Ці клапоцяцца дэмакратычныя кандыдаты аб экалогіі?

Чаму ўдзельнікі выбарчай кампаніі-2016 вырашылі ўзяцца за экалагічныя пытанні, як яны бачаць іх вырашэнне, і ці ёсць будучыня ў «палітычнай экалогіі» нашай краіны? Напярэдадні выбараў Зялёны партал паразмяўляў з дэмакратычнымі кандыдатамі і палітыкамі.

10.09.2016 Грамадства Аўтар: Багдан Сакалоў Фота: Адкрытыя інтэрнэт-крыніцы

Аляксандр Сыкала пра папулізм, палітычнае жульніцтва і ўстойлівае развіцце

Кандыдат ад Беларускай партыі «Зялёныя» Аляксандр Сыкала — эколаг, таму і яго палітычная кампанія найперш уздымае экалагічныя пытанні.

На яго погляд, ва ўсіх, хто зараз у сваіх праграмах звяртаецца да экалогічных пытанняў, мэта можа быць толькі адной: зрабіць усё для хутчэйшага пераходу да ўстойлівага развіцця.

А наконт іншага, як зазначыў кандыдат: «Ці непрафесійна, ці папулізм, альбо ўвогуле дробнае палітычнае жульніцтва».

Аляксандр лічыць, што чалавечае грамадства павінна змяніць сябе само і кожнага, і толькі пасля гэтага мы зможам вырашыць экалагічныя праблемы.

Калі датычыцца канкрэтыкі, то Аляксандр вылучае 3 праблемы, якія трэба вырашыць кожнаму:

  • стварэнне і змяненне тэхналогій, каб яны не разбуралі прыродныя цыклы абарота рэчываў;
  • трэба адыходзіць ад усіх відаў энергетыкі, якія звязаныя з выкідамі ў цеплавы або энергетычны баланс планеты новых порцый энергіі, як гэта робіца пры выкарыстанні вуглевадародаў і атамнай энэргетыкі;
  • разабрацца, чаму наша грамадства разбураецца, і зрабіць усё неабходнае з сістэмай адукацыі і сістэмай каштоўнасцей, што зможа спыніць гэты працэс.

Іншых праблем, як лічыць кандыдат, няма ў чалавецтва.

Наконт таго, як можна вырашыць адзначаныя праблемы, Аляксандр кажа, што ўсё ўжо даўно напісана і вырашэнні ёсць у ААН, беларускага ўраду і прэзідэнта. Што існуюць ужо падпісаныя дакумэнты, як, напрыклад, Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 года. А асноўнай праблемай, чаму яны не выкарыстоўваюцца, эколаг лічыць адсутнасць палітычнай волі, каб гэта ўсё рэалізаваць. Гэтым Аляксандр хоча заняцца, стаўшы дэпутатам, калі зможа перамагчы гэтыя выбары.

Наконт парад палітыкам: Аляксандр адзначае актыўную супрацу з эколагамі і тымі распрацоўкамі, якія ўжо ёсць.

 

Андрэй Дзмітрыеў: «Экалогія — частка бяспекі...»

Кандыдат ад «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў таксама ўздымае экалогічную тэму, але ён падзяляе яе на агульныя для ягонай кампаніі і мясцовыя. Да агульных адносяцца:

  • спыненне пабудовы АЭС;
  • пашырэнне ўзнаўляльнай энергетыкі;
  • павялічэнне энергазберагальных інструментаў у эканоміцы, на прадпрыемствах.

У плане мясцовых экалагічных праблем Андрэй зараз вылучае вырубкі фаніпальскага лесу, невыкарыстанне прадпрыемствамі ачышчальных пабудоў і якасць вады ў акрузе.

Палітык узняў іх перш за ўсё таму, што гэта клапоціць яго выбаршчыкаў, і яны самі прыйшлі з гэтым да кандыдата.

А па-другое, як зазначыў Андрэй: «Так як я іх кандыдат, і калі мяне абяруць як дэпутата, то я павінен клапаціцца аб іх здароўі і бяспецы, а гэта частка нашай бяспекі».

Для вырашэння гэтых праблем Андрэй вельмі спадзяецца на дэпутацкія магчымасці, калі яго абяруць. З іх ён вылучыў грамадскія слуханні, дэпутацкія запыты і працу з мясцовай уладай і камісіямі.

Патэнцыял экалагічных пытанняў у палітыцы Андрэй бачыць, але пакуль не ў якасці адной з галоўных, бо, як лічыць палітык, людзі павінны спачатку дайсці да пэўнага ўзроўню асабістага прыбытку, каб пачаць думаць аб нечым іншым. Зараз больш жорстка сярод насельніцтва паўстае эканамічнае пытанне, бо пенсіі і заробкі вельмі нізкія і людзі думаюць больш аб выжыванні.

 

Юрый Меляшкевіч: «Патэнцыял маецца, яго прысутнасць адчуваецца»

Кандыдат ад «Руху ''За свабоду''» Юрый Меляшкевіч увогуле выступае ў сваёй акрузе як «кандыдат чыстай вады», што сведчыць аб экалагічнай зацікаўленасці палітыка. На гэтую кампанію вынесена 3 экалагічных пытанні:

  • спыненне будаўніцтва БелАЭС;
  • развіццё ўзнаўляльнай энергетыцы ў Беларусі;
  • забарона вядзення сельскай гаспадаркі на забруджаных ад Чарнобыля тэрыторыях.

Матывацыяй да ўздыму праблемы АЭС палітык вылучае сваю асабістую пазіцыю да атамнай энергетыкі, а таксама адсутнасць грамадскага абмеркавання гэтага важнага пытання, што парушае правы грамадзян краіны на ўдзел у прыняцці такіх важных рашэнняў. Наконт забруджанай тэрыторыі Юрый адзначае адсутнасць належнага кантролю якасці вырошчваемых там прадуктаў. І нягледзячы на гэта, дзяржава рэгулярна пашырае эксплуатацыйныя плошчы раней радыёактыўнай зямлі.

«Гэта выклікае вялікую занепакоенасць, бо грамадства не мае належнай інфармацыі, ці вытрымліваюцца стандарты пры далейшым выкарыстанні гэтых тэрыторый», — адзначае палітык.

Вырашэння гэтых праблем Юрый бачыць ва ўдзеле спецыялістаў, праліку ўсіх рызык, ва ўдзеле дэмакратычна абранага парламенту ці праз адкрыты і справядлівы рэфэрэндум. І таксама можа паспрыяць забяспячэнне ўдзелу грамадскасці і СМІ ў асвятленні ўсіх гэтых працэсаў.

Наконт патэнцыялу экалогічнай тэмы ў палітыцы Юрый Меляшкевіч кажа ўпэўнена:

«Патэнцыял маецца, яго прысутнасць адчуваецца, нават праз рэакцыю многіх гледачоў і выбарцаў на мае выказванні адносна АЭС. На жаль, пакуль падобныя пытанні ўспрымаюцца неадназначна, але сам факт пачатку дыскусіі на гэтыя праблемы кажа, што патэнцыял вялікі і адчувальнасць у грамадства высокая».

 

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Как остановить нарушения и ЧП на стройке БелАЭС: представители демократических сил Беларуси приняли совместную резолюцию


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 10.09.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.