11.07.2019 / 10:07

Міні-рынак на маладзечанскай вуліцы Скарыны цяпер не пазнаць. Звычайныя крытыя гандлёвыя павільёны размаляваныя яркімі графіці, а побач з гандлёвымі кропкамі – некалькі пунктаў грамадскага харчавання. У ліпені тут плануюць урачыста адкрыць гарадскую крэатыўную прастору, вуліцу стрыт-фуду.

Зялёнаму парталу цікавыя ініцыятывы па пераўвасабленні гарадоў, якія вядуць да станоўчых зменаў у жыцці людзей. У Маладэчне да эканамічнага складніку (прадметы побыту сёння купляюць у вялікіх крамах, а кавярні ля дома – новы трэнд) дадаліся сацыяльны і культурніцкі: актывісты хацелі стварыць гарадскую крэатыўную прастору з еўрапейскай атмасферай.

Тэрыторыю міні-рынка зрабілі пешаходнай, у выхадныя дні ладзяць музычныя вечары. Арганізатары абяцаюць праводзіць мерапрыемствы самага рознага профілю. Актывісты падкрэсліваюць, што крэатыўная прастора палепшыць адпачынак жыхароў Маладзечна і прапануе разнастайныя спосабы правесці вольны час.

Першыя змены на міні-рынак прынеслі венесуэлец Жэан Франка Вітрыяга Гансалес і яго жонка — беларуска Дар'я. Летась яны адкрылі міні-кавярню з лацінаамерыканскімі бургерамі. Паступова кропак харчавання станавілася больш, цяпер – пад дзясятак. Некаторыя павільёны па-ранейшаму працуюць як гандлёвыя.

Са сваімі ідэямі па ператварэнні міні-рынка ў крэатыўную прастору да ўладароў павільёнаў далучыліся актывісты грамадскай арганізацыі “Next Stop – New Life” і дыскусійнага клуба “ Маладзечна гаворыць”. У верасні 2018-га зладзілі пілотную прэзентацыю прасторы, сценкі павільёнаў паступова станавіліся каляровымі. На іх — творы мясцовых і замежных мастакоў.

На пачатку чэрвеня 2019-га дыскусію ў сацсетках выклікала адно з графіці на вуліцы стрыт-фуду – “ Поклік да вытокаў” мінскага мастака Максіма Осіпава.

Будзем спадзявацца, што яшчэ пачуем пра праект у сувязі з цікавымі гараджанам імпрэзамі, а не толькі абмяркоўваючы спрэчны погляд на традыцыйную культуру.

Автор:
Фотограф:
Алена Ляшкевіч
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость