Жыхары ля Парка высокіх тэхналогій не жадаюць мець прадпрыемствы пад вокнамі

На пошту юрыдычнай службы Таварыства «Зялёная сетка» прыйшоў ліст ад жыхароў мінскай вуліцы Скарыны — так званага квартала Парка высокіх тэхналогій. Людзей бянтэжыць, што ў мікрараёне могуць узвесці некалькі вытворчых прадпрыемстваў, з-за чаго пагоршыцца экалагічная сітуацыя. Абурае іх і грубае парушэнне горадабудаўнічых норм.

10.03.2017 Грамадства 1 Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: Прадастаўлены мясцовымі актывістамі

У гэтым лютым у Першамайскім раёне сталіцы прайшло грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта плана дэтальнага планавання тэрыторый у межах вуліц Ф. Скарыны — Старынаўскай — Праектуемай №1 — паласы адводу жалезнай дарогі Мінск—Масква — Праектуемая №2. Гэта тэрыторыя шчыльна прылягае да жылога мікрараёна Парка высокіх тэхналогій.

Па праекту на дадзеным участку плануецца ўзвесці вытворчае прадпрыемства, а дакладней, навукова-вытворчы корпус фармацэўтычных, бія- і нанатэхналогій са складам кампаніі «Белбіяград». На думку мясцовых актывістаў, ні ў якім разе нельга размяшчаць такія прадпрыемствы паблізу жылой забудовы.

Па-першае, у Генплане Мінска дадзеная тэрыторыя мае класіфікацыю П4-ка — камунальна-абслугоўваючая зона з аб'ектамі. Яе санітарна-абарончая зона павінна складаць не больш 50 метраў. У сваю чаргу прадпрыемствы фармацэўтыкі і хімічнай вытворчасці мусяць мець санітарна-абарончыя зоны ў 1000 метраў. Вядома, што ў межах санітарна-абарончай зоны не можа быць жылых дамоў, дзіцячых садкоў, спартыўных пляцовак і г.д.

Па-другое, сама па сабе класіфікацыя П4-ка не прадугледжвае пабудовы такога кшталту прадпрыемстваў, нават пры ўмовах скарачэння санітарна-абарончай зоны. Гэта звязана з дадатковымі нормамі азелянення, якія правесці на дадзенай тэрыторыі немагчыма, упэўнены жыхары мікрараёна.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што ў мікрараёне ўжо існуе вопытная вытворчасць мініральных угнаенняў і салянай кіслаты, якая была размешчана на дадзенай тэрыторыі з парушэннямі.

Усхваляваў людзей і намер размясціць на тэрыторыі ля жылых дамоў складскія памяшканні Упраўлення справамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, будынкаў і збудаванняў кацельнай, што зноў жа супярэчыць рэгламенту Генплана. Некалькі пытанняў выклікае недастатковае азеляненне тэрыторыі.

У цэлым, актывісты склалі спіс заўваг і прапаноў аж на 20 пунктаў, якія ўключаюць падрабязнае абгрунтаванне.

«Адзначым, што ў дадзеным выпадку гэта не проста “жаданне” ці “нежаданне” жыхароў, а перш за ўсё аргументацыя, якая грунтуецца на горадабудаўнічых нормах і рэгламентах, законах Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліваецца ў лісце.

Так, гараджане прапанавалі замест запланаванай СТА пабудаваць краму з гасцявой паркоўкай. На іх погляд, такім чынам можна вырашыць адразу некалькі праблем мікрараёна: адсутнасць крамы крокавай даступнасці з добрым асартыментам тавараў, а таксама недахоп парковачных месцаў ноччу.

Станоўча ацанілі людзі планы па пабудове фізкультурна-аздараўляльнага комплексу, аднак заўважылі, што тэрміны рэалізацыі лепш перанесці ў першую чаргу, каб не адкладаць да 2030 года. Заўважым, у мікрараёне ўжо функцыянуе падобны комплекс, але жыхары з жалем адзначаюць, што доступ да яго маюць толькі супрацоўнікі кампаніі «ІВА».

Цягам грамадскага абмеркавання ўсяго за 2 сутак жыхарам удалося сабраць 644 подпіса пад заўвагамі і прапановамі да праекта. Гэтыя дакументы накіравалі ў адміністрацыю Першамайскага раёна сталіцы, дзе іх прынялі і зарэгістравалі.

Аднак жыхары перастрахаваліся на выпадак, калі іх заўвагі і прапановы не ўлічаць. Яны дадаткова перанакіравалі факты парушэнняў у дзяржаўныя органы, якія павінны праводзіць экспертызу дадзенага праекта, а таксама ў санэпідэмстанцыю.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 10.03.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.

  • Панорама промзоны с подписанными существующими и запланированными объектами: https://drive.google.com/open?id=0B3sP_n1BFEK3OGFQOTNaYldVN0E Подробные пояснения от инициативной группы (с иллюстрациями): https://drive.google.com/open?id=0B3sP_n1BFEK3TmRZUlpsWC04OHM Замечания и предложения по ПДП промзоны (с отсылками на градостроительные и законодательные нормы): https://drive.google.com/open?id=0B3sP_n1BFEK3dVdyZ0xPZFl1VkE
  • Ассоциация детей и молодежи
  • Багна
  • Белорусская Антиядерная Кампания
  • Беларускі камітэт Дзеці Чарнобыля
  • Выратуем прыпяцкіе дубровы
  • Экадом
  • Городской лесничий
  • Дзіцячыя экалагічныя майстэрні
  • Мінскае роварная таварыства
  • Неруш
  • Велогродно
  • Живое партнерство
  • За чистую Припять
  • Время Земли