11.05.2018 / 11:05

Дэндралагічны сад ля Глыбокага – другі па велічыні і відавой разнастайнасці ў Беларусі пасля мінскага Цэнтральнага батанічнага саду. Праўда, па колькасці відаў яго “абганяе” яшчэ батанічным сад БДТУ, які размешчаны за 50 км ад Мінска ў Негарэльскім вучэбна-даследчым лясгасе.

Праз усё жыццё мая бабуля ўзгадвае, як аднойчы яшчэ за савецкім часам прыехала ў Мінск на курсы, знайшла праз гарадскую даведку старую сяброўку і яны гулялі ў Батанічным садзе. Магчыма, калі б у Клічаве быў свой дэндрасад, як у Глыбокім, сталічны батанічны не ўразіў бы маю бабулю так моцна.

Жыхарам Глыбокага пашанцавала мець за 2,5 кіламетры ад горада цудоўны дэндрарый з вольным уваходам. Праўда, экскурсійным групам і вясельным фотасесіям давядзецца заплаціць.

Дэндрасадам апякуецца Глыбоцкая вопытная лясная гаспадарка, калі па-простаму – лясгас. Ідэя стварэння дэндрарыю ўзнікла ў супрацоўнікаў яшчэ ў канцы 1950-х.

Падавалася б, не так даўно скончылася вайна, людзей павінны хваляваць больш надзённыя праблемы, нарыхтоўка дроў, будаўнічага лесу… А тут – дэндрасад! Праект на замову Глыбоцкага лясгасу распрацаваў Інстытут біялогіі Акадэміі навук БССР. Першыя расліны высадзілі толькі ўвесну 1963 года.

Недалёка ад галоўнага ўваходу ў дендрасад ўсталяваны памятны камень з надпісам на металічнай пліце: “Дендрасад закладзены Глыбоцкім лясгасам ў 1963 – 1967 гг. ў гонар 50-годдзя Кастрычніка”.

“Бацькам” дэндрасаду лічыцца інжынер лясных культур Віктар Антонавіч Ламака (1910 – 2001). Пад яго кіраўніцтвам у Глыбоцкім лясгасе, акрамя дэндрарыя, было створана каля 10 тысяч гектараў лясных насаджэнняў і пакладзены пачатак вырошчванню матэрыялу для пасадак на селекцыйнай аснове.

За сваю працоўную дзейнасць Віктар Ламака атрымаў два медалі ВДНГ СССР, у 1977-м і 1983-м гадох. У 2003-м яму пасмяротна нададзена званне ганаровага грамадзяніна Глыбокага.

На сённяшні дзень дэндрасад займае больш за восем гектараў, тут растуць 504 віды і 3516 прадстаўнікоў розных відаў дрэў і кустарнікаў. Сустракаюцца расліны-“перасяленцы” з Далёкага Усходу, Паўночнай Амерыкі, Паўднёвай Еўропы.

Абарыгенныя расліны складаюць усяго дзевяць адсоткаў, гібрыды – трынаццаць. Астатнія – віды, нехарактэрныя для беларускай флоры. Больш за палову зыходнага матэрыялу прывезлі з Цэнтральнага батанічнага саду ў Мінску. Аказалася, што дрэвы розных кліматычных зон здольныя расці ў Беларусі.

Зразумела, не ўсе “перасяленцы” прыжыліся, але тыя, што выжылі, атрымалі на Глыбоччыне трывалую прапіску. Дэндрасад цікавы для навукоўцаў і прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі тым, што адзіны ў Беларуі змешчаны так далёка на поўнач, умовы для раслін тут адрозніваюцца ад поўдня рэспублікі.

Пярлінай дэндрасаду лічыцца родадэндрон катэўбінскі. Гэта вечназялёная расліна з мясістым лісцем, кустарнік, што шырока разрастаецца і дасягае вышыні да двух метраў. Што цікава, дыямер звычайна перавышае вышыню.

У натуральных умовах родадэндрон катэўбінскі расце ў гарах Паўночнай Амерыкі, на вышыні два кіламетры над узроўнем мора. Расліна квітнее ў канцы траўня – пачатку чэрвеня суквеццямі дыяметрам па 12-15 санціметры, розных адценняў бэзава-пурпурнай гамы.

Дэндралагічны сад Глыбоцкага лясгаса з 1991 года ўваходзіць у лік помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння. На яго тэрыторыі распрацавана некалькі экалагічных сцяжын з вельмі паэтычнымі прыпынкамі: “Лілейная рэлаксацыя”, “Каштанавы аазіс”, “Здаровая энергетыка”…

Прыязджайце, прайдзіце Сцяжынай пяшчоты і энергетыка адразу паправіцца!

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость