10.10.2019 / 15:10

"Ой сівы конь бяжыць, на ім бела грыва…" — памятаю, як з заміраннем сэрца слухала песню, што ў адзін голас зацягвалі вечарамі мая бабуля і цёткі ў вясковай хаце. Але ніколі і падумаць не магла, што ў жыцці атрымаецца сустрэць ідэальнага пад гэты вобраз каня ўсяго ў 42 кіламетрах ад сталіцы.

Непадалёк ад Смалявічаў знаходзіцца сялянска-фермерская гаспадарка "Green Ranch", заснаванае сям'ёй Наталлі Сінкавец. У стайнях ранча пастой знайшлі не толькі прыватныя гадаванцы, але і былыя спартыўныя коні, якіх валанцёры выратавалі з мясакамбінатаў.

"Green Ranch" можна прыкмеціць яшчэ на пад'ездзе, яно яўна выбіваецца са звыклай вясковай пабудовы, што шчыльнымі шэрагамі туліцца непадалёку. На пагорку ўзвышаецца бялюткі комплекс амерыканскага тыпу, вакол — палі, на якіх пасвяцца коні розных парод і масцяў. Далей у залеску — гасцявыя дамкі і стайні. Усё чыста і прыбрана. Ні пахаў табе, ні пацёртай тэхнікі. Адчуванне, што насустрач табе зараз выйдзе сапраўдны каўбой Джонні з бліскучымі зорачкамі на ботах і асляпляючай ўсмешкай бялюткіх зубоў.

Аднак нас сустракае маладая, па-гарадскому дагледжаная, дзяўчына — Наталля Сінкавец, якая ні на якага каўбоя і блізка не паходзіць. На гаспадарцы яна займаецца стайнямі і ўсімі пытаннямі, звязанымі з конямі.

 

Рай для коняў па еўрапейскіх падыходах

"Green Ranch"— сялянска-фермерская гаспадарка, праект-мары адной сям'і. Як распавядае Наталля, яна з дзяцінства хацела займацца з конямі, аднак раней не атрымалася рэалізаваць свае памкненні, хаць у пэўны час дзяўчына была вельмі блізкая да мары — самастойна з'ездзіла ў Ратамку, пазнаёмілася з трэнерамі, узяла даведку ў паліклініцы.

Але, на жаль, не атрымала дазволу ад бацькоў, якія абгрунтавалі сваё рашэнне проста: “Рукі-ногі цэлыя, ніякага коннага спорту”.

Так Наталля і засталася з адчуваннем адсутнасці чагосьці важнага ў сваім жыцці. Скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у Мінску па спецыялізацыі афтальмолаг, адпрацавала размеркаванне. Вядома, што ў гэты перыяд было складана вылучыць час на большае, чым навучанне і праца. Аднак калі апынулася ў дэкрэце, сям'я дзяўчыны вырашыла глабальным чынам трансфармаваць сваё жыццё: з'ехаць за горад, распачаць сваю справу кшталту аграсядзібы.

"Я сказала, паеду толькі пры ўмове, што там будуць коні, — смяецца Наталля. — Ідэю падтрымалі, бо гэта добра ўпісваецца ў канцэпт аграсядзібы. Як фермерскай гаспадарцы нам трэба было вакол нечага зачапіцца. Пазл склаўся".

Сёння сямейнае ранча з'яўляецца буйнейшай прыватнай гаспадаркай, якая спецыялізуецца на ўтрыманні прыватных коняў. Зараз на тэрыторыі знаходзіцца больш 40 жывёл, лічба можа вагацца па розных прычынах.  Але тут ніколі не бываем пуста. Уладальнікі коняў стаяць у чарзе ў чаканні свабоднага месца, часам нават да года.

"Мы пастараліся выкарыстоўваць еўрапейскія нормы і падыходы да ўтрымання коняў. У нашай краіне да сённяшняга дня ў тэхнічных нарматывах і поглядах савецкія перажыткі. І канцэпцыя гучыць: “Што зручна для чалавека", — кажа Наталля.

У прыклад яна прыводзіць стаўленне да спартыўных коняў, маўляў, істоты дарагія, траўмы для іх небяспечныя, таму жывёл пазбаўляюць выгула, цалкам ізалюючы ў стайні, працай ў манежы і на спартыўных грунтах. Што хутчэй паходзіць на турэмныя ўмовы.Такі ж падыход перакачаваў і да ўтрымання прыватных коняў.

Свой досвед менеджменту Наталля з мужам перанялі ў калег з Англіі, дзе ім распавялі пра просты і відавочны падыход: "Нельга патрабаваць ад жывёлы адэкватнасці, калі цалкам ігнаруюцца яе патрэбы".

"У нашай краіне яшчэ сустракаюцца нарматывы — да 12 кілаграм авёсу ў дзень. Гэта вельмі зручна, калі конь працуе цэлы дзень, падсунуць яму канцэнтрат, што пакрывае патрэбы па калорыях, але цалкам супярэчыць фізіялогіі. Конь — не мыш, ён не можа харчавацца зернем. Можна нанесці шкодў псіхіцы і здароўю жывёлы", — падкрэслівае дзяўчына.

І гэта толькі адзін аспект. У коняў існуюць патрэбы ў выгуле і стасунках з суродзячамі, бо ад прыроды яны — статкавыя жывёлы. На "Green Ranch" імкнуцца ўлічыць усе нюансы і стварыць камфортныя ўмовы для коняў і людзей. Па словах Наталлі, вынік не прымусіў сябе чакаць, на стайні стварылася каманда з прыватных уладальнікаў, якія разумеюць і раздзяляюць іх падыход.

На жаль, пакуль партнёрства ў стасунках чалавека з канём — хутчэй выключэнне з правілаў, чым устойлівая практыка. І не заўсёды наведванне стайняў можа прыносіць радасць, бо традыцыйным застаецца выхаванне жывёл праз фізічны прымус. Асабліва ярка гэта выяўляецца ў спорце, які правакуе ў людзях грубасць.

"Коні — вялікія і моцныя жывёлы. Што ўскладняе сітуацыю, яшчэ і пужлівыя па натуры сваёй. 500 кілаграм вагі, якія могуць скочыць, адскочыць, пацягнуць цябе кудысьці. І замест таго, каб з канём займацца, выхоўваць, як уласна і дзяцей, на жаль, пытанне вырашаецца грубай сілай, фізічнымі ўздзеяннямі. Часта дзеці прыходзяць у конны спорт, бо любяць коней і часткова сыходзяць, не жадаючы паступаць так, як іх вучаць. Тыя ж, хто застаюцца, на жаль, змяняюцца самі ў гэтым працэсе. Таму мне падабаецца, што ў нас склалася кантрасная атмасфера, у параўнанні з агульным фонам. Але мы не пазіцыянуем сябе як спартыўная стайня, мы — стайня хобі-ўзроўня. Хаця маем добрыя грунты для спартыўнай працы, ёсць рабяты, якія рыхтуюць коней для спаборніцтваў аматарскага ўзроўню", — зазначае Наталля.

Гаспадыня ранча падкрэслівае, што ні ў якім разе нельга пазбаўляць коняў стасункаў са сваімі суродзячамі. У статку ў іх фарміруецца базавае выхаванне і разуменне іерархіі, павага прасторы, яны вучацца счытваць сігналы. Такія рэчы вельмі важна ўлічваць, калі набываеш жарабя ці ў выпадку, калі да вас трапіла дарослая жывёла.

"Коні не могуць быць шчаслівымі, не пабаюся гэтага слова, па-за статкам. Праўда, яны маюць розныя ўзроўні залежнасці, — гэтыя асаблівасці ўлічваюцца на "Green Ranch" і на працу ніколі не забіраюць у адзіночку асабліва прывязлівых коняў, заўсёды парай, няхай сабе адзін з іх будзе прастайваць час, тлумачыць Наталля. — У статку яны адчуваюць сябе больш упэўнена, бо маюць дакладнае размеркаванне абавязкаў, старажавыя функцыі. У адзіночку конь ніколі не можа расслабіцца, разумеючы, што ніхто не назірае за перыферыяй і небяспекай".

У стасунках людзей з конямі таксама існуюць свае тонкасці. Нам звыкла бачыць іх на спартыўнай арэне, у гаспадарчай працы, у забаўляльных шоў, але гэта ніяк не значыць, што жывёлам такія ўзровень адносін у задавальненне.

У асаблівасці гэта праяўляецца ў спробе зрабіць бізнэс на конях, кшталту, гарадскога пракату.  Як адзначае Наталля, калі ў чалавека ёсць жаданне бліжэй спазнаць коняў, варта свядома падыходзіць да выбару месца, бо каб конь быў рады стасункам — павінны быць задаволеныя ўсе яго патрэбы.

"Як галодны чалавек не можа думаць пра філасофію, мы не можам чакаць інтарэсу ад каня і адэкватных рэакцый, калі ён галодны ці прастаяў невядома колькі на санцапёку без вады, калі яму не падыходзіць сядло", — зазначае дзяўчына.

З партнёрскім падыходам да жывёл складана зрабіць бізнас, бо фінансавыя ўкладанні значна большыя, чым атрыманая выгода. На жаль, часцей уладальнікі ўсведамляюць гэта запозна, калі намучаецца істота праз эканомію на яе патрэбах і паўстане пытанне перапродажу, і часцей не новаму гаспадару, а на мясную вытворчасць.

"Часта маніторачы сайты, выбіраючы сабе гадаванцаў, мы бачым карціну, што паўтараецца з году ў год, з пракатамі, якія распаліся. Хочацца заклікаць людзей, не толькі не наведваць заапаркі ці цыркі, але і абдумана падыходзіць да выбара праката, звяртаць увагу на стан жывёлаў, да выбара клуба, разглядаць амуніцыю. Не ўлічваць такія фактары — даволі жорстка", — кажа Наталля.

 

Адчуваць свет праз коняў

"Green Ranch" мае два сацыяльных праекты, якія грунтуюцца на ўзаемадзеянні чалавека з конямі.

Першы скіраваны на працу з дзеткамі з інваліднасцю, так званая, іпатэрапія. Калі коні выступаюць інструментамі фізічнай рэабілітацыі за кошт сваіх механічных і фізічных параметраў. Справа ў тым, што крок коняў набліжаны да крока чалавека. Гэта дапамагае дзецям, пазбаўленым уласнага досведу хадзьбы, актывізаваць сігналы мозга, адказныя за рухі. Такім чынам стымулюецца і падтрымліваецца нервовая і ўмацоўваецца мышачная сістэмы.

Такога кшталту заняткі на ранча праводзяць з дзецьмі з Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Смалявічскага раёна. Супраца ў гэтым накірунку доўжыцца ўжо трэці год. І па словах Наталлі, ёсць добрыя вынікі.

"З намі працуе выдатны рэабілітолаг. Бо ў такой галіне жарты недарэчныя. Проста пакатаць чалавека з інваліднасцю на кані — небяспечна".

Нягледзячы на сваю медыцынскую адукацыю сама Наталля не бярэцца самастойна праводзіць такога кшталту заняткі, разумеючы, што для гэтага трэба іншы досвед і спецыяльная ліцэнзія. У планах дзяўчыны прайсці адпаведнае навучанне, каб звязаць прафесійныя навыкі з любімай справай.

Працэс іпатэрапіі — працаёмкі. Акрамя таго, што неабходны спецыяльны рэабілітолаг, у справу уключаныя людзі, адзін з якіх страхуе дзіця, другі — вядзе каня. Інакш ня можа быць, падкрэслівае дзяўчына.

За дапамогай у наладжванні працэсу заняткаў яны звярталіся ў падобны цэнтр Тэхаса, адкуль прыязджаў спецыяліст з кансультацыямі і падубовай індывідуальных праграм.

На жаль, "Green Ranch" пакуль можа дапамагаць абмежаванай колькасці дзяцей. Звязана гэта ў першую чаргу з той колькасцю коняў, якіх можна прыцягнуць да заняткаў з дзецьмі з інваліднасцю. На сённяшні дзень гэта ўсяго тры жывёлы.

"Коні не могуць рабіць гэта бясконца. Хаця падаецца, што ўсё адбываецца спакойна, крокам, але фізічна і эмацыйна яны стамляюцца ад такой працы", — адзначае дзяўчына. І менавіта з гэтай прычыны ўдаецца задзейнічаць ў праекце толькі 15 дзяцей.

Неабходнасць у такога шкталту дапамозе відавочна існуе. Акрамя таго, што на ранча пастаянна звяртаюцца сем'і з дзецьмі з інваліднасцю. Наталля адчула на сваім досведзе запатрабаванасць у падтрымцы такіх выключных людзей, некалькі месяцаў наведваючы рэабілітацыйны цэнтр. Таму пры з'яўленні магчымасці яна нераздумваючы ўзялася за праект па тэрапіі.

Другі праект завязаны на псіхалагічнай дапамозе людзям без прымянення верхавой язды. Ідэю яго падгледзілі ў Англіі, але надалі свой кантэкст і назвалі "Уцёкі на ранча". У цэлым жа накірунак падобнай тэрапіі бярэ свой пачатак ад руху Natural Horseship, пачынальнікам якога з'яўляецца амерыканскі каўбой Пат Парэлі, што назіраў за паводзінамі і стасункамі дзікіх коняў, а затым перанёс іх на камунікацыю са свойскімі.

"Падобная тэрапія дазваляе чалавеку дакладна ўсведамляць сябе ў пэўным моманце часу. Коні вельмі шчырыя, яны ніколі не будуць з павагі ці ветлівасці ўтойваць свае намеры. Калі ты не цікавы, конь не будзе з табой стаяць, баючыся пакрыўдзіць. Коні як люстэрка, яны скануюць чалавека", — тлумачыць Наталля.

У Англіі падобная дапамога аказваецца складаным падлеткам і дзецям з сацыяльна небяспечных сем'яў. Наталля распавядае, што была здзіўлена, якога прагрэсу ўдалося дасягнуць з дзецьмі, што ад пачатку на звычайны кантакт не ішлі. Без капання ў іх праблемах і прычынах, яны змаглі раскрыцца і змяніцца. Дзяўчыне захацелася ўзрушыць Беларусь такой ідэяй.

"Мы разумеем наколькі неабходна сур'ёзная падрыхтоўка. Якім чынам павінны быць падрыхтаваны коні, што яны мусяць быць максімальна бяспечныя. Бо выкарыстоўваюцца тэхнікі працы на волі без амуніцыі. Выбудоўваюцца чэсныя адносіны. Толькі так ты разумееш, ці па сваім жаданні конь з табой", — распавядае дзяўчына.

На "Green Ranch" ужо зроблены першыя крокі па запуску праекта, былі праведзены нават пілотныя версіі. І як зазначае Наталля, для ўдзелу ў праекце не абавязкова мець складаную жыццёвую сітуацыю, дастаткова жадання вырвацца са штодзённай руціны і атрымаць досвед стасункаў з конямі.

Перажыць момант камунікацыі з імі, калі зусім непадобная да цябе істота адказвае табе, пры гэтам докладна і зразумела. Гэтыя пачуцці цяжка з нечым параўнаць! Здараецца так, што многія ўладальнікі адмаўляюцца ад верхавой язды накарысць такому спосабу ўзаемадзеяння са сваім гадаванцам.

 

Шанс годна сустрэць старасць

Акрамя ўсяго згаданага "Green Ranch" стаў прытулкам для валанцёрскіх коняў. Дакладней тых, што замест мясакамбіната атрымалі шанс годна дажыць сваё жыццё, — былыя спартоўцы, якіх выкупіла Каманда дапамогі коням HeaRT.

"Коні, якія аддалі сваё здароўе, жыццё чалавеку, паслужылі яму. Спартыўныя коні, што прывозілі разрады, праслаўлялі краіну на міжнародных спаборніцтвах… Якога б высокага ўзроўню не былі, як толькі яны становяцца непатрэбнымі — лёс адзін, — спісанне і мясакамбінат", — кажа Наталля.

Зараз стала прасцей хаця б у тым, што пра выбракаваных коняў паведамляюць. Ды й грошы на іх набыццё не такія вялікія. Цяжкасць заключаецца ў тым, што не так проста знайсці гаспадара для каня-пенсіянера, што можа мець сур'ёзныя праблемы па стану здароўя і ніякай фізічнай нагрузкі несці не зможа. Каму трэба такі гадаванец?

Як прыклад, прыводзяць любімца ўсяго ранча, неверагоднай прыгажосці бялёсага каня з вачыма колеру неба — Урана. Усё сваё жыццё ён адпрацаваў у пракаце коннага цэнтра ў Ратамцы. Аднак зараз мае праблемы з суставамі. Яму супрацьпаказаныя фізічныя нагрузкі і ўсялякая праца. Конь ня можа не кранаць сваёй знешнасцю і пяшчотай, шчырасцю, якую ён дорыць… Але пытанне, хто адважыцца ўзяць на сябе такую адказнасць.

Хоць, дадае Наталля, часам здараецца так, што сталыя коні яшчэ могуць саслужыць службу. Інвестуючы ў іх, каб вывесці са стану абвастрэння хваробы, можа атрымацца выдатных вучэбных коняў. У асаблівасці на занятках з дзеткамі.

Але ва ўтрыманне коней-пенсіянераў трэба ўкласціся. У гэтым пытанні валанцёрская каманда звяртаецца за дапамогай да людзей — хто колькі можа. Існуе магчымасць фінансавага куратарства, калі чалавек штомесяц дае пэўную суму на канкрэтнага каня.

У цэлым жа, канюшні не зашкодзіць валанцёрская дапамога. І Наталля падкрэслівае, што дзеля гэтага не трэба ніякіх асаблівых ведаў, навыкаў, галоўнае шчырае жаданне дапамагчы. Пры ўсім, можна падтрымліваць не толькі фізічнымі ўкладаннямі, дастаткова інфармацыйнай падтрымкі — распаўсюду інфармацыі перапостамі ў сацыяльных сетках, што магчыма падорыць камусьці шанс на годные дажыванне сваіх дзён.

Часта да валанцёрства падключаюцца людзі, што калісьці займаліся з гэтымі жывёламі. На стайні, напрыклад, стаіць конь, якога выкупіла былая вучаніца аднаго з конных цэнтраў.

Яна хоць і жыве за мяжой, але не магла змірыцца з тым, што яе ўлюбёная істота пойдзе на мяса. І гэта нягледзячы на тое, што бачыцца з ім можа рэдка.

Сярод дабраахвотнікаў шмат неабыякавых аматараў гэтых велічных жывёл.

"Калі ты бачыш, як яны адтайваюць, у гэты момант ты адчуваеш сябе чалавекам, — распавядае дзяўчына пра тое, як спартовыя коні вучацца па-новаму давяраць і стасавацца з людзьмі на ўзроўні парнёрства, а не падпарадкавання. — Змяніўшы стаўленне да іх, змяняюцца і яны, звыклыя гадамі быць агрэсіўнымі, дамінуючымі. Гэта вельмі чапляе. І людзі, што прымаюць удзел у працэсе, не толькі аддаюць, але і атрымоўваюць. Эмоцыі, калі ты бачыш перамены, не могуць не кранаць".

 

У гэтым годзе праект па псіхалагічнай тэрапіі "Уцёкі на ранча" прайшоў у ¼ фінала сацыяльнага конкурсу Social Weekend, а значыць атрымаў шансы на падтрымку і прафесійныя кансультацыі. 

Падтрымаць жа каманду валанцёраў можна на платформе MolaMola, дзе збіраюцца сродкі на ўтрыманне і лячэнне коняў-пенсіянераў.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская; Відэа: Аляксандра Нест
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость