11.01.2018 / 11:01

Інфармацыю пра невялікага скалечанага сабаку з Мінойтаў Лідскага раёну валанцёрка Тамара Келлер знайшла ў сацыяльных сетках. Дзяўчына рызыкнула паехаць і адшукаць яго ў вёсцы, дзе ніхто не ўзяўся дапамагчы бедаку.

Адкуль Мася з'явілася ў Мінойтах ніхто сказаць не можа. Відавочна шчанюка выкінулі ля вёскі, куды ён і прыбіўся. Першай невялікага светлага сабаку заўважыла мясцовая дзяўчынка-падлетак Аня, што і пачала распаўсюджваць інфармацыю пра яго ў тэматычных суполках сацыяльных сетак.

''Напачатку сабака быў цалкам здаровым. А пасля кудысьці прапаў на тыдні два і вярнуўся на звыклае месца ўжо са скалечанай лапай'', – распавядае Тамара са слоў Ані.

Мася старалася ''папрасіць'' дапамогі ў людзей: хавалася ў пад'ездах, адкуль яе выганялі, каб яна не замазвала ўсё крывёю. Прыходзіла яна і да дзвярэй бальнічнай амбулаторыі, але ўвагі на Масю так і не звярнулі.

''Калі мы знайшлі Масю, яна аказалася ласкавай і даверлівай, нягледзячы на тое, што давялося сабаку перажыць. У дарозе з ёй таксама не было ніякіх праблем: Мася ляжала ў багажніку і лізала сваю скалечаную лапку'', – з захапленнем распавядае пра сабаку Тамара.

Дзе ці хто нанёс траўму адназначна сказаць цяжка. Як зазначае Тамара, у Ані была здагадка, што Мася патрапіла ў капкан, якія растаўляюць на жывёл на ахоўваемай тэрыторыі ваеннай часткі. Да высновы пра капкан схіляецца і ветэрынар Рыгор Чагадаеў, да якога прывезлі Масю на лячэнне.

''Па слядах на лапе бачна, што траўма была нанесеная прадметам з зубчыкамі. Таму мы ўсе думаем на капкан'', – сцвярджае Тамара.

Валанцёры вырашылі забіраць яе ў Мінск, каб аказаць сабаку кваліфікаваную дапамогу. Самым складаным, па словах Тамары, было знайсці куратара – чалавека, які б узяў на сябе турботы пра сабаку, а таксама пераўтрыманне. У выніку курыраваць Масю ўзялася сама дзяўчына і яе знаёмая. Часова прыстроіць пагадзіліся Юля і Іван, што не так даўно згубілі свайго гадаванца – коргі па мянушцы Айза.

Айза
Айза

''Верагодней сабаку ў іх скралі. Яны спадзяюцца, што Айза знойдзецца. З гэтай жа прычыны ўзялі Масю, разлічваючы не толькі на прыстойную суму ўзнагароды за свайго гадаванца, але і на бумеранг дабрыні – дапамогуць яны, дапамогуць і ім'', – кажа Тамара.

Зараз Мася праходзіць курс перавязак, пасля чаго ёй зробяць аперацыю – выдаляць астатнія фалангі, дзе застаюцца раздробленыя косткі. Вядома, усё гэта патрабуе фінансавых выдаткаў, таму валанцёры запусцілі збор сродкаў на лекаванне і кармленне сабакі.

Па словах Тамары, людзі актыўна адгукнуліся, і гэта дазваляе без праблем набываць Масі неабходныя лекі, ежу і праводзіць працэдуры. Аднак цяжка сказаць, колькі будзе каштаваць аперацыя на лапе.

Нягледзячы на тое, што ў Масі не стане адной ступні, перспектывы ў яе добрыя, лічыць Тамара.

''Яна невялікая, маладая яшчэ, па характару дабразычлівая. Таму яе калецтва не будзе замінаць у паўсядзённым жыцці, – сцвярджае куратарка. – Зараз, вядома, яна адчувае траўму. Як распавядае Юля, калі яна падыходзіць да Масі, тая цягне лапку і ''кажа'': ''Паглядзі – баліць''. А затым залізвае яе''.

Шукаць Масі пастаянны дом будуць не толькі ў Беларусі: валанцёры ўсур'ёз разглядаюць варыянты ўладкаваць сабаку за мяжой. Тым больш, са свайго досведу Тамара ведае, што ў заходніх краінах да жывёл-інвалідаў існуе больш спачуваня, чым у нас.

Што ж тычыцца паспрабаваць даказаць жорсткае абыходжанне ў дачыненні да Масі, то справа гэта безнадзейная, упэўнена Тамара.

''Вельмі складана без закона, бо міліцыя возьмецца праводзіць разбіральніцтва толькі па факце смерці жывёліны. У нашай сітуацыі хутчэй за ўсё проста развядуць рукамі і скажуць, што нічым дапамагчы не могуць – нерэальна ўстанавіць, па чыёй віне сабака атрымаў такую траўму'', – з жалем кажа Тамара.

Калі вы жадаеце падтрымаць Масю і дапамагчы ў зборы сродкаў на лекаванне, можна напрамую звязацца з Тамарай Келлер праз сацыяльную сетку VK. Ці пералічыць грошы на зручны для вас рахунак:

  • Беларусбанк: 9112 0001 6380 8559, да 05.21 (Белкарт);

  • Масква-Мінск 4235 0419 1018 24 53, да 02.20 (VISA) – можна перевесці з карты любога банка.

Акрамя таго, разлічваюць на дапамогу ў пошуку сабакі ці інфармацыі пра Айзу Юлія і Іван.

Автор:
Фотограф:
Марына Юрканіс, сацыяльныя сеткі
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость