13.05.2016 / 17:05

Учора ўвечары пачаліся разгляды спраў затрыманых падчас акцыі «Крытычная маса» веласіпедыстаў у судзе Цэнтральнага раёна. З-за заблытанасці і недакладнасці паказанняў сведкаў з боку абвінавачвання дзве першыя справы адправілі на дапрацоўку ў РУУС.

У зале суда Цэнтральнага раёна на працягу амаль 4 гадзін праходзіў разгляд двух адміністрацыйных спраў па арт. 23.4 КаАП «Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў» у дачыненні да назіральніка БХК Кірыла Кажэнава і веласіпедыста Аляксея Адамовіча. Суддзём па гэтых справах быў прызначаны Валерый Есьман. У якасці сведкаў на разглядзе з боку абвінавачання выступалі супрацоўнікі ДАІ Дзяніс Сіўкач, Андрэй Фандо і Аляксандр Дашыневіч, а таксама супрацоўнікі АМАПу Нікіта Лятнёў і Алег Цімашэнка. Па справе назіральніка БХК з боку абароны выступіла праваабаронца Наста Лойка.

З улікам таго, што паказанні сведкаў з праваахоўных органаў адрозніваліся адзін ад аднага, а таксама ад складзеных па здарэнні пратаколаў засталося незразумелым, ці аказвалася супраціўленне з боку затрыманых у дачыненні да кагосьці з супрацоўнікаў ДАІ, суддзя адправіў справы на дапрацоўку.

16 мая, у панядзелак, у гэтым жа судзе павінны будуць разгледзіць яшчэ дзве аналагічныя справы ў дачыненні да Кірыла Падабедава і Дзмітрыя Пахомава.

Што датычыцца разгляду спраў аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 18.23 КаАП «Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху» у  УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, то разгляд справы Кірыла Кажэнава перанеслі на 17 мая.

Астатнім жа затрыманым былі прызначаны штрафы: Аляксею Адамовічу ў памеры 2 базавых велічынь, Кірылу Падабеду і Дзмітрыю Пахомаву — па 1 базавай кожнаму. Прычым, па словах хлопцаў, разгляд спраў праводзіўся ў атмасферы даверу начальства сваім супрацоўнікам, бо ніхто нават не захацеў праглядаць відэа з рэгістратараў службовых машын ДАІ, на якім бачна, што той жа Дзмітрый Пахомаў на праездную частку не выязджаў, а знаходзіўся на пешаходнай дарожцы.

Нагадаем, што яшчэ на двух затрыманых удзельнікаў «Крытычнай масы» ўзбуджаныя крымінальныя справы па арт. 364 Крымінальнага кодэксу. Дзмітрый Паліенка пакуль знаходзіцца ў Жодзінскім СІЗА па адрасе: 220160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость