12.03.2018 / 10:03

"Калі ў самаго няма добрай ідэі, можна яе падгледзець ці натхніцца", — распавядае Ганна Шастак пра праект "Малюй для сабак". Гэтая ініцыятыва збірае сродкі для аднаго з мінскіх валанцёрскіх прытулкаў, які ратуе і знаходзіць гаспадароў для безпрытульных сабак.

У Беларусі пакуль не існуе ніводнага дзяржаўнага прытулка для вулічных катоў і сабак. Затое ў розных кутках краіны дзейнічае шэраг валанцёрскіх, дзе пра безхацінцаў клапоцяцца, лякуюць і стараюцца знайсці ім дом і гаспадароў.

Найчасцей такія прытулкі трымаюцца на энтузіязме актывістаў і перыядычнай дапамозе неабыякавых людзей: то кормам, то грашовай падтрымкай, то фізічнай сілай.

І ўсё ж застаецца мноства людзей, якія пра ахвяраванні ці любую іншую дапамогу чацвяраногім небаракам нават не задумваюцца. Ды й не павінны. Аднак Ганна Шастак захацела прыцягнуць іх да пасіўнай дапамогі аднаму з прытулкаў праз прыемнасці для саміх людзей. Такім чынам дзяўчына запусціла ў Мінску праект "Малюй для сабак".

Ідэя збіраць сродкі для прытулка праз тэматычны "мерч", па словах Ганны, не новая.  Яна падгледзела яе ў расійскіх актывістаў — праекта Barking store, які быў створаны  ў падтрымку маскоўскага прытулка 50pets. Напродаж стваральнікі ідэі прапаноўваюць цішоткі і байкі з унікальнымі прынтамі.

"Я падумала, а чаму б так не зрабіць? Спытала ў стваральнікаў 50pets, ці не будуць яны супраць, калі я пазычу ідэю стварэння тэматычнага «мерча» для прытулка. Яны далі дазвол. Сваім жа праектам мне хацелася дапамагчы «Дом сабачай надзеі», дзе валанцёраць мае сябры і які я даўно ведаю", — распавядае Ганна.

Напачатку дзяўчына вырашыла "пагуляцца" са словамі на англійскай мове, якія маюць корань "dog", але ў перакладзе азначаюць іншае: тут вам і «sundog» — сонечны зайчык, і «seadog» — марскі воўк, і «overdog» — важная шышка, «dogberry» — кізіл.

Ідэяй Ганна падзялілася са знаёмай ілюстратаркай Аленай Немік, што ўзялася падтрымаць праект.

"Лена сказала, што гэта можа спрацаваць, а праз некаторы час у яе нарадзіліся першыя малюнкі на словы «seadog» і «dogberry»", — кажа Ганна.

 

Алена Немік

“У зааабарончую актыўнасць я ніякім чынам не ўцягнута. Тым не менш лічу гэту тэму важнай. І калі я магу падтрымаць яе тым, што ўмею рабіць — маляваць, чаму б і не? Да ўсяго некамерцыйныя праекты заўсёды дазваляюць паэксперыментаваць. І ў гэтым выпадку я паспрабавала дзве новыя тэхнікі і атрымала задавальненне ад працэсу”.

Ілюстрацыя Алены Немік
Ілюстрацыя Алены Немік

Ілюстрацыя Алены Немік
Ілюстрацыя Алены Немік

Таксама ў аўтарстве Алены ў праекце можна знайсці паштоўкі з Гары Потэрам, якія дзяўчына малявала для свайго партфоліо. З улікам, што іншага прымянення для іх не знайшлося, а гісторыя пра маладога чараўніка досыць папулярная, было вырашана зрабіць бенефітавыя паштоўкі, якія мусяць прыцягнуць увагу да праекту.

Ілюстрацыя Алены Немік
Ілюстрацыя Алены Немік

"Мы знаходзімся ў пастаянным творчым пошуку, сочым, што людзі лепей набываюць. Бо ўсё ж мэта праекта — сабраць грошы для прытулку", — тлумачыць Ганна Шастак.

Пазней да каманды далучылася ілюстратарка Дар'я Каленічэнка, якая намалявала сабаку-боса і сонечнага зайку.

 

Дар'я Каленічэнка

“Мяне зацікавіў праект, па-першае, таму што гэта дабрачынная акцыя, накіраваная на дапамогу сябрам нашым меншым. Калісьці з бацькамі самі бралі сабаку з прытулка, ён стаў чальцом нашай сям'і. І я лічу, такога кшталту праекты важнымі, бо мноства іншых жывёл маюць патрэбу ў клопаце, у любові… А людзі ў пагоні за нейкім статусам ці цешачы сваё эга, трацяць грошы на пародзістых гадаванцаў. Хоць могуць узяць бясплатна з прытулка сабаку, дапамагчы яму знайсці дом, і знайсці сябе сябра. Спадзяюся, паштоўкі нагадаюць, што сабакі — жывыя істоты, яны маюць пачуцці”.

Ілюстрацыя Дар'і Каленічэнка
Ілюстрацыя Дар'і Каленічэнка

Акрамя таго, для Дар’і, як ілюстратаркі, ідэя з паштоўкамі стала пэўным чэленджам.

“Маёй задачай стала абыгрыванне словаў праз мастацкі вобраз, пры гэтым з неабходнасцю захаваць эстэтычны бок паштоўкі, падарунка. І ідэі даволі хутка прыйшлі ў галаву. А самае галоўнае, думаю, з задачай я справілася”.

З часам да Ганны Шастак пачалі звяртацца людзі, прапаноўваючы дапамогу праекту, жадаючы таксама намаляваць штосьці для сабак. Адсюль, кажа дзяўчына, і з'явілася назва "Малюй для сабак", сітуацыя сама прадыктавала яе.

У скарбонцы ініцыятывы маюцца яшчэ некалькі малюнкаў ад ілюстратарак Аляксандры Каваленка, Кацярыны Грачовай і Мар'яны Баскакавай, якія рыхтуюцца да друку.

 

Аляксандра Каваленка

“Я крыху малюю і выкладаю свае працы ў Instagram. Таму, калі мне Аня прапанавала намаляваць паштоўкі і такім чынам паўдзельнічаць у праекце, — вельмі захапілася ідэяй. Прадумваючы, што зрабіць, стала гугліць розныя смешныя прымаўкі і прыказкі на англійскай мове. Спадабаўся выраз "I laika you" і я намалявала да яго сабаку”.

Ілюстрацыя Аляксандры Каваленка
Ілюстрацыя Аляксандры Каваленка

“Яшчэ мне імпануе ідэя, што менавіта сабакі былі першымі ў Космасе. Таму прыдумала, як праілюстраваць Белку і Стрэлку, лічу іх нашымі маленькімі героямі. І мне захацелася, каб гэта паштоўка была натхняльнай, маўляў, everything is possible – усё магчыма!”

Ілюстрацыя Аляксандры Каваленка
Ілюстрацыя Аляксандры Каваленка

 

Кацярына Грачова

“Я з радасцю адгукнулася на прапаву ўдзелу ў праекце. Лічу, што такога кшталту ініцыятывы дапамагаюць прасоўваць ідэі прытулкаў. Акрамя ўсяго, атрыманыя грошы ў дапамогу чацвяраногім — гэта не проста «падайце». Усё ўстроена на абмене: ты атрымоўваеш прыгожую паштоўку і тым самым дапамагаеш прытулку.

Было цікава назіраць, як кожная мастачка бачыць для сябе сабак і развівае гэту тэму. Пра свае работы магу сказаць, што наўрадці магло атрымацца штосьці іншае, яны створаны ў маёй звыклай і напрацаванай стылістыцы і формах. Вобразы мілых сабачак з'явіліся самі сабой. Мне дакладна не хацелася нічога агрэсіўнага, бо гадаванцы прытулкаў — цудоўныя істоты, кожны па-своему прыгожы”. 

Ілюстрыцыя Кацярыны Грачовай
Ілюстрыцыя Кацярыны Грачовай

 

Мар'яны Баскакава

“Сама па сабе ідэя — проста цудоўная! За сімвалічную суму можна набыць маленькую, забаўную паштоўку, а грошы накіруюцца на дапамогу гадаванцам прытулка. Калі кожны зробіць хоць невялікі крок у бок братоў нашых меншых, свет стане крыху дарэй, цяплей і святлей. Атрымаецца кругаварот дабрыні ў прыродзе. Прайсці міма такой ідэі было немагчыма! Мне захацелася ўнесці сваю лепту, прыняць удзел у праекце.

І мае малюнкі — адлюстраванне маіх думак, эмоцый, пачуццяў. Яны такія, якія ёсць. І калі знаходзяць водгук у людзей, калі падабаюцца, выклікаюць усмешку ў кагосьці, смутак, жаданне марыць, адчуваць свае ўласныя, такія розныя, эмоцыі — хіба гэта не выдатна? Хіба не ў гэтым сутнасць. Я буду безумоўна шчаслівай, калі хтосьці знойдзе ў малюнках штосьці сваё”.

Ілюстрацыя Мар'яны Баскакавай
Ілюстрацыя Мар'яны Баскакавай

Паслугі ў раздрукоўцы паштовак праекту аказвае кааператыў "Улётка". Гэты выбар Ганна і каманда рабілі асэнсавана і невыпадкова:

"Кааператыў выкарыстоўвае другасную перапрацаваную паперу і ў цэлым стараецца арганізаваць сваю вытворчаць без шкоды для наваколля. Таму перавага іх відавочна! І пры ўсім, калі нам хочацца болей экалагічных ініцыятываў, варта падтрымліваць тыя, што ўжо існуюць", — тлумачыць дзяўчына.

У далейшым праект "Малюй для сабак" прануе пашырацца ў асартыменце прапаноў. Ужо можна набыць сабак у выглядзе налепак, а ў хуткім часе кожны жадаючы знойдзе для сябе цішотку з забаўным гадаванцам. І ў гэтай важнай частцы праекту дапамагае Настасся Зеновіч, без якой, прызнаецца Ганна, яны, як без рук.

Паштоўкі і налепкі можна набыць ў крамах: Мушы-шоп (ГЦ Няміга, 3); Time to be a hero (вул. В. Харужай, 5); BE.HANDMADE (ГЦ "Сілуэт", вул. В. Харужай, 1: 2 паверх, 3 шэраг, 2 месца); бар Karma (Камсамольска, 14).

Ілюстрацыя Мар'яны Баскакавай
Ілюстрацыя Мар'яны Баскакавай

Сацыяльныя сеткі праекта:

Автор:
Фотограф:
Фотаздымкі прадастаўлены праектам
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость