12.02.2018 / 14:02

Ужо праз пару дзён высвятліцца імя найлепшага праекту конкурсу #Паскарэнне. Праекты ўжо прайшлі этап народнага галасавання і зараз за іх галасуе журы з адмыслоўцаў. Зялёны партал распавядае пра экалагічныя ініцыятывы, мэта якіх - "азеляніць" людзей.

Так апынулася, што адразу два адукацыйных праекты валанцёрак таварыства "Зялёная сетка" з'явілася на платформе сярод шэрагу пададзеных на конкурс. Выдатным штуршком для іх рэалізацыі стаў спецпраект Цэнтра экалагічных рашэнняў "Экастарт".

Адзін з праектаў — Зялёны ўніверсітэт — зусім не тычыцца нейкай новай дысцыпліны ці навучальнага курсу ў праграме вышэйшай школы.

Ідэя яго рэалізатараў паставіць ВНУ на "зялёныя" рэйкі, прывіваць навучэнцам і выкладчыкам экалагічныя бытавыя асновы: сартыраваць смецце, эканомна і разумна карыстацца рэсурсамі.

Па словах Алесі Смяховіч, менеджэркі праекта, ідэя ўзнікла з агульнага жадання прадстаўнікоў некалькіх навучальных устаноў Мінска — БДУ і МГЛУ, — і з жартаўлівага "а чаму б і не". Сваю ролю сыграла вывучэнне міжнароднага досведу, а таксама ўхваленне адміністрацый ВНУ.

"Для замежных універсітэтаў такая практыка ўжо норма, — кажа дзяўчына. — У нас жа тэма раздзельнага збора пакуль толькі выходзіць у масы. Аднак пакуль экалагічнай культуры як такой не зфарміравалася".

Тым не менш, практыка збору той жа мукулатуры навучальнымі установамі існуе яшчэ з савецкіх часоў.

"Думаю ні для кога не сакрэт, што школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы маюць свае нормы па збору. Таму наша задума прыйшлася якраз да месца", — разважае Алеся.

Сваёй невялікай апантаннай камандай студэнты пачалі ўжо рабіць першыя спробы прывабіць увагу навучэнцаў да ініцыятывы.

З гэтай нагоды перад Новым годам на факультэце міжнародных адносін БДУ была праведзена акцыя "Папяровая эвалюцыя": у холе ўсталявалі спецыяльную картонную каробку, куды можна было выкінуць непатрэбную паперу.

"Нам не хацелася, каб гэта быў аднаразовы івэнт. Таму дамовіліся з адміністрацыяй, што каробка будзе стаяць на пастаяннай аснове. А ўсё, што збярэцца з яе будзе ісці ў агульную «капілку» ўніверсітэта", — распавядае дзяўчына.

Акрамя нейкага практычнага элемента праект мае і навучальную частку: арганізатары стараюцца не толькі сабраць як мага больш макулатуры, але і данесці студэнтам, чаму гэта добра і як найлепш што зрабіць.

"Тыя, хто зацікаўлены быць больш экапрыязным, можа пасля і дома ў сябе штосьці ўкараніць у практыку. Ну а той, хто далёкі ад экалагічнай тэмы, што ж, мы людзі і ўсе розныя. Навязваць нейкія рэчы ў такім выпадку не варта", — разважае Алеся.

У планах пашырыць збор і на іншыя другасныя матэрыльныя рэсурсы, але пакуль гэты працэс тармозіць бюракратычны бок справы. Як адзначае Алеся, не так хутка атрымоўваецца ўзгадніць паасобны вываз самой установе. Але з часам, спадзяецца яна, удасцца прабіць і яго.

Яшчэ ініцыятыва ўдзельнічае ў конкурсе сярод студэнтскіх праектаў "Лепшы моладзевы праект БДУ". Вынікі яго будуць падведзены ў наступным годзе сыходзячы з дасягненняў і дзейнасці.

Другі праект — Зялёны капялюш — навучальны праект, разлічаны на дзетак малодшага школьнага ўзросту 6-8 год.

Скіраваны ён на выхаванне ў дзяцей экапрыязнага ладу жыцця.

Як распавядае Паўліна Шастакоўская, менеджэрка праекта, ідэя яго вырасла з папярэдняга досведу. Калісьці яна разам з Марыяй Борац выпусціліся з "Экастарта", па выніку навучання ў якім захацелі рабіць штосьці экалагічнае з дзеткамі. Дзяўчатам нават удалося знайсці ў адным з дзяржаўных адукацыйных цэнтраў вакансію педагога дадатковай адукацыі.

Менавіта  ў гэтым цэнтры Паўліна пачала намагацца распрацаваць методыку навучальнага курса для дзетак па экалагічнай тэме. Першапачаткова курс меў назву "Ecostart-up: тэхналогія ўстойлівага развіцця".

"У далейшым сутнасць гэтага курса стала больш глабальнай, бо я сама пачала разумець яго мэту, неабходнасць такога кшталту навучання для беларускіх дзетак", — прыгадвае Паўліна.

На жаль, сумяшчаць нагрузку працы ў цэнтры і сваё навучанне ў магістратуры дзяўчына не магла, не хапала часу. Аднак ёй хацелася працягваць займацца адукацыяй дзяцей. З гэтай прычыны Паўліна звярнулася да Надзеі Куляшовай, каардынатаркі культурна-экалагічнай ўстановы "Эка-майстэрні", з просьбай дапамагчы стварыць паўнавартасны курс.

"У камандзе праекта пяць чалаве, да мяне і Надзі далучыліся Кацярына Спосаб, Ірына Захарава і Вікторыя Валабуева. Зараз мы якраз на стадыі распрацоўкі методыкі, якая павінна быць створаная да канца бягучага навучальнага года. І з наступнага мы плануем пачаць займацца з дзеткамі. Хутчэй за ўсё гэта будзе курс адзін раз на тыдзень па 2-3 гадзіны ў залежнасці ад занятку. Дакладана, што будуць уключацца і тэорыя і практыка", — кажа Паўліна.

Вядома, што праекту давялося сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі, не хавае дзяўчына. І адна з іх — фінансавае пытанне. Пакуль у каманды няма срожкаў нават на матэрыялы для заняткаў.

Яшчэ адной праблемай стала адсутнасць паўнацэннай методыкі выкладання экалагічнай тэмы для маленькіх дзетак.

"Мы вырашылі запоўніць гэты прабел, я бачу гэта менавіта так. Акрамя таго, мне вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі і ў гэтай галіне хачу рэалізавацца", — кажа Паўліна.

Автор:
Фотограф:
komiinform.ru, kpcdn.net, tlum.ru, www.espoma.com
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость