Самым лепшым, вядома, будзе варыянт, калі для сілкавання выкарыстоўваюцца аднаўляльныя крыніцы энергіі. Але пакуль у Беларусі такіх месцаў няма. Як адзначае Наталля, нядрэнна, калі ўладальнік памяшкання будзе падзяляць з вамі экалагічныя прынцыпы.

Падтрымлівайце мясцовыя супольнасці пры набыцці тых ці іншых тавараў. Праманіторце, хто і якую паслугу можа прапанаваць. Напрыклад, мясцовы фермер можа забяспечыць мерапрыемства прадуктамі, ці лакальная мануфактура дапаможа вам з вырабам раздаткавых матэрыялаў і г.д. З экалагічнага пункту гледжання так вы зменшыце ўплыў ад транспартных перавозак на наваколле. Акрамя гэтага, буйныя вытворцы заўсёды ўтвараюць больш шкодных выкідаў, чым дробныя.

 

Лагістыка

Калі вы абралі месца па-за горадам, то ваша задача — прадумаць найбольш рацыянальны спосаб транспартавання людзей. Замовіце вы агульны аўтобус, распішаце варыянты, як можна дабрацца грамадскім транспартам ці скарыстацца адным аўтамабілем на некалькі чалавек, — любы спосаб будзе прымальным.

Пры выбары транспарту памятайце пра прадуманасць і прыярытэтнасць. Аднак няма залатога правіла на ўсе выпадкі, што цягнік лепш за аўтобус, у сваю чаргу, аўтобус лепш за аўтамабіль, а тым больш — за самалёт. Усё залежыць ад адлегласці. Такім чынам, пралічыце на вугляродным лічыльніку след ад кожнага віду транспарту і спыніцеся на найбольш выгадным для вас і навакольнага асяроддзя.

 

Паркоўка

Падумайце пра паркоўку для удзельнікаў,  як веласіпеднай, так і аўтамабільнай. Напрыклад, каб прастымуляваць выкарыстанне аднаго аўто на некалькі чалавек, забяспечце ім месцы бліжэй да ўваходу.

 

Выкіды парніковых газаў

Заплануйце некаторую суму з бюджэту вашага мерапрыемства на кампенсацыю выкідаў парніковых газаў. Але абавязкова прагаварыце гэта з вашымі калегамі і партнёрамі. Якім чынам можна кампенсаваць? Як адзін з варыянтаў, перанакіраваўшы гэтую суму на пасадку дрэваў. Уласна ж вы можаце адмовіцца на тыдзень ад набыцця і спажывання мяса.

 

Ежа і кава

Часта пошук экалагічна прыязнага перапынку на каву ператвараецца ў цэлы квэст. Таму пры выбары ежы трэба ўлічваць некалькі аспектаў. Па-першае, задайце сабе пытанне: «Адкуль гэта прыехала?» Вядома, чым далей месца вытворчасці прадукцыі, тым большы ў яе экалагічны след. Аддавайце прыярытэт мясцовым прадуктам і не забывайце пра сезоннасць, бо набываць клубніку ў лютым — гэта як мінімум дзіўна. Калі не ўдаецца знайсці неабходныя вам прадукты мясцовай вытворчасці, звярніцеся да прывезеных. Але зноў жа спыняйце свой выбар на таварах, адзначаных спецыяльнай маркіроўкай, якая прайшла сертыфікацыю. Як прыклад, еўрапейскі знак сертыфікацыі прадуктаў арганічнай сельскай гаспадаркі.

 

Смецце

Абавязкова ўлічыце, што якраз арганізацыя харчавання стане найбольшай крыніцай смецця. Звязана гэта з тым, што ўсе прадукты прадаюцца ва ўпакоўцы, недаедзеныя рэшткі пойдуць ў сметніцу і г.д. Каб не выкідваць большасць прадуктаў, адмоўцеся ад індывідуальнага харчавання, рабіце шведскі стол!

У выпадку, калі ваша мерапрыемства праходзіць на вуліцы, а харчаванне замаўляецца ў кафэ, паспрабуйце дамовіцца, што ежу даставяць, напрыклад, у тэрмасах ці ў любой іншай тары. Гэта дапаможа пазбегнуць лішніх адходаў упакоўкі. Дамаўляйцеся на шматразовы посуд, не пагаджайцеся на аднаразовы.

 

Міфы пра аднаразовы посуд

Папяровы посуд — шкляначкі ці талеркі, на жаль, не ідуць на перапрацоўку па некалькіх прычынах:

  1. большасць кардоннага посуду пакрыта тонкім поліэтыленам, а гэта ўжо складаны матэрыял;
  2. ачыстка натуральных матэрыялаў ад рэшткаў прадуктаў патрабуе вялікіх рэсурсаў вады і ўтварэння вялікіх аб'ёмаў сцёкаў. Такім чынам, гэта прыгожы ход маркетолагаў, якія экалагізавалі аднаразовасць.

Полістыролавы посуд ні пры якіх умовах не перапрацоўваецца. Трапляючы на палігоны, ператвараецца ў труху, выдзяляючы пры пэўных умовах атрутныя рэчывы.

Біяраскладальны посуд разлагаецца толькі пры пэўных умовах кампасціравання. На звалках такога кшталту матэрыял ператвараецца ў звычайнае побытавае смецце, проста шкоднага ўплыву аказвае менш. Яшчэ адзін аспект, які варта ўлічыць, — масавы пераход на такі від посуду можа прывесці да абяднення біяразнастайнасці, бо для вытворчасці пачнуць у вялікіх аб'ёмах вырошчваць нейкую спецыяльную прадукцыю. То бок біяраскладальныя матэрыялы — гэта не выйсце, а хутчэй, адтэрміноўка катастрофы.

Як гэта нядзіўна, у беларускіх рэаліях перавагу лепш аддаваць посуду са шчыльнага пластыку з маркіроўкай 5 ці РР. Бо яго можна выкарыстоўваць некалькі разоў, і ён найбольш бяспечны для нашага здароўя. Да ўсяго ж такі посуд можна здаць на перапрацоўку.

Не думайце, што, калі вы выставіце на стол «батарэю» з бутэлек з пітной вадой, гэта будзе сведчыць пра ваш прэстыж. Зараз можна арганізаваць ваду ў шкляных графінах ці паставіць вялікую бутлю, якая выкарыстоўваецца некалькі разоў.

 

Абсталяванне і матэрыялы

Пры выбары матэрыялаў, абсталявання для мерапрыемства таксама забаньце ўсё аднаразовае. У цэлым, раздаткавыя матэрыялы — гэта яшчэ адзін вялікі блок па ўтварэнні адкідаў. Не зацыклівайцеся на прадастаўленні ўсім удзельнікам памятных ручак, папак ці блакнотаў. Будзьце больш рацыянальнымі ў гэтых пытаннях. Прадугледзьце, каб ручкі былі не аднаразовымі, а са зменным стрыжнем. Выстаўце іх у шкляначцы на стале: каму трэба, той возьме. Не рабіце папкі і блакноты з надпісамі пра мерапрыемства, няхай яны застаюцца ўніверсальнымі — гэта дазволіць вам выкарыстаць іх наступным разам.

Не друкуйце 100 праграм мерапрыемства на кожнага, зрабіце адну і размясціце ў самым бачным месцы. Гэта ж датычыцца і нейкіх брашур: не трэба ўсоўваць кожнаму ў рукі цэлы стос, які чалавек можа нават не прагледзіць. Арганізуйце асобны куточак з раздаткамі: каму яны будуць патрэбныя, той возьме сабе экзэмпляр. Яшчэ лепш, калі вы адправіце ўдзельнікам электронныя варыянты ўсіх матэрыялаў ці забяспечыце доступ да электроннай версіі.

Друкуйце сваю раздатку на другаснай паперы — перапрацаванай. Яна будзе шэраватай, але гэта не пашкодзіць якасці друку. Увогуле аддавайце перавагу папяровым матэрыялам, маркіраваным значком FSC.

Практыкуйце сумеснае выкарыстанне тэхнікі ці любых іншых, неабходных вам матэрыялаў. Спытайце ў сваіх партнёраў ці калег, ці змогуць яны прадаставіць на мерапрыемства праектар, фліпчарт, маркеры і г.д.? У наступны раз вы зможаце дапамагчы ім.

Найбольш выгадны варыянт, калі некалькі арганізацый кааперуюцца і набываюць неабходную тэхніку ці канцтавары сумесна. Паспрабуйце ўкараняць у практыку.

Пры набыцці тэхнікі звярніце ўвагу на жыццёвы цыкл: колькі яна павінна праслужыць, і ці магчыма ў Беларусі затым яе перапрацаваць. Важна таксама, каб тэхніка не ўтрымлівала шкодных рэчываў.

Вядома, што пры правядзенні мерапрыемства можна мінімізаваць утварэнне адходаў, але пазбавіцца ад іх цалкам, на жаль, не атрымаецца. У такім выпадку абавязкова арганізуйце іх раздзельны збор, калі гэта не прадугледжана ў памяшканні. Пацікаўцеся, дзе найбліжэйшыя кантэйнеры для адсартыраванага смецця ці самастойна завязіце смецце ў пункты нарыхтоўкі другасных рэсурсаў.

 

* Больш падрабязныя інструкцыі і парады па правядзенні экапрыязных мерапрыемстваў можна знайсці ў «Даведніку па арганізацыі кліматычна прыязных мерапрыемстваў».

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 10.02.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.