Як гэта працуе. Стрэс-тэсты АЭС не падцвярджаюць яе бяспеку, але вызначаюць хібы станцыі

Завершаны чарговы этап правядзення стрэс-тэстаў БелАЭС: група еўрапейскіх рэгулятараў у галіне ядзернай бяспекі падрыхтавала сваю справаздачу з рэкамендацыямі для нашай краіны.

Зялёны партал разбіраецца ў тым, што ж гэта за мудрагелістая працэдура, чаму атамныя станцыі прымушаюць стрэсаваць і якое дачыненне да гэтага працэса мае Фукусіма.

 

Чаму стрэс-тэсты не сведчаць пра бяспеку АЭС?

Стрэс-тэсты — еўрапейская працэдура, якая была ўведзена для атамных электрастанцый пасля аварыі на АЭС Фукусіма, каб пазбегнуць падобных аварый у будучым. Яны не маюць на мэце падцверджанне бяспекі атамных станцый у цэлым, а робяцца для выяўлення пэўных рызык і слабых момантаў па вузкіх накірунках:

  • устойлівасць станцый да павадкаў, землятрусаў і цунамі, неспрыяльных з'яваў надвор'я;
  • стратам канчатковага адвода цяпла і поўнага забеспячэння электразабеспячэння;
  • кіраванне складанымі аварыямі, каб разумець як спрацуе станцыя і яе сістэмы бяспекі на самой пляцоўцы, а не па-за ёй.

Стрэс-тэсты не разглядаюць рызыкі, звязаныя з “чалавечым фактарам”, напрыклад, падзенне самалёта ці працэсам вядзення будаўнічых работ.

 

Як адбываецца працэдура правядзення стрэс-тэстаў?

Варта зазначыць, што правядзенне стрэс-тэстаў цалкам дабраахвотная працэдура. Ад пачатку краіна-ўладальніца АЭС і аператар самастойна праводзяць ацэнку па вышэй ўзгаданых накірунках. Пасля чаго вынікі паведамляюцца рэгулятару (у Беларусі гэта Дзяржатамнагляду) і на іх аснове складаецца Нацыянальная справаздача па стрэс-тэстам, якая перадаецца Групе еўрапейскіх рэгулятараў у галіне ядзернай бяспекі (ENSREG).

Еўрапейскі рэгулятар праводзіць праверку справаздач, каб упэўніцца ў іх праўдзівасці. Дзеля гэтага арганізоўваюцца выязды на месца, вядзецца камунікацыя з нацыянальным рэгулятарам. У выніку з'яўляецца справаздача, якая ўключае ў сябе пры неабходнасці рэкамендацыі па прыняцці дадатковых мер і дапрацовак па спраўленні праблемных момантаў.

Справаздача Групы еўрапейскіх рэгулятараў у галіне ядзернай бяспекі па экспертызе стрэс-тэстаў БелАЭС была прадстаўленая 3 ліпеня ў Брусэлі. Апублікавана ў англамоўным варыянце на сайце ENSREG.

Затым краіны-ўладальніцы АЭС складаюць Нацыянальны план дзеянняў, куды ўключаюць усе мерапрыемствы па павышэнні ўстойлівасці станцый да знешняга ўдзеяння па фукусімскаму сцэнару.

 

Ці з'яўляецца працэс правядзення стрэс-тэстаў сакрэтнай працэдурай?

У ідэале правядзенне стрэс-тэстаў — адкрытая працэдура. Грамадскасць, а таксама крытыкі развіцця атамнай энергетыкі, павінны быць запрошаныя да ўдзелу на ўсіх этапах.

 

Чаму на БелАЭС праводзяцца стрэс-тэсты, калі яна яшчэ не запушчана?

Наша краіна з'яўляецца падпісала пагадненне па стрэс-тэстам разам з шэрагам еўрапейскіх краін у 2011 годзе. Толькі ў адрозненні ад еўрапейскіх суседзяў, якія правялі комплексную ацэнку сваіх АЭС у 2012 годзе, Беларусь узялася за гэту працэдуру толькі напярэдадні здачы ў эксплуатацыю першага энергаблока.

Між тым, згодна з еўрапейскай спецыфікацыяй у дачыненні да станцый, якія знаходзяцца ў працэсе будаўніцтва, стрэст-тэсты праводзяцца ў дачыненні не самога аб'екта, а яго праектнай дакументацыі.

 

Ці змаглі беларускія прадстаўнікі грамадскіх арганізацый прыняць удзел у правядзенні стрэс-тэстаў?

Нягледзячы на дэкларацыю празрыстасці, з грамадскасцю не праводзілася абмеркавання Нацыянальнай справаздачы. Ёсць надзея, што пры падрыхтоўцы Нацыянальнага плана дзеянняў прадстаўнікі экаНДА змогуць прыняць удзел у гэтым працэсе.

Аднак варта разумець, што апошняе слова і вагу ў складанні такога дакумента мае Дзяржатамнагляд. Грамадскасці будзе адведзена роля кансультанта.

 

Ці атрымала Беларусь рэкамендацыі ад Групы еўрапейскіх рэгулятараў па выніку экспертызы стрэс-тэстаў БелАЭС?

Нягледзячы на вузкасць накірункаў, якія разглядаюцца пры правядзенні стрэс-тэстаў, па ўсіх іх Беларусь атрымала рэкамендацыі. Акрамя таго, еўрапейскі рэгулятар меў рэкордную колькасць пытанняў да нацыянальнага рэгулятара — 460.

Найважнейшае, што адзначыла Група еўрапейскіх рэгулятараў, — недастатковая доказнасць бяспекі АЭС, а менавіта яе абсталявання і сістэм, да землятрусаў і сейсмічнай актыўнасці.

Нашай краіне рэкамендавана правесці дадатковыя даследаванні па гэтым пытанні, каб упэўніцца ў адваротным ці ўнесці змяненні ў праект станцыі. Вядома, што такі працэс патрабуе часу.

Ёсць пытанні ў еўрарэгулятараў і да абароненасці станцыі ад неспрыяльных умоваў надвор'я —  ліўняў і павадкаў. Не да канца зразумела, ці сапраўды абсталяванне БелАЭС абаронена ад падтаплівання ў выніку выпадзення вялікай колькасці ападкаў.

Таксама Беларусь атрымала шэраг рэкамендацый на правядзенне дадатковых мерапрыемстваў па сітуацыя страт электраэнергіі і папярэджанні сур'ёзных наступстваў у выніку аварыі.

 

Ці паўплываюць рэкамендацыі на будаўніцтва БелАЭС?

Наступным важным этапам ў правядзенні стрэс-тэстаў з'яўляецца падтрыхтоўка Нацыянальнага плана дзеянняў. І было б добра, каб Беларусь улічыла ўсе рэкамендацыі і зрабіла рэальныя крокі для павышэння ўстойлівасці станцыі.

Вядома праз гэта працэс будаўніцтва павінны быць прыпынены на час, які спатрэбіцца для ліквідацыі рызык.

І ў дадзенай сітуацыі хацелася б, каб Дзяратамнагляд быў у адзінай пазіцыі з Групай еўрапейскіх рэгулятараў, незалежным і ўплывовым.

 

У міжнароднай пракцыты маюцца выпадкі па змяненні праекта АЭС пасля правядзення стрэс-тэстаў?

У Фінляндыі нацыянальны рэгулятар прадпісаў Расатаму ўнесці сур'ёзныя змяненні ў праект станцыі Ханхіківі-1 (станцыя будуецца па аднатыпным праекце з БелАЭС — АЭС-2006) для зніжэння рызакаў. І расійская ядзерная карпарацыя мусіць падпарадкавацца патрабаванням фінскага рэгулятара.

 

Няўжо ва ўсіх еўрапейскіх краінах аднолькавая сітуацыя з выкананнем рэкамендацыі?

На жаль, не. У свеце існуюць як пазітыўныя, так і негатыўныя прыклады.

Так, Францыя далёка прасунулася ў ажыццяўленні мер па выкананні рэкамендацый па выніку стрэс-тэстаў. А вось Нідэрланды і Бельгія — не спяшаюцца праводзіць змяненні на станцыях, што былі ўзведзены да падзеяў на АЭС Фукусіма.

У той жа Славакіі адбываецца мала змяненняў і гэта палітычнае пытанне незалежнасці нацыянальнага рэгулятара ад кіраўніцтва дзяржавы і атамнай карпарацыі.

 

Наколькі дарагім з'яўляецца працэс ажыццяўлення рэкамендацый?

800 мільёнаў еўра на кожны рэактар — прыкладны кошт усіх мерапрыемстваў, якія былі рэкамендаваны Францыі. Вядома, такая сума атрымалася праз вялікую колькасць рэактараў, пабудаваных да аварыі на станцыі Фукусіма. Аднак і не зразумела ці з'яўляецца яна дастатковай.

 

Матэрыял падрыхтаваны на аснове выступленняў антыядзерных экспертаў Яна Хаверкампа (Greenpeace) і Таццяны Новікавай (грамадскае аб'яднанне "Экадом", Беларуская антыядзерная кампанія) на брыфінгу ў Мінску 9 ліпеня 2018 года.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 11.07.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.