Заводзячы сабе сабаку, мы малюем у галаве карцінку ідэальнага гадаванца — выхаванага, паслухмянага, сацыялізаванага і кампанейскага. І чамусьці не задумваемся, што жывёлы маюць свой характар, індывідуальныя асаблівасці, інтарэсы, страхі і перыяды сталення. Што два сабакі адной пароды — гэта дзве розныя асобы; што ўпэўненасць і адэкватнасць паводзін гадаванцаў — у першую чаргу работа і адказнасць самаго гаспадара; што ўвесь час сабакі трымаюць з намі сувязь і сігналізуюць пра свае эмоцыі і настроі даступнымі для іх спосабамі — туалетнымі непрыемнасцямі на дыване ці ўшчэнт разнесенай кватэрай.
Зялёны партал паразмаўляў з кінолагам Кацярынай пра тонкасці ўтрымання і выхавання сабак, страхі і забабоны, якія "лечацца" трэніроўкамі, і чаму ўсё гэта не заходняя мода, а цалкам сур'ёзныя і неабходныя рэчы.
Кацярына патрапіла ў кіналогію, ідучы за сваёй марай. Будучы па першай адукацыі юрыстам, яна паралельна дапамагала валанцёрам і сама займалася выратаваннем і прыстройствам жывёл шмат год. Пакуль у адзін жыццявырашальны момант цалкам не аддалася гэтай справе і не пачала прафесійна дапамагаць гаспадарам і валанцёрам з іх гадаванцамі ў выхаванні ці станаўленні надламанага псіхалагічнага стану.
Менавіта яна адна з першых адгукнулася на гісторыю Надзеі Іванаўны, што некалькі месяцаў у адзіночку шукала свайго сенбернара па мянушцы Келі. І арганізавала, бадай, самыя масавыя і працяглыя па часе пошукі сабакі, аб'яднаўшы зусім незнаёмых людзей і тым самым аказаўшы падтрымку гаспадыні.
– Пра што варта задумацца і што пралічыць, калі раптам захацелася завесці сабаку?
– Да з'яўлення шчанюка ці дарослага сабакі ў доме трэба грунтоўна падрыхтавацца. У першую чаргу прыбраць з зоны дасяжнасці ўсе рэчы і прадметы, якія гадаванец можа пагрызці ці праглынуць. Шчанюкам будзе цікава цалкам усё. Ды й дарослыя сабакі часта праяўляюць шчанячы інтарэс да новых і незнаёмых ім прадметаў, адпаведна не супраць паспрабаваць іх на зуб.
Сабакі разумныя істоты, таму не трэба думаць, што калі яны не могуць дастаць зубамі, тое, што спадабалася, то тут жа прападзе інтарэс да гэтай рэчы. Не так усё проста, у ход пойдзе кемлівасць і ў першую чаргу — лапы. Адсюль і прыбраць прадметы варта вышэй.
Асаблівую небяспеку прадстаўляюць драты, падаўжальнікі і дробныя прадметы, што маглі кудысьці закаціцца і пра іх даўно забылі. Разгрызеныя і праглынутыя прадметы могуць прывесці да сумных наступстваў, у тым ліку да летальнага сыходу. Таму варта вельмі адказна ставіцца да гэтага пытання і трымаць на пастаянным кантролі свайго гадаванца, сачыць за парадкам дома і бяспекай.
Раю на некаторы час прыбраць усе дываны і мяккія паверхні з падлогі. Хаця б на перыяд, пакуль шчаня не навучыцца хадзіць у туалет на пялёнку ў адно месца альбо спецыялізаваны туалет. Такія простыя рэчы дапамогуць вам адчувальна зэканоміць сямейны бюджэт на хімчыстцы, бо малым сабакам вельмі складана зразумець розніцу паміж пялёнкай і мяккай паверхняй на падлозе. Пасля ж вакцынацыі шчаня можна пачаць прывучаць да вуліцы. З дарослым сабакам, як правіла, такіх праблем не ўзнікае.
На першых этапах адаптацыі, незалежна ад таго, шчаня гэта ці дарослы сабака, жывёла будзе адчуваць вялікі стрэс у новых абставінах. Таму пастарайцеся разлічыць усё так, каб гадаванец у вашай сям'і з'явіўся ў той момант, калі вы можаце даць яму максімальна часу для больш лёгкага і хуткага прывыкання.
Калі ў вашай сям'і ёсць дзеці, яшчэ да з'яўлення ў доме гадаванца абавязкова патлумачце ім, што сабаку неабходны час, каб прывыкнуць; што жывёла будзе адчуваць страх і стрэс, таму не трэба яе ціскаць, гучна крычаць і ствараць шум; што з сабакам неабходна ласкава размаўляць, без рэзкіх рухаў. Калі гадаванец адаптуецца і крыху прывыкне — ён сам праявіць інтарэс. І вось якраз у гэты момант яго можна ціхонька гладзіць, стасавацца, называць ласкава па мянушцы і акуратна гуляцца.
Для новага жыльца трэба вызначыць месца для сну і адпачынку. І зноў жа патлумачце дзецям, што калі сабака адпачывае, не трэба лезці да яго з пяшчотамі і гульнямі, ні ў якім разе нельга яго крыўдзіць, калі ён не захоча стасавацца пад час адпачынку. Найлепш для гадаванца набыць ляжанку з чахлом, што можна зняць, а таксама з тканіны, якая лёгка мыецца. Важна, каб месца для адпачынку і сну не размяшчалася на скразняку ці ля абагравальнікаў, ля батарэй, а таксама ў праходах.
Наступнае, што неабходна пралічыць — месца для кармлення, трэба набыць місачкі для корма і вады. Дам як параду, што найлепш, калі посуд гадаванца будзе з нержавеючай сталі. Затым выбіраем корм, будзе гэта натуральны рацыён ці гатовыя кармы — выключна ваш выбар. А вось наяўнасць свежай і чыстай вады ў свабодным доступе незалежна ад тэмпературнага рэжыму — абавязковая неабходнасць, у якой няма кампрамісаў.
Не забываем пра ашыйнік, павадок і адраснік. Цяпер можна набыць нават імянныя ашыйнікі. Дзеля чаго патрэбны адраснікі ці такога кшталту рэчы, дзе ўказаны ваш кантактны нумар і мянушка гадаванца? На жаль, заўсёды трэба трымаць у галаве варыянт, калі гадаванец губляецца. І дзякуючы таму, што вы пралічыце гэту сітуацыю, у некалькі разоў узрастае верагоднасць, што вам удасца знайсці адзін аднаго.
Вядома, набудзьце сабаку цацкі, які будуць прыносіць яму радасць і забаўляць. Лепей набыць некалькі цацак, бо калі ў вас шчаня, то ён знішчыць іх імгненна і ў шчэнт. Ёсць яшчэ такія дробязі, як кусачкі для падстрыгання кіпцюроў, у заакрамах іх выбар вельмі разнастайны.
У ветаптэках трэба набыць сродкі для дэгельмінтызацыі, якую абавязкова трэба правесці перад вакцынацыяй. Якія сродкі найлепей выбіраць і як праводзіць, можна пракансультавацца з ветдоктарам, якога вы выберыце для свайго сабакі. Яшчэ ні ў якім разе нельга забываць апрацоўку гадаванца ад блох і кляшчоў. На жаль, якраз гэтыя моманты многія гаспадары ўпускаюць.
Вы павінны дакладна разумець, што бярэце адказнасць за жыццё істоты. У выпадку хваробы ці небяспекі менавіта ваша задача як мага хутчэй аказаць хуткую і кваліфікаваную дапамогу, звярнуўшыся да спецыялістаў.
– У якім узросце найлепш прыступаць да працэсу выхавання і дрэсуры? Ці ўзрост не мае значэння?
– З моманту, як шчаня ці дарослага сабаку прывялі дадому. У нейкім сэнсе будзе дрэсурай і выхаваннем тлумачэнні шчанюку, куды патрэбна хадзіць у туалет, для дарослага сабакі — выпрацоўванне звычкі, у які час з ім ідуць на вуліцу і што можна рабіць, а што не. Прывучэння да мянушкі пачынаецца з самага першага дня, як толькі сабака патрапляе да вас.
Ва ўзросце двух месяцаў малых паціху і вельмі асцярожна прывучаюць да ахайнасці, мянушкі, выканання камандаў "Месца" і "Да мяне", гульняў з выкарыстаннем цацак, ласункаў, да павадка і ашыйніка, да наваколля (выгулаў). Пры ўсім варта прытрымлівацца пэўных мераў асцярогі, бо каранцін паміж вакцынацыямі ніхто не адмяняў. Паступова ідзе прывучэння сабакі да чысткі вушэй, агляду зубоў, падразання кіпцюроў, вычэсвання і г.д.
У перыяд з трох да чатырох месяцаў уводзяцца новыя каманды "Сядзець", "Ляжаць", "Фу", "Побач", "Гуляй", "Апорт", пераадолення невялікіх перашкод, выгулаў і гульняў.
Калі вы хочаце даць гадаванцу прафесійны агульны курс дрэсіроўкі, то можна запісацца на іх з чатырох месяцаў ці звярнуцца за індывідуальнымі заняткамі да кінолагаў.
Пры дастатковасці часу і жадання можна самастойна ўводзіць каманды з агульнага курса дрэсіроўкі пры бытавым выхаванні, паступова самастойна навучаць сабаку.
У цэлым жа гадаванцы, як і людзі, здольны да глыбокай старасці засвойваць новую для іх інфармацыю.
– А якім чынам адбываецца навучанне?
– На самым пачатку мы даем час для адаптацыі ў новых умовах. Навучанне шчаня пачынаем, вядома, з прывучэння да мянушкі. Затым паказваем шчанюку: дзе яго ежа, вада, дзе месца для адпачынку і сна, цацкі. Наступным крокам, выпрацоўваем рэжым, у які ўваходзяць: кармленне, гульні, сон, выгул і прывучванне да туалета. Усталяваны рэжым будзе асноўным элементам у выхаванні сабакі. Паступова неабходна прывучаць малага да разнастайных маніпуляцый: мыццё, стрыжка кіпцюроў, сушка фенам, агляд пашчы, вушэй і вачэй, г.д. Свой час зойме прывыканне да ашыйніка і павадка.
Затым можна пачынаць да вывучэння і засваення элементарных каманд. Важна, каб заняткі праводзіліся ў гуллівай форме і непрацяглы час, не дапускаецца, напрыклад, гадзіну ці больш трымаць шчаня ў напрузе і патрабаваць ад яго пастаяннай увагі. Трэба рабіць перапынкі, іначай сабака проста згубіць інтарэс да вывучэння чагосьці новага. Таксама важны момант, што займацца трэба са здаровай і бадзёрай жывёлай. Перад пачаткам лепш не перакормліваць шчаня, бо ў час заняткаў трэба хваліць і частаваць яго ласункамі за выканання каманд.
Пасля ўсіх неабходным прышчэпак і ветманіпуляцый можна брацца за прывучэнне да туалета на вуліцы, сацыялізацыі і знаёмства з наваколлем. Калі малое прывучыцца да элементарных каманд, то і працэс навучання можна перанесці на вуліцу.
Навучанне дарослага сабакі не значна адрозніваецца ад шчанячага. Выключэннем будзе тое, што дарослыя, як правіла, ведаюць сваю мянушку, акрамя выпадкаў, калі гаспадар не надумаў яе змяніць. Таксама дарослы сабака дакладна ведае, што туалет знаходзіцца на вуліцы і цярпіць ад выгула да выгула. Хаця здараюцца выключэнні. Як і ў сітуацыі з сацыялізацыяй, найчасцей гэтага ўжо не патрабуюцца, але бываюць пэўныя "але".
– Дык якія каманды ўваходзяць у базавыя?
– Калі мы кажам пра агульны курс дрэсіроўкі пры здачы нарматываў, то ў яго ўваходзяць: хаджэнне побач без павадка, падход да гаспадара, вяртанне на месца, вытрымка (каманда "Месца"), стаўленне да корма, паказ прыкуса і стаўленне да намордніка, пасадка, укладка, стойка сабакі, спыненне непажаданых дзеянняў,паднос прадмета, стаўленне да стрэлу, пераадоленне снарадаў.
– Можна зразумець навошта каманды "Побач" ці "Да мяне". Але "Сядзець", "Ляжаць", "Дай лапу", "Апорт" і г.д. — падаюцца нейкай забаўкай і хвальбой перад іншымі. Навошта сабаку ім вучыць?
– Каманда "Сядзець" — адна з базавых, без яе напрыклад, цяжка навучыць сабаку "Ляжаць". І яе прымяняюць у комплексе для вывучэння больш складаных каманд. Яна дапамагае гаспадару кантраляваць паводзіны свайго гадаванца ў грамадскіх месцах, праездзе ў транспарце, адцягнуць увагу сабакі і пераключыць яе пры канфліктнай сітуацыі і г.д.
Каманда "Ляжаць" таксама базавая і дапаможа кантраляваць сабаку без прынясення дыскамфорту людзям, напрыклад, у грамадскім транспарце, калі яго не трасе, не матае па салоне, а гадаванец проста ляжыць. У крытычнай сітуацыі дакладнае выкананне гэтай каманды дазваляе выратаваць жыццё істоце.
Каманда "Дай лапу" неабходна для ўсеагульнага развіцця гадаванца. Сабаку, які засвоіў яе прасцей правесці некаторыя маніпуляцыі: абрэзаць кіпцюры, вымыць лапы пасля выгула, апрацаваць рану і г.д. Таксама яна спатрэбіцца не толькі для правядзення лячэбна-гігіенічных працэдур, але дапаможа засвоіць розныя практыкаванні, дзе задзейнічаны лапы.
Пры дапамозе каманды "Апорт" можна дабіцца актыўнасці на выгуле: пабегаць за мячыкам ці іншай цацкай. Гэта прынясе немалую карысць, як фізічнаму, так і псіхалагічнаму здароўю сабакі, дазволіць развіць мышачную і дыхальную сістэмы, паспрыяе развіццю інтэлекта, усталяванню кантакта з гаспадаром. Ды й насіць у зубах розныя прадметы вельмі нават карысна для сабак, якія любяць пагаўкаць не па справе. Такім чынам у іх занятая пашча і кінуць любімую цацку шкада. Можа дапамагчы некаторым сабакам пераадолець страх да купання, бо зайсці ў ваду гадаванец можа пабойвацца, а за цацкай ёсць верагоднасць, што з радасцю паплыве.
– Што значыць сацыялізацыя сабакі і як яе праводзяць?
– Сабака — істота сацыяльная. Сацыялізацыя — гэта знаёмства сабакі з навакольным светам і ўменне спакойна рэагаваць на розны абставіны і раздражняльнікі, што сустракаюцца на яго шляху.
У працэсе сацыялізацыі ўсталёўваюцца і замацоўваюцца сувязі вашага гадаванца ў сям'і, у якой ён пражывае, з людзьмі па суседству, іншымі жывёламі, якія знаходзяцца на адной тэрыторыі. Таксама сабака вучыцца не рэагаваць на раздражняльнікі: аўтамабілі, веласіпеды, дзяцей, іншых сабак, стрэлы, салюты, гукі чыгуначнага транспарту і г.д.
Пачынаць знаёмства з наваколлем трэба пачынаць з першых дзён яго з'яўлення ў доме. Гуляць з сабакам лепей рознымі маршрутамі, вывучаць мясцовасць. Ваш шлях павінны пралягаць і праз ажыўленыя месцы, дзе шмат людзей, транспарту. Калі вы бачыце, што сабака нервуецца і некамфортна сябе пачувае, не сварыцеся на яго. Вы павінны супакоіць гадаванца, пагладзіць і адцягнуць увагу. У любой сітуацыі гаспадар павінны заставацца спакойным і ўпэўненым, бо эмацыйны стан перадаецца жывёлам.
– Ты кажаш, што навучанне павінна праводзіцца ў гуллівай форме. Атрымоўваецца, што выхаванне магчыма без фізічных пакаранняў і ўціску?
– Навучыцца правільна караць сабаку вельмі важна. Гадаванец не павінны ўспрымаць дзеянні гаспадара, як жорсткасць, і гаспадар павінны разумець, што жорсткасць не метад пакарання.
Празмерна агрэсіўнае пакаранне можа прывесці да пагаршэння здароўя сабакі, прычым як у фізічным, так і псіхалагічным плане. А гэта цягне за сабой няўстойлівасць паводзін і празмерную пужлівасць.
Ні ў якім разе нельга пазбаўляць сабаку ежы, вады, біць рукамі ці прадметамі, павадком ці ашыйнікам, запужваць, на працяглы час пазбаўляць стасункаў, выкарыстоўваць медыкаментозныя прэпараты ці хірургічнае ўмяшальніцтва.
Важна, каб пакаранне было своечасовым. Адмоўнае падмацаванне павінна быць адразу ж пасля ўчынку. Для прыклада, вы вяртаецеся дадому і бачыце разарваныя рэчы. Пакаранне ў дадзенай сітуацыі будзе малаэфектыўным, бо гадаванец не зможа звязаць тое, што вы сварыцеся на яго, і сапсаваныя рэчы. У яго складзецца ўражанне, што пакаранне ён нясе за тое, што доўга вас чакаў і радасна сустракае. І кожнае вашае з'яўленне дома будзе звязана з негатывам.
– Аднак негатыўны досвед трэба нейкім чынам фіксаваць, каб ён не ўкараніўся. Што можа спрацаваць?
– Існуе некалькі метадаў. Па-першае, строгая вымова. І дзеля гэтага не трэба крычаць на сабаку, дастаткова цвёрдага і строгага тону голаса. Па-другое, ігнараванне, якое можна прымяняць да моманту, пакуль гадаванец не ўсвядоміць віну за свае паводзіны. Напрыклад, шчаня загулялася і пачынае моцна кусаць за рукі. Вы спыняеце з ім гульню, а значыць і непажаданыя дзеянні. Малае разумее, што зрабіла штосьці не так, і супакойваецца. Пасля гэтага яго можна пахваліць і працягнуць гуляцца. Па-трэцяе, выкарыстанне забаронных каманд. І яшчэ адзін метад, падпарадкаванне праз выкананне каманд.
Калі ў вас не атрымоўваецца наладзіць стасункі са сваім сабакам, навучыць яго паслухмянасці, лепш звярніцеся за дапамогай да прафесійных кінолагаў. Бо ў розных сабак можа адрознівацца рэакцыя на пакаранне і пахвалу, таму і трэба ўлічваць асаблівасці тэмпераменту, характару, узросту, пола, стану здароўя.
І трэба прызнаць, што пакаранне — найскладанейшы момант у выхаванні.
– А стасункі з гадаванцамі — гэта заўсёды дамінаванне ці магчыма пабудаваць гарызантальныя адносіны?
– Прыводзячы сабаку ў дом, вы ўводзіце ў сям'ю новага члена. Ён не зможа цэлымі днямі сядзець адзін у чатырох сценах. Гадаванцы хочуць быць і праводзіць час з сям'ёй, ім патрэбна любоў і пяшчота, трэба ўдзяляць час.
Чым больш увагі і часу вы аддаеце свайму сабаку, тым мацней ён прывязваецца да вас, а вы да яго. І тым мацней становяцца вашыя ўзаемаадносіны. Вы пачынаеце разумець адзін аднаго. Ставячыся да яго з павагай, у адказ вы атрымаеце ўзаемнасць.
Калі вы хочаце моцных адносін з вашым сабакам, будзьце цвёрдымі ў словах і дзеяннях, але не жорсткімі. Цвёрдасць важная як пры выхаванні дзіця, так і пры ўсталяванні сувязяў з сабакам. Любіце свайго гадаванца, хваліце за правільна выкананыя дзеянні. Падбадзёрвайце яго, калі нешта не атрымоўваецца, але ён стараецца. Будзьце спакойнымі і ў першую чаргу працуйце над валоданнем сабой. Ніхто, а тым больш ваш сабака, не вінаваты ў тым, што ў вас няма настроюці вы чымсьці расстроеныя. Займайцеся са сваім гадаванцам і вашыя намаганні не будуць дарэмнымі, у вас вырасце ідэальны сабака.
– І ўсё ж сабакі падвержаны стрэсу і страхам, як і людзі, толькі што гаварыць яны не ўмеюць. Што з'яўляецца званочкамі, каб зразумець, што з гадаванцам штосьці не так?
– Спіс на самой справе вельмі шырокі:
- агрэсія ў дачыненні да членаў сям'і, у тым ліку да дзяцей, альбо ўвогуле да гаспадара;
- дэструктыўныя паводзіны: сабака грызе абутак, рэчы, мэблю і г.д.;
- сабака не слухаецца і ігнаруе каманды гаспадара ў хатніх умовах;
- дрэнна паводзіць сябе на выгуле і зноўжа ігнаруе гаспадара;
- абараняе міску з ежай ці цацку;
- цягне павадок на выгуле, не звяртаючы ўвагі на тэмп і траетрорыю руху гаспадара;
- збягае і не рэагуе на покліч;
- становіцца некіруемым у прысутнасці іншых сабак, чужых людзей;
- падбірае з зямлі рэшткі ежы ці смецце;
- гаўкае без яўных прычын, вые дома;
- пастаянна скуліць;
- праяўляе агрэсію на гасцей, што прыходзяць у дом, на людзей на вуліцы, на аўтатранспарт ці веласіпедыстаў;
- баіцца іншых сабак альбо людзей;
- баіцца растання з гаспадаром ці членамі сям'і;
- баіцца вуліцы;
- баіцца гучных гукаў, што асабліва актуальна для святочных дзён;
- разлізвае часткі цела, у тым ліку хвост ці лапы;
- гадзіць дома ў дарослым узросце;
- папрашайнічае ці крадзе прадукты альбо любыя іншыя рэчы;
- зацыкленасць: пастаянна ліжа прадмет ці смокча сваю падсцілку, цацку;
- бегае за хвастом;
- бегае па крузе;
- гадзінамі шукае цацку ці штосьці іншае, калі гаспадар прыбраў гэта з зоны дасягальнасці;
- хаваецца за гаспадара;
- дрыжыць;
- анарэксічны;
- паядае прадметы;
- паядае свае ці чужыя экскрэменты.
І шмат іншага.
– Атрымоўваецца, пры з'яўленні любога з пералічаных табой пунктаў у паводзінах гадаванца гаспадару неадкладна трэба звяртацца за дапамогай да прафесіяналаў?
– Любы з пералічаных пунктаў павінны насцярожыць увагу гаспадара. Калі чалавек бачыць, што стан гадаванца не паляпшаецца, а ў некаторых выпадках рэзка пагаршаецца і ён ужо не здольны самастойна дапамагчы сабаку, трэба неадкладна звярнуцца за дапамогай да спецыяліста.
– І ўсе яны настолькі сур'ёзныя і сведчаць пра збой паводзін ці штосьці ўсё ж ад недагледжанасці і нявыхаванасці?
– Усе адхіленні ў паводзінах сабакі, як бы сумна гэта не гучала, адбываюцца па віне гаспадара. Выключэннем могуць быць медыцынскія праз пытанні да здароўя жывёлы.
– Жыццёвыя сітуацыі могуць быць рознымі… Ты, як чалавек з валанцёрскім досведам і кіналагічнымі навыкамі, што можаш параіць тым, хто гатовы прызнаць, што не спраўляецца з сабакам і не мае на гэта часу ці сіл?
– Адказна падысці да пытання пераўладкавання свайго гадаванца ў добрыя рукі. Патраціць сілы і час на адбор патэнцыйных гаспадароў, а не аддаваць сабаку першаму ж сустрэчнаму ці кідаць яго на пагібель на вуліцы ці здаваць на ўсыпленне.
Хочацца пажадаць людзям, якія вырашылі заводзіць гадаванца, з розумам падыходзіць да гэтага пытання, узважыўшы ўсе "за" і "супраць", а не кіравацца сваімі эмоцыямі.