12.10.2018 / 09:10

Вайсковы і занадта савецкі — першыя асацыяцыі пра Брэст. Аднак акрамя савецкай і ваеннай спадчыны горад перапоўнены зялёнымі зонамі і нават мае шансы прэтэндаваць на першанства сярод абласных гарадоў. Пазнаёміцца з прыроднай каштоўнасцю гарадскога асяроддзя Брэста можна дзякуючы прагулачнаму маршруту па водна-зялёным дыяметры, распрацаванаму “Зялёнай сеткай”.

Ідэя стварэння пешага маршрута па Брэсту прадыктаваная неверагоднай колькасцю зялёных зон горада, "дзікіх" месцаў, якія з'яўляюцца гатовымі, створанымі прыродай паркамі са сталымі дрэвамі.

Аднак, як зазначае Алена Штык-Бажко, каардынатарка кампаніі "Гарадскі Ляснічы. Брэст", аб'яднаць іх у цэласны марафон апынулася не так проста праз тэрытарыяльную раскіданасць у гарадской прасторы. Таму з падказкі Ігара Корзуна, ідэйнага натхняльніка кампаніі "Гарадскі Ляснічы", першы і паўнавартасны марафон было вырашана правесці ў ваколіцах Брэсцкай крэпасці і ракі Мухавец.

Фота Марына Гуліна
Фота Марына Гуліна

"Ігар некалькі разоў прыязджаў у Брэст. І разам з Фондам развіцця Брэсцкай крэпасці мы абышлі ўвесь помнік. Гэта неверагодная па велічыні зялёная зона. Пры гэтым афіцыйная, турыстычная частка займае ўсяго 30-40% ад агульнай тэрыторыі. Усё астатняе — закінутыя мясціны са старымі дрэвамі.

Таксама сумесна з Ігарам гарадскія зялёныя зоны, шукалі дрэвы-старажылы. Менавіты яны, па задуме, мусілі стаць адным з пунктаў марафона. У большасці сваёй зялёныя куткі Брэста раскіданыя па розных кропках горада, часам зусім супрацьлеглых. Таму Ігар прапанаваў асвоіць водна-зялёную сцежку, з улікам таго, што крэпасць і рака выдатна прылягаюць адна да адной, ствараючы цэласны маршрут", — прыгадвае Алена.

Наступным этапам стала больш падрабязнае вывучэнне тэрыторый, пошук адметных месцаў і насаджэнняў. У кампаніі з Андрэем Багданавым — чалавекам-гісторыкам для сябе, як кажа пра яго Алена,  маршрут даследвалі на зручнасць і магчымасць прайсці па сцежках.

 

Краявіды змяняюцца і не паўтараюцца

Унікальнасць маршрута, па словах Алены Штык-Бажко, у тым, што ён закранае як прыродныя куточкі горада, так і гістарычныя помнікі. Напрацягу 37 кіламетраў маршрута можна пабачыць абарончыя збудаванні крэпасці, насыпы і рэшткі Сувораўскага маста, старыя магілы, скрозь якія прараслі дрэвы на Трышынскіх могілках і азёрныя краявіды раёна Соі.

"Калі Брэсцкая крэпасць для ўсіх знаёмая і прыцягальная сваімі цікавымі ландшафтамі, то ўздоўж Мухаўца рэдка хто ходзіць. Бо калі іх візуальна ўявіць — гэта чаротавыя палі з карагамі, дрэвамі, ну якая тут прывабнасць. Тым больш, што ля ракі ёсць месцы для шпацыру з набярэжнымі. Аднак на самой справе маршрут поўніцца мясцінамі, што вяртаюць цябе ў дзяцінства, дзе можна падурэць на пясочку, палюбавацца краявідамі", — апісвае Алена.

Свой старт маршрут бярэ ад старой сасны на адным з уваходаў у Брэсцкую крэпасць.

"Магчыма гэтае дрэва расло тут яшчэ да ўзвядзення крэпасці і “бачыла” Бярэсце. Верагодна, што гэта адзінае дрэва, што захавалася ад старога горада. Гэта трэба праверыць, але па знешнім выглядзе, па біяметрыі — усё магчыма. Ва ўсякім выпадку хочацца верыць. На тэрыторыі помніка ёсць засталіся насаджэнні, што перажылі Першую і Другую сусветные войны, былі сведкамі захопу і вызвалення крэпасці ў 1939 і 1945 гадах", — распавядае Ігар Корзун.

Далей па дарозе сустракаецца сапраўдны "марсіянскі ландшафт" на верескавых пустках, з імхамі і лішаямі — мікраскапічнай расліннай біяразнастайнасцю, што ў звыклым гарадскім асяроддзі не сустрэнеш.

"Дастаткова стаць на каленкі, уткнуцца ў іх галавой і перад вачыма раскрыецца іншая планета з неверагодным па прагажосці і напаўненні пейзажам", — апісвае свае ўражанні Ігар.

Не застаюцца без увагі затокі, якія расцягваюцца на кіламетры, агародзікі, прыхаваныя ўзвышшамі фортаў крэпасці і чаротавыя зараснікі, што запоўнілі пратокі паміж азёр.

І пакуль усе гэтыя мясціны незабудаваныя, мала кранутыя чалавекам. На думку Ігара Корзуна,  іх трэба пакінуць для унукаў, як патэнцыйны парк, што прынясе значна большыя выгоды, чым імгненны прыбытак ад асваення тэрыторый па звыклай практыцы.

"Брэсцкая крэпасць павінна ў дадатак да помніка “Крэпасць-герой” стаць яшчэ і ландшафтна-мемарыяльным заказнікам, на тэрыторыі якога будзе забаронена любая гаспадарчая дзейнасць. Дзеля гэтай справы неабходна запрасіць самых лепшых спецыялістаў ландшафтнікаў і эколагаў, а не старацца зрабіць гэта сваімі сіламі, эканомячы на ўсім. З крэпасці-парка ні якім разе нельга зрабіць калгас", — зазначае Гарадскі Ляснічы.

Фота Вольга Каскевіч
Фота Вольга Каскевіч

У больш рэальнай перспектыве маршрут па водна-зялёнай частцы горада можна  працягнуць, закрануўшы частку існуючага заказніка — месца пражывання балотнай чарапахі. А таксама раён Красны Двор, дзе раней размяшчалася ваенная частка і які багаты на неверагодныя раскідзістыя дрэвы-самасады.

"Пытанне толькі ў тым, колькі гадзін у сутках", — смяецца Алена.

У бліжэйшыя выходныя, 13 кастрычніка, пройдзе пешы марафон па маршруце. Для тых жа, хто не зможа паўдзельнічаць, але хацеў бы адкрыць іншы, таемны, прыхаваны Брэст, кампанія "Гарадскі Ляснічы" падрыхтавала ілюстраваную брашуру з падрабязнай мапай і інструкцыяй.

"У берасцейцаў ёсць інтарэс да насаджэнняў. У асаблівасці, калі іх разварушыць. Як было, напрыклад, пасля фотаконкурсу з любімым дрэвам, я атрымлівала ўдзячныя водгукі, людзі казалі пра змяненне светапогляду. Так і марафон, ён дае паглыбленне, у гэтым і заключаецца яго ўнікальнасць, калі ты пачынаеш спыняцца і бачыць", — разважае Алена.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость