– Непасрэдна зараз у Котаўцы стаяць людзі, якія дамовіліся паміж сабой па чарзе дзяжурыць дзеля захавання скверу. Якія, на ваш погляд, матывы ў гэтых людзей?
– Мне складана са сваёй пазіцыі ацэньваць ці рабіць нейкія высновы адносна матываў пратэстуючага боку. Эколагі кажуць пра жаданне захаваць зялёную зону. Мы стараемся, на колькі гэта магчыма, зразумець. Мы падтрымліваем жыхароў і разумеем складанасць сітуацыі. Людзі стараюцца дабіцца кампенсацыі за знос дамоў, цалкам маючы на гэта права.
Вядома, яны маюць права на зялёную зону. Але на пытанне трэба паглядзець з абодвух бакоў. Каталіцкая абшчына, касцёл – гэта таксама зацікаўленыя людзі. Яны будуюць храм для сябе і, відавочна, маюць на гэта права, бо жывуць у гэтым месцы. Магчыма, такіх людзей не так шмат, але яны ёсць, яны такія ж суседзі.
Як мне падаецца, у нас ёсць магчымасць дамовіцца ўсім разам, пайсці на ўзаемныя саступкі, каб і касцёл быў, і сквер стаў прыгожым месцам адпачынку для ўсіх жыхароў. І ў гэтым плане мы можам пасупрацоўнічаць і з эколагамі, і мясцовымі жыхарамі.
– Як вы мяркуеце, на якім этапе абшчына, эколагі і жыхары павінны дамаўляцца? І з чыёй ініцыятыве?
– Спробы паразмаўляць, знайсці нейкі кампраміс ужо былі. Аднак немагчыма дамовіцца з некаторымі асобнымі людзьмі. Напэўна, усё ж ёсць прадстаўнікі сярод мясцовых жыхароў, нават сярод пратэстуючых, з якімі можна спакойна паразмаўляць пра мірнае суіснаванне, з разуменнем пра тое, што месца хопіць усім – і для адпачынку, і для касцёла.
– Літаральна за некалькі тыдняў да новага развіцця падзей у Котаўцы яшчэ дзве зялёныя зоны адышлі пад будаўніцтва касцёлаў. Чаму так адбываецца?
– Мне здаецца, што так адбываецца, бо касцёлы і храмы не прадугледжаны ў горадабудаўнічых праектах, як сацыяльна гарантаваныя аб'екты. Пасля здараецца сітуацыя, калі ўся тэрыторыя распланаваная, прыходзіць абшчына і просіць месца пад храм. А месцаў-та свабодных няма. Што рабіць? У нашым выпадку заставаўся толькі сквер.
– Вяртаючыся да Сельгаспасёлка, антрапагенная нагрузка на раён будзе расці з-за з'яўлення шматпавярховай забудовы, а зялёныя зоны асабліва не павялічацца...
– Так, таму мы мусім максімальна захаваць тыя, што маем.
– Людзей прымушаюць выбраць храм ці зялёную зону. Як вы ацэньваеце складанасць такога выбару?
– Вядома, што такая сітуацыя заўсёды непрыемная. Таму мы стараемся падыйсці з найменьшай шкодай: маленькі касцёл, высечка невялікай колькасці дрэваў, затым дадатковае азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі, і гэта без уліку кампенсацыйных пасадак.
На прыкладзе нашага касцёла: ён зойме ўсяго 1,5% ад агульнай плошчы сквера, тэрыторыя вакол – гэта 10%, дзе прадугледжана арганізацыя газона, пасадка дрэваў. З гэтай мэтай мы маем асобны план па азеляненню.
– Ці ведаюць мясцовыя жыхары пра ваш план добраўпарадкавання?
– Пры нашых сустрэчах да гэтага пункту мы не даходзілі, усё заканчвалася на «касцёлу тут не быць»...
– Але ж людзі бываюць рознымі – радыкальна настроенымі і тымі, з кім можна дамовіцца. Можа, варта іх пашукаць?
– Калі такія людзі знойдуцца, я гатовы з імі сустрэцца і паразмаўляць. Дый мае прыхаджане, што жывуць у гэтым раёне, у тым ліку непасрэдна ля скверу, расказваюць пра нашы планы сваім суседзям.
– Хіба вы не шукаеце такіх парламенцёраў?
– Мы можам прапанаваць, але прыйдуць адны і тыя ж людзі. Заўсёды будуць радыкалы, якія ўсіх перакрычаць. Летам адбылася сустрэча, на якой прысутнічалі аналітыкі. Ад мяне на ёй былі людзі, і што? Адны хочуць адно, другія крычаць пра сваё... Як у такім гвалце можна пра нешта дамовіцца?
– Але пакуль абаронцам Котаўкі ўдалося спыніць тэхніку, можа, варта заняцца наладжваннем адносін з мясцовымі жыхарамі?
– Гэта ж можна рабіць і ў працэсе будаўніцтва.
– А ці будзе тады рэфлексія ўсёй сітуацыі? Зараз яна перарасла ў канфлікт, які выглядае як «зялёныя» супраць католікаў і католікі супраць людзей?
– Дык ці атрымаецца дамовіцца з тымі людзьмі, што стаяць супраць тэхнікі? Я ж нават слова там сказаць не змагу, мяне перакрычаць. Так было ў маі, калі ўсё толькі пачыналася, калі людзі ці не давалі і слова вымавіць, ці не чулі, што я ім кажу. Колькі ўжо можна спрабаваць?
Быў бы выдатны фармат – 5-6 прадстаўнікоў ад зацікаўленых бакоў, з якімі магчыма весці перамовы. З гэтымі дэлегатамі абмеркаваць, як нам разам зрабіць сквер добрым месцам, як нам дасягнуць узаемнага кампрамісу. Бо з пратэстуючым бокам, мне падаецца, няма ніякіх шанцаў пра нешта дамовіцца.
– Калі знойдуцца такія людзі, з якімі можна весьці дыялог, ці могуць гэтыя перамовы прайсці ва ўмовах мараторыя на высечку ў скверы?
– Уся гэтая сітуацыя ўжо не пад маім кантролем, і, як на яе паўплываць, я не ведаю...
– Тады на якія кампрамісныя крокі вы гатовы са свайго боку, каб крыху зняць сацыяльную напружанасць у Котаўцы?
– Мы можам узяць на сябе нейкія дадатковыя абавязкі, напрыклад, абшчына будзе клапаціцца і пра астатнюю частку скверу: праводзіць пасадкі, уборкі і іншае. Альбо абсталяваць дзіцячую пляцоўку на тэрыторыі касцёла, куды змогуць прыходзіць дзеці з ваколіц, калі на гэта знойдзем сродкі. У гэтым я бачу выйсце, бо, як змяніць нейкае асобнае меркаванне, паўплываць на азлобленага чалавека, я не ведаю...
– А як быць з плотам вакол касцёла і паркоўкай? Гэта таксама балючае пытанне для мясцовых жыхароў.
– Што датычыцца паркоўкі, для яе арганізацыі існуюць пэўныя нарматывы. І ці можна яе перанесці, гэта пытанне хутчэй да праектыроўшчыкаў і горада. Вядома, я магу задаць яго, але не ў маіх сілах гарантаваць, якое будзе рашэнне.
Наконт агароджы, тут я не бачу ніякіх праблем: калі ўсё будзе бяспечна і спакойна, то можна абыйсціся і без яе.
Мне падаецца, што гэта ўжо другасныя пытанні, якія вырашаюцца проста, і калі людзей яны хвалююць, я буду старацца гэта зрабіць.
– А ці разумеце вы, што эколагі ў Котаўцы не выступаюць супраць католікаў?
– Я чую, што мне кажуць: «Мы не супраць касцёла». Але, на жаль, збоку выглядае так, што касцёл дрэнны. Мне застаецца толькі верыць на слова людзям, якія кажуць мне пра сваю пазіцыю.
– Як вы расцэньваеце дзеянні «зялёных» па змяненню практыкі прыняцця ўладамі экалагічна значных рашэнняў?
– Я разумею і падтрымліваю правы эколагаў дабівацца праверкі законнасці працэдуры выдзялення ўчастка пад забудову. І ў цэлым, ідэя стаяць на варце зялёных насаджэнняў – выдатная. Добра, што ёсць такія людзі. Таму мне зразумела барацьба эколагаў дзеля таго, каб улады прыслухаліся да меркавання людзей. З іншага боку, мне здаецца, што ў дзяржаўных установах працуюць таксама добрыя спецыялісты, не меньш зацікаўленыя ў добрай экалагічнай сітуацыі нашага горада і не дапусцяць некіх сур’ёзных парушэнняў. Можна не толькі змагацца, але і весці нейкі канструктыўны дыялог з уладамі.
У дадзенай сітуацыі касцёл прадстаўлены ў вельмі негатыўным святле ў СМІ. Людзі пішуць каментары супраць абшчыны, супраць касцёла і г.д. Гэта варожасць ужо на іншым узроўні.
Мне падаецца, што ўсё ж да кожнай сітуацыі павінны быць індывідуальны падыход, каб па магчымасці пазбегнуць канфліктаў. Трэба глядзець на маштабы ў кожным асобным выпадку і даносіць да людзей праўду. Бо, вядома, калі будуецца бізнэс-аб'ект, высякаецца мноства дрэваў, знішчаецца ўся зялёная тэрыторыя – гэта адна сітуацыя. Калі ж будуецца касцёл, дзеля якога высекуць невялікую лапінку і большасць зялёнай зоны застаецца – сітуацыя іншая.
– Айцец Дзмітрый, што вы хацелі б сказаць усім бакам, што апынуліся ўцягнутымі ў гэту канфліктную сітуацыі, – веруючым, экалагічным актывістам, мясцовым жыхарам і ўладам?
– Якой бы складанай сітуацыя ні была, мы павінны шукаць шляхі прымірэння. Якімі б не былі разыходжанні, не павінна існаваць варожасці паміж бакамі. Бо дзеля чаго ўсе гэтыя канфлікты?
Разумею, што заўсёды будуць людзі, якія даводзяць усё да сутычкі, бо ўсе мы розныя. Мая пазіцыя: мы павінны размаўляць і шукаць шляхі для вырашэння праблемы, але пры ўмове, што ўсе будуць гатовымі да размовы, калі мы разам шукаем рашэнне, улічваючы правы ўсіх бакоў.
І ніколі не асуджайце нікога, варта пастарацца зразумець і ўвайсці ў сітуацыю іншага.