11.06.2018 / 16:06

З 2016 года ў Мінску ідзе барацьба за стары будынак школы пачатковых класаў і прылягаючую зялёную зону па вуліцы Данілы Сердзіча, 12, на месцы якіх павінны з'явіцца адміністрацыйны будынак з паркоўкай.

Мясцовыя занепакоены не толькі пагаршэннем экалагічнага стану мікрараёна, але і сацыяльнага. Аднак нягледзячы на катэгарычную нязгоду жыхароў, праект быў прыняты і ўжо пачаліся работы па зносу існуючага збудавання.

Бясконцая перапіска з дзяржаўнымі органамі, абскарджванні і ўдзел у грамадскіх абмеркаваннях — па сутнасці ніякіх вынікаў не прынеслі. Па словах мясцовага жыхара і актывіста Дзяніса Тушынскага, абмеркаванні ўвогуле можна лічыць фэйкавымі. Усе заўвагі і прапановы, якія паступілі ў горада-будаўнічы савет, так і не былі перададзеныя праектыроўшчыкам. Чаму так абдылося, адказаць ніхто не можа.

"Гэта парушэнне заканадаўства. Савет сам запісаў у пратаколе перадаць праектыроўшчыку прапановы, але так нічога і не зрабіў", — тлумачыць малады чалавек.

Са 182 зваротаў, што паступілі падчас грамадскіх абмеркаванняў, улічылі толькі чацвёртую частку. Абгрунтавалі гэта неадпаведнасцю астатніх зваротаў патрабаванням. Хоць, падкрэслівае Дзяніс, у Пастанове аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў ніякіх патрабаванняў няма.

"Мясцовыя негатыўна ставяцца да задумы пабудаваць на месцы былой школы для пачатковых класаў адміністрацыйны будынак для гарадскога аддзела міліцыі, аддзела Дзяржаўтаінспекцыі УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна і раённай пракуратуры. Да апошняга часу ў будынку знаходзіўся дзіцячы клуб і сядзелі судовыя выканаўцы", — распавядае Дзяніс.

У сваіх зваротах людзі выказвалі прапанову зрабіць на гэтым месцы дзіцячы садок, якога ў мікрараёне вельмі не хапае. Дарэчы, факт недахопу месцаў у садках прызнае і адміністрацыя. Аднак на думку чыноўнікаў, праблема з месцамі ў групах павінна знікнуць, калі ўвядуць у эксплуатацыю садкі у Каменнай горцы.

"Садкі ўжо адкрыліся, але зараз зноў неабходна падаць звароты, каб даведацца пра сітуацыю ў нашым раёне, ці змянілася яна", — зазначае мясцовы жыхар.

На сённяшні дзень Пракуратура Фрунзенскага раёна знаходзіцца ў адным будынку з Пракуратурай Савецкага раёна і абласной — па адрасе вуліца Шчадрына, 1. Падавалася б гэта сапраўды можа быць падставай займець свой асобны адміністрацыйны будынак. Але, як сцвярджае Дзяніс, у праекце няма абгрунтавання навошта ўзводзіць яго пасярод жылога двара і да ўсяго сумяшчаць разам з аддзяленнем міліцыі і ДАІ.

"Па законе пры распрацоўцы праектнай дакументацыі робіцца эканамічнае і сацыяльнае абгрунтаванне аб'екта. У той жа момант заканадаўства дазваляе не прадастаўляць яго грамадскасці", — кажа малады чалавек.

Н сталі тлумачыць жыхарам вуліцы і тое, навошта ля будынка запланаваная паркоўка амаль на 100 машынамесцаў. Дзеля арганізацыі яе знішчаецца зялёная зона з дарослымі дрэвамі.

"Па ТКП (тэхнічны кодэкс устанавіўшайся практыкі — тлумачэнне аўтара) прадугледжана, падаецца, на 7 супрацоўнікаў — адно машынамесца. У будучым будынку плануецца ля 65 супрацоўнікаў, арыфметыка простая. Але, на жаль, ТКП не абмяжоўвае максімальную колькасць і таму пры ўсіх нашых зваротах мы атрымоўвалі адзін і той жа адказ: “У адпаведнасці з ТКП”. Прычым усе вельмі хітра, у перадпраектнай дакументацыі прапісана, што павінна быць і паркоўка, і сталая стаянка, а на сустрэчах з праектыроўшчыкамі — гаворка вялася толькі пра паркоўку. Аднак такога не можа быць з улікам, што тут жа будзе ДАІ — а гэта і эвакуатары і ўсе, што заўгодна", — тлумачыць Дзяніс.

Зразумела, мінчукі абураная магчымым павелічэннем аўтамабільнага трафіка і, як вынік, пагаршэннем экалагічнай сітуацыі. Асабліва, калі ўлічыць, што згодна з планамі каласальна змяньшыцца колькасць зялёных насаджэнняў. Не так даўно ў двары пачалася падрыхтоўчая стадыя рэалізацыі праекта: пад пілы ўжо пайшла частка дрэваў і з дня ў дзень адбудзецца знос старога будынку.

Але ініцыятыўныя жыхары не збіраюцца спыняцца. Яны падалі заяву  ў Мінгарвыканкам на правядзенне двух пікетаў: аднаго непасрэдна ў мікрараёне непадалёк ад пляцоўкі, другога — ля будынка раённай адміністрацыі. Мінгарвыканкам адмовіў людзям у гэтым праве, спасылаючыся на супярэчнасці з артыкулам 5 Закона "Аб  масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь", што якраз тычыцца афармлення заяваў.

"Я звяртаўся да некалькіх юрыстаў… Парушэнняў у нашых заявах яны не знайшлі. Адзінае да чаго можна прычыпіцца, што не былі прадастаўленыя дакументы аб аплаце. Аднак як мне патлумачылі дасведчаныя людзі, што і патрабавання прадастаўляць такія дакументы загадзя — няма.  Зараз жа чакаем адказу на зварот па недапрацоўках і неадпаведанасцях у нашых заявах. Паглядзім, што яны адкажуць, магчыма сапраўды мы і юрысты штосьці прагледзілі. А таксама падалі яшчэ адну заяву на пікет — на 19-га чэрвеня. Будзем так падаваць, пакуль не задаволяць…", — смяецца Дзяніс.

Нягледзячы на тое, што мясцовыя жыхары свае пратэстныя дзеянні стараюцца весці ў рамках беларускага заканадаўства, на Дзяніса Тушынскага, як аднаго з актывістаў, ужо пачалі ціснуць на працы.

"На жаль, на руках у мяне няма дакументальных падцверджанняў такім дзеянням і таму прозвішчы называць я не магу, бо не маю канкрэтных доказаў. Аднак тое, што мне робяцца намёкі пра магчымасць не працягнуць са мной кантракт — то праўда", — дзеліцца ён.

З улікам усіх гэтых абставін, ініцыятыўная група цвяроза глядзіць на сітуацыю, разумеючы, што адбіцца ад будаўніцтва ўжо не рэальна. Людзі спадзяюцца, што атрымаецца паўплываць на прерапрафіліроўку самаго аб'екта, а таксама адстаяць прылягаючую зялёную зону, зменьшаыць колькасць машынамесцаў на плануемай паркоўцы.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость