Восень афарбоўвае кроны дрэваў яркімі колерамі, якія радуюць гараджан да самых шэра-аднастайных дзён. Аднак на зямлі, пад нагамі, найчасцей даводзіцца назіраць голыя газоны, якія нагадваюць пра нашыя гарады ў канцэпцыі "самыя чыстыя ў Еўропе".
Згодна з беларускім заканадаўствам у населеных пунктах апалая лістота павінна прыбірацца цалкам. Выключэннем у свой час стаў Мінск, дзе гарадскім Саветам дэпутатаў былі зацверджаныя Правілы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні горада, якімі зарэгламентавалі працэсы навядзення парадка ў сталіцы.
Так, згодна з пунктам 22 дадзенага дакумента лісце прыбіраецца спецыялізаванымі арганізацыямі па азеляненні наступным чынам:
- на шырыню 10 метраў ад пешаходных сцежак і вулічна-дарожнай сеткі: з азеленых тэрыторый праспектаў і плошчаў, прылягаючых да іх аб'ектаў знешняга добраўпарадкавання (сквераў і бульвараў), з азеленых тэрыторый ўздоўж вуліц;
- на шырыню 5 метраў: у парках, лесапарках і садах уздоўж пешаходных сцежак і плошчаў.
За дваравыя тэрыторыі адказнасць нясуць ЖЭСы. І ў пытаннях навядзення парадка яны кіруюцца Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі №12, якой вызначаецца пералік работ і частата выканання. Пунктам 3.2.5 прапісана, што газоны мусяць прыбірацца ад апалай лістоты, галінак і смецця ў летня-восеньскі перыяд — 1 раз у два дні. Прычым сыходзячы з нагляднай практыкі прыбіраюцца зялёныя зоны ад лісця — начыста
Аднак эксперты заклікаюць адысці ад склаўшайся практыкі ў восеньскай прыборцы, абгрунтоўваючы такі падыход згубнымі наступствамі для насаджэнняў і глебы. А таксама нявартасцю тых намаганняў і ўкладанняў у "стэрыльнасць" зялёных зон прыдваравых тэрыторый.
"Найперш, трэба зразумець мэту. Калі мы хочам захаваць у як мага найлепшым стане зялёныя насаджэнні, дрэвы, напрыклад, мы мусім пакідаць лісце пад імі. Таму што ўзімку лісце ацяпляе глебу. А глеба — гэта арганізм, які складаецца з мільёну малых, дробных арганізмаў, напрыклад, грыбоў, бактэрый ці яшчэ маленькіх жывёлак. І гэта для іх "коўдра", што дапамагае перажыць зіму і ўзнавіць сваю дзейнасць, узнавіць якасць глебы вясной", — мяркуе Лана Семенас, кандыдатка сельскагаспадарчых навук, экспертка па арганічным земляробстве, кіраўніца ўстановы "АграЭкаКультура".
І нягледзячы на тое, што лістота гарадскіх насаджэнняў у рознай канцэнтрацыі, але накоплівае шкодныя рэчывы, аздаравіць асяроддзе іх прыборкай — не атрымаецца. Як сцвярджае экспертка, для гэтай мэты павінны працаваць іншыя меры: "Неабходны іншы аўтатранспарт, іншыя законы, а перад усім патрэбна большая колькасць дрэваў".
Аднак пакуль сталічныя вуліцы становіцца ўсё менш і менш азеленымі. На думку Ланы Семенас, гэта таксама у пэўным сэнсе звязана з нежаданнем мець пастаянны сезонны галаўны боль у выглядзе прыборкі апалай лістоты.
"Сёння актыўна высякаюцца дрэвы ў гарадах… Новых практычна не з'яўляецца, а калі і высаджваюцца, то іглістыя. Вядома, гэта лепей, чым зусім нічога. Але варта не забываць, што ў большасці сваёй іглістыя пароды — інтрадуцэнты. Да ўсяго дрэвы маюць экалагічную, кліматычную і эстэтычную, культурную функцыі. І для нашай краіны гістарычна склаўся ланшафт з ліставымі дрэвамі. Калі мы хочам захаваць яго, то і высаджваць нам трэба звыклыя беларускай прыродзе насаджэнні".
Бадай адзіным выключэннем у прыборцы мусіць быць лістота дрэваў, "пабітых" шкоднікамі. І няхай праз уборку не ўдасца забяспечыць поўнага выздараўлення насаджэння, але на наступны сезон можна спадзявацца на меншую іх колькасць.
Справу барацьбы за лістоту вырашыў узяць у свае рукі мінскі актывіст Аляксей Сакалоў. Па словах хлопца, пасля неаднаразовых спробаў паразмаўляць з супрацоўнікамі ЖЭСа наконт прыборкі лістоты з-пад дрэваў у двары, якія ні да якіх змяненняў не прывялі, ён вырашыў запусціць петыцыю на платформе petitions.by.
"Паколькі гэта праблема глабальная, я зразумеў, што патрэбна змяняць менавіта правілы… Пісаць скаргу, а найлепей петыцыю, якую адправіць Савету міністраў", — распавядае Аляксей.
Праз такога кштулту публічны зварот хлопец спадзяецца не толькі дамагчыся змянення правілаў для ЖЭСаў, але і адукаваць гараджан у пытанні прафесійнага і належнага догляду за дваравымі тэрыторыямі.
"Цалкам верагодна, што складаецца такая сітуацыя: я хаджу і патрабую не зграбаць лістоту, а якая-небудзь бабулечка сварыцца на супрацоўнікаў жыллёвай службы, маўляў, вы лісце прыбраць не можаце… Неабходна, каб у гараджан з'явілася разуменне, што лістота — гэта не смецце, а падушка бяспекі для глебы, што дапамагае ёй не прамярзаць зімой. Да ўсяго гэта натуральнае ўгнаенне і пры тым, што спецыяльна глебу ў нас не ўгнойваюць, лістота спрыяе насычэнню неабходнымі рэчывамі і дазваляе пазбегнуць дэградацыі. Ну і нарэшце гэта хованка для розных казурак, чарвячкоў і іншай дробязі, якія паляпшаюць якасць глебы і адначасова з'яўляюцца кармавой базай для птушак", — тлумачыць ён.
У сваю чаргу каардынатар кампаніі "Гарадскі Ляснічы" Ігар Корзун бачыць праблему не ў самой прыборцы лістоты ці яе адсутнасці, а ў тым, што рэгуляванне ўсіх працэсаў адбываецца пад ціскам грамадскага меркавання. На яго думку, падобныя працэсы добраўпарадкавання павінны ажыццяўляцца не па прапісаных пастановах і правілах, а сыходзячы з прафесійнага разумення кампетэнтнага чалавека, які нясе адказнасць за развіццё той ці іншай зялёнай тэрыторыі ў горадзе.
"Вельмі часта грамадскае меркаванне фарміруецца не ведамі, а актуальнай тэмай, хайпам, пратэстнымі настроямі. І рашэнне пра ўборку лістоты прымаюць не прафесіяналы, а Мінгарвыканкам, Савет міністраў. Лічу такі падыход няправільным. Такога кшталту рашэнні павінны прымаць людзі, якія ведаюць і разумеюць неабходнасць навядзення парадку, стан глебы і насаджэнняў, наколькі яны аслаблены шкоднікамі і іншае", — разважае Ігар Корзун.
Такім чынам каардынатар кампаніі выступае за наданне большых правоў утрымальнікам тэрыторыі на прыняцце тых ці іншых рашэнняў. Вядома, што і ўзровень адказнасці на іх будзе адпаведны. І спытаць гараджане змогуць па ўсіх пунктах добраўпарадкавання, у тым ліку і па расходванні бюджэту на навядзенне парадка.
"Любыя празмерныя заканадаўчыя акты патрэбны для рэгулявання тых ці іншых працэсаў. І як толькі дзяржава пачынае браць штосьці пад свой кантроль, тут жа пычынае вымаць з нас дадатковыя грошы. Хочам мы сродкі траціць на такія мэты, што ж тады іх не даатрымаюць установы адукацыі і аховы здароўя, будуць і надалей саджаць танныя "дубчыкі" замест здаровых і дарослых дрэваў. Таму давайце не будзем зараз займацца непрафесійным заканадаўчым рэгуляваннем. І замест таго, каб патрабаваць не прыбіраць лістоту, запатрабуем ад кіруючых кампаній ці Мінгарвыканкама зрабіць бюджэт па догляду за азеленымі тэрыторыямі празрыстым, каб мы размелі, куды ідуць нашыя грошы. Мне падаецца карысці будзе нашмат больш", — кажа Ігар Корзун.