----- Account: greenbelarus.info -----

Гісторыя адной адданасці: сабака каля Докшыц ужо пяты год чакае свайго гаспадара

Яго часта можна сустрэць па дарозе з Докшыц на станцыю «Параф’янава». Часамі ён на некаторы час знікае, потым з’яўляецца зноў. Мясцовыя людзі распавядаюць, што былі неаднаразовыя спробы забраць сабаку да сябе, бо ўсім падабаецца яго вернасць. Але блізка да сябе ён нікога не падпускае.

12.01.2017 Грамадства Аўтар: Зміцер Лупач, Леанід Юрык Фота: Андрэй Шаўлюга

Калі хтосьці прывозіць сабаку яду, то пакідае яе на зямлі і ад’язджае. Толькі пасля гэтага жывёла падыходзіць да яе.

Распавядае сястра Марына Ескевіч, якая служыць у кляштары ў Параф’янаве:

— Людзі кажуць, што бачылі, як гаспадар быў выкінуў гэтага сабаку з машыны. Але ён застаўся верным свайму гаспадару. Сустракае ўсе машыны і глядзіць вадзіцелям у вочы. Людзі яго кормяць, але блізка да сябе жывёла нікога не падпускае, гаўкае.

Па словах сястры Марыны, хтосьці даў быў абвестку ў інтэрнэце, каб гаспадар забраў сабаку. І той нібыта прыязджаў, але жывёлы на той час не было. Бо калі раней ён кожны дзень стаяў на дарозе, то зараз часамі знікае. Але потым з’яўляецца зноў.

— Усе ў нас пра яго ведаюць, і ўсе яму спачуваюць, — кажа сястра Марына. — І дарослыя, і дзеці, нават п’яніцы — усе любяць гэтага сабаку за яго вернасць.

Хочацца спадзявацца, што гаспадар прачытае гэты артыкул і яшчэ раз прыедзе, каб забраць свайго сябра, які вось ужо пяты год яго чакае.

Падзяліцца: 12.01.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.