10.12.2015 / 11:12

Пра Гродна найчасцей кажуць стандартную фразу: “Вельмі прыгожы горад”. Турысты ходзяць прагугленымі маршрутамі і распрацаванымі экскурсіямі, гарадзенцы – па сваіх справах. А што бачыць чалавек, для якога візуальная культура – прафесія? Прапануем вытрымкі з інтэрв'ю з Міхалам Анемпадыставым, апублікаванае на "Тваім Стылі".

Горад перспектыўны

Горад – складаны арганізм, аб’ект, прастора. Гарадская прастора патрабуе іншага, перад усім, прафесійнага падыходу, прадуманай канцэптуальна і прапрацаванай у дэталях палітыкі і нагляду за яе рэалізацыяй на практыцы. У кожнага горада ёсць генеральны план развіцця: што знесці, дзе забудаваць, як пракласці дарогі... У першую чаргу такія планы ўлічваюць гаспадарчыя патрэбы гарадоў і звычайна ігнаруюць комплексны падыход да гарадскога стылю, эстэтыкі прасторы, лакальнай аўтэнтыкі. Ігнаруюць тыя складнікі, з якіх паўстае гарманічная, то бок “прыгожая”, “утульная”, зручная і прывабная гарадская прастора.

Ёсць шэраг крытэрыяў, якія вызначаюць гэтую самую гармонію: ансамблевасць забудовы, калі будынкі ўтвараюць адно цэлае, наяўнасць акрэсленых дамінантаў, вывераных перспектыў і відавых кропак, сілуэтнасць забудовы, сумаштабнасць паасобных будынкаў адзін аднаму і чалавеку, прадуманае выкарыстанне прыроднага рэльефу, вялікіх і малых вадаёмаў – інтэграцыя гарадскога асяроддзя з асяроддзем прыродным, наяўнасць паркаў, прысадаў, паасобных дрэваў, кустоўя, кветак, адпаведная агульнай задуме дэталізацыя – архітэктура малых формаў, скульптура, асвятленне. Гэта такія вельмі тонкія катэгорыі, як адпаведнасць тутэйшай і гістарычнай традыцыі, а таксама наяўнасць устойлівых, важных перад усім для саміх гараджан, “магічных месцаў”, быць якімі можа што заўгодна: фрагмент брукаванкі, старыя прысады, папулярная ў некалькіх пакаленняў крама, адметны ландшафт.

І калі першая частка пералічаных крытэрыяў – поле прафесійнай дзейнасці архітэктараў і патрабуе значных капіталаўкладанняў, часу, наяўнасці тэхнічнай і прававой базы, то ландшафтны дызайн і малыя формы патрабуюць перад усім уважлівага стаўлення, руплівасці і прафесіяналізму. Самае простае і таннае, што можа значна палепшыць інтэрфейс беларускіх гарадоў, – гэта прадуманая, дапасаваная міжсобку і гістарычна даставерная каларыстыка будынкаў і, шырэй, усёй гарадской прасторы. Уключна з дахамі, шыбамі, іншымі элементамі. Дзеля гэтага патрэбная невялікая працоўная група, якая складае пашпарт колераў на кожны будынак, што і так раз на колькі год перафарбоўваюцца. Праз 5–10 год, без аўралаў і дадатковых выдаткаў, горад будзе як лялечка. І тут узнікае праблема: такое ўстойлівае якаснае развіццё на карысць гараджанам не кідаецца ў вочы адразу, не ўражвае з наскоку, і гарадскі чыноўнік не пахваліцца сталічнаму начальніку, ткнуўшы пальцам на горад: во, зрабілі! А калі няма куды ткнуць і чым уразіць, то навошта рабіць?

Тое самае з азеляненнем. Такое ўражанне, што любімы занятак нашых зелянгасаў – гэта пілаваць. Робяць яны гэта з упартай апантанасцю нават там, дзе і пілаваць ужо няма чаго. Пілаваць прасцей, хутчэй і выгадней, чым даглядаць старыя дрэвы, ствараць кампазіцыі з кустоўя, кветак, злакаў, фармаваць шпалеры і клумбы.

Стан садова-паркавага мастацтва, так званага ландшафтнага дызайну – адзін з паказчыкаў узроўню культуры наогул. Гэта таксама патрабуе не вялікіх інвестыцый, а перад усім руплівай працы і прафесіяналізму. Гэта таксама “прыгажосць“ таго тыпу, якая ўзнікае не за адзін дзень і стварае гарманічную прастору, што не кідаецца ў вочы, асабліва тады, калі яна зроблена добра, калі горад і яго прысады ствараюць адно цэлае. Гэта прыкмета якаснага жыцця, да якога хутка прывыкаеш; яно, у адрозненні ад галечы, не мае патрэбы пускаць у вочы пыл, уражваць пампезнасцю і дарагімі матэрыяламі або іх імітацыяй. У Гародні выдатныя прыродныя ўмовы, каб стаць горадам-паркам – і рэльеф, і больш мяккі ў параўнанні з астатняй Беларуссю клімат.

Драўляная забудова колішніх гарадскіх прадмесцяў, а часам і цэнтра, – гэта нашая рэгіянальная паўночна- і ўсходнееўрапейская адметнасць. У Скандынаўскіх краінах, з іх высокім узроўнем жыцця і навукова-тэхнічнай прасунутасці, такія дамы захоўваюць, шануюць. Яны частка нацыянальнай адметнасці, а таксама турыстычная атракцыя. Ды што Скандынавія? Нашыя паўночныя суседзі – Латвія, Літва – таксама шануюць. Гэта пры тым, што ў іх і “сур’ёзнай” архітэктуры хапае – готыка, барока, класіцызм, мадэрн... А цяпер узяліся драўляную даводзіць да розуму. І прамысловую архітэктуру таксама. Я ўжо не буду канкрэтныя прыклады прыводзіць, іх безліч. Гэта і эксклюзіўныя жылыя кварталы, і модныя рэйтынгавыя кавярні, і клубы...

Горад чалавечы

Безумоўна, горад мусіць развівацца, дзеля гэтага патрэбная стратэгія “куды і як”, горад патрабуе штодзённай апекі, рамонту і дагляду, і ўсё гэта штодзённая праца, сродкі, адміністраванне. А таксама горад патрабуе ўсведамлення каштоўнасці тых гістарычных фрагментаў і зон, якія ў ім ёсць. Гэта таксама праца.

Сама па сабе гістарычная спадчына не захоўваецца. Яе захоўваюць людзі, надаючы такой спадчыне ахоўны статус і наглядаючы за яго выкананнем. Гаворачы пра гістарычную спадчыну, я маю на ўвазе не толькі адметныя помнікі архітэктуры, або будынкі, звязаныя з важнымі гістарычнымі падзеямі, але і ўсю гістарычную забудову, а таксама яе элементы і складнікі, дрэвы, мікрарэльеф, што важна захаваць там, дзе гэта мажліва. Традыцыйны краявід сам па сабе мае каштоўнасць – і гістарычную, і эстэтычную, і псіхалагічную, калі так можна сказаць. Ён як правіла непаўторны, адметны, а таму з’яўляецца часткай ідэнтычнасці, фактарам гістарычнай еднасці і пераемнасці.

Культурное наследие Гродненщины: провалы, надежды и перспективы

Не ведаю, як у Гародні, але ў Менску вы ўжо дрэва проста так у сваім двары не пасадзіце – трэба браць дазвол у ЖРЭА. Кветкі можна. Клумбу можна. І тут атрымліваецца так, што раз дзяржава бярэ на сябе манапольную функцыю азелянення, то нам нічога не застаецца, як толькі спрабаваць кантраляваць яе дзеянні з дапамогай закону. Тут патрэбныя юрысты. Не думаю, што на стан рэчаў могуць эфектыўна ўплываць грамадскія ініцыятывы. Усе грамадскія ініцыятывы ў нас калі і ўплываюць на нешта, то толькі апасродкавана, праз уплыў на свядомасць грамадзян, праз фармаванне грамадскай думкі.

А вось непасрэдна самі грамадзяне могуць нешта змяніць. Мне думаецца, што асабістая, прыватная ініцыятыва дае значна большы плён і вынік. Або ініцыятыва калектыўная, па месцы жыхарства. Досыць ужо спадзявацца, што нейкія арганізацыі, ці ініцыятывы, нешта за нас зробяць. Арганізацыя – гэта людзі, такія ж, як кожны з нас.

Любы можа напісаць скаргу ці даслаць запрос, а калі гаворка ідзе пра канкрэтныя лакальныя дзеянні, напрыклад, пасадзіць у двары, на балконе, ці ў скрыні пад вакном кветкі, то тут ніякая грамадская ініцыятыва не патрэбная – ўзяў і пасадзіў.

І тут найважнейшым мне падаецца, ці стане наяўнасць гэтых кветак пад вакном маркерам якасці жыцця. І шырэй, ці стане маркерам якаснага жыцця эстэтыка прасторы, у якой мы жывём. Бо калі стане, то тут і агітаваць, і пераконваць нікога не давядзецца. Людзі дбаюць пра якасць уласнага жыцця. Больш высокія стандарты самі ўкараняюцца ў грамадстве ў выглядзе модных трэндаў, ці па прынцыпе пераймання: як у суседкі. Гэта, насамрэч, магутная матывацыя.

Идея медленного города: велосипеды, фермерская еда и отсутствие супермаркетов

З поўным тэкстам інтэрв'ю можна пазнаёміцца на Тваім Стылі.

Источник:
Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость