Менавіта з Эстоніі пачалася гісторыя акцыі: у 2008 годзе прыбраць смецце там выйшлі больш 50 тысяч чалавек. За адзін дзень яны змаглі ачысціць усю краіну ад несанкцыянаваных звалак. Пры гэтым цалкам усё мерапрыемства абыйшлося ў 500 тысяч еўра ў той час, калі на тыя ж аб'ёмы працы дзяржаўныя структуры патрацілі 3 гады і 3 мільёны еўра.
Паступова ідэя правядзення валанцёрскіх прыбіранняў распаўсюдзілася па ўсёй планеце і перарасла ў сусветны рух — «Let's do it». На сённяшні дзень акцыя праходзіць ужо ў 112 краінах.
Упершыню ў Беларусі масавае прыбіранне было праведзена ў 2012 годзе сіламі асобных грамадскіх экалагічных арганізацый, актывістаў і неабыякавых грамадзян у розных гарадах краіны.
У гэтым годзе ініцыятары беларускай часткі сусветнай акцыі па прыбіранню смецця «Зробім!» — Таварыства экаарганізацый «Зялёная сетка», Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Экапартнёрства», Грамадскае аб'яднанне «Мінскае роварнае таварыства», Грамадскае аб'яднанне веласіпедыстаў «ВелаГродна», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя — вырашылі аб'яднаць свае намаганні і зрабіць яе больш маштабнай.
«У акцыі з'явіўся паўнацэнны і актыўны арганізацыйны камітэт, сайт, на якім сабраная ўся карысная інфармацыя, што дапаможа кожнаму жадаючаму не толькі далучыцца да яе ў якасці валанцёра, але і арганізаваць сваю. Акрамя гэтага, уся падрыхтоўка праводзіцца ў супрацоўніцтве з ініцыятарамі акцыі з Эстоніі», — распавяла Ганна Дапшэвічуце, прадстаўнік таварыства «Зялёная сетка» ў аргкамітэце акцыі.
На працягу ўсяго падрыхтоўчага працэсу да мерапрыемства актыўна далучаліся буйныя кампаніі, абласныя ініцыятывы, якія з ахвотай бралі на сябе функцыю мясцовых арганізатараў, а таксама арганізацыі, што пагаджаліся аказаць паслугі па вывазу смецця абсалютна бясплатна. Па апошніх падліках Цэнтра экалагічных рашэнняў на 13 мая, да цяперашняй акцыі далучыліся 40 гарадоў, у якіх зарэгістраваўся 51 мясцовы арганізатар і 13 карпаратыўных удзельнікаў.
«На сённяшні дзень на мапе ўжо пазначана больш за 94 месцы, якія неабходна прыбраць, — кажа Ганна. — Але гэта лічба не можа быць аб'ектыўнай, як я лічу, бо не ўсе тыя, хто нам піша, адзначае самастойна кропкі. Ёсць людзі, якія не паведамляюць пра свой намер, але выйдуць прыбіраць».
«Увогуле адна з мэт сусветнага руху — гэта прыцягненне да акцыі як мінімум 5% насельніцтва краіны. На жаль, пакуль у нас такі паказўчык не атрымоўваецца, але мы на шляху да яго дасягнення, і калі на ўсіх адзначаных кропках сапраўды прыбяруць смецце — гэта будзе маленькая перамога!» — упэўненая дзяўчына.
Магчыма ў гэтым годзе сапраўды не атрымаецца па прыкладу Эстоніі прыбраць усю краіну за адзін дзень, але поспехам ужо з'яўляецца тое, што да акцыі далучыліся зусім нечаканыя ініцыятывы і праекты, як, напрыклад, тэатральная майстэрня «Сляды» з Гомеля.
«Думкі пра гэткія акцыі ўзнікалі амаль кожны раз, калі трапляў у месцы масавага адпачынку. Пасля пікніка збіраеш не толькі смецце за сабой, але ж яшчэ і ўсё тое, што толькі магчыма забраць па дарозе, — распавядае Аляксандр Курц, кіраўнік майстэрні. — Даведаўшыся пра акцыю «Зробім!», прапанаваў удзельнікам нашай тэатральнай майстэрні далучыцца. Атрымаўшы актыўную падтрымку, падаў заяўку як кіраўнік. На мой погляд, чым чалавек медыйней, тым больш ён павінен звяртаць увагу грамадкасці на праблемы горада і заклікаць людзей да ўдзелу ў падобных мерапрыемствах. Нароўні з акцёрамі майстэрні да акцыі далучацца мастакі, музыкі, паэты, фатографы, танцоры, карэспандэнты і многія іншыя. Плануеца прыкладна 30 удзельнікаў».
Па яго словах, галоўнай праблемай несанкцыянаваных звалак з'яўляецца будаўнічае смецце. У той жа час у лясах і месцах адпачынку можна адзначыць іншае — элементарнае свінства людзей, што, адпачываючы, пакідаюць пасля сябе смецце і лічаць, што за імі павінны прыбіраць іншыя.
Аргкамітэт, акрамя інфармацыйнай падтрымкі і прома-прадукцыі, аказвае арганізатарам дапамогу асноўнымі выдатнікамі — пакетамі і пальчаткамі. Але, як адзначае Ганна, пра іх неабходнасць абавязкова трэба паведамляць загадзя, а не ў апошні момант. Таксама арганізатарам дапамагаюць дамовіцца з адпаведнымі службамі па вывазу смецця, якое будзе сабранае 16 мая.
Каб аднойчы акцыю па прыбіранню смецця можна было не праводзіць, у людзей трэба выхоўваць экалагічную свядомасць, да якой яны павінны быць гатовы, лічыць Ганна.
«Чалавецтву трэба прыходзіць да думкі, што планета — гэта наш агульны дом. Але ў беларускіх рэаліях чамусьці толькі штрафы могуць спыніць некаторых ад неабдуманага ўчынку», — дадае яна.
За больш жорсткае пакаранне тых, хто не прыбірае за сабой смецце, таксама выступае і Аляксей Кавалёў, каардынатар гомельскай ініцыятывы «Прыбярэм смецце ў лесе і ў думках», які ўжо не першы год ладзіць падобныя акцыі ў вобласці.