Больш за экаспажыванне: як змяніць сваё жыццё ў вялікім горадзе

Простыя парады тым, каму хочацца чыстага паветра, цішыні і цёмнай ночы.

14.06.2014 Жыццё ў стылі «эка» Крыніца:

Можна набываць экалагічныя тавары, але што рабіць з залішнім шум ці брудным паветрам у вялікім горадзе? Развагамі гатовы падзяліцца Раман Саблін, трэнер па экалагічнаму ладу жыцця з Санкт-Пецярбурга.

Першае, што ён параіў – проста замовіць экалагічную экспертызу жытла. Але гэта досыць нятанна, а прапановаў такіх паслугаў у нас няшмат – толькі ў санэпідэмстанцыі, і таму можна для пачатку скарыстацца наборам простых парад.

Як лягчэй дыхаць

“Лепшы сродак зрабіць паветра ў кватэры чыстым - з’ехаць з горада, - не разменьваючыся, кажа Раман. - Зразумела, не ўсе могуць, але для некага гэта выйсце”.

Сам Раман нарадзіўся ў Сібіры, 8 год пражыў у Маскве і апошнія 2 гады ў Піцеры – пыльным горадзе-музеі. Летам збіраецца пераехаць у экапасяленне ў прыгарадзе, праект, які яны з аднадумцамі запускаюць.

Менш радыкальны спосаб справіцца з брудным паветрам – штодня рабіць вільготную прыборку. Можна набыць ачышчальнік-іанізатар паветра – бываюць нават за 40 даляраў. Такія апараты паляпшаюць якасць паветра і ўвільгатняюць яго.

Аромалампы “таксама паляпшаюць якасць паветра, але хутчэй на энергетычным узроўні, калі вы ў гэта верыце”, - раіць Раман. Такія лампы не прыбіраюць завісі, але, напрыклад, іх раяць для рэлаксацыі.

Пластыкавыя вокны ў кватэры ў такім разрэзе і добра, і не вельмі: не прапускаюць ні пыл, ні свежае паветра.

Падлога – з тэхнічнага корку, а шпалеры – з лёну

І ўсё ж Раман выказваецца супраць вокнаў ПВХ:

“Гэта пякельнае пекла, яны пры награванні, па інфармацыі Greenpeace і іншых арганізацый, вылучаюць шкодныя рэчывы ў атмасферу кватэры.

Увогуле мой сябра Аляксей Шышоў, стваральнік Клуба экарэмонтаў ім. Тома Сойера (Масква), кажа аб тым, што якасць паветра ў гарадскіх кватэрах у разы горш, чым на вуліцы. Шмат сучасных будаўнічых матэрыялаў вылучаюць у паветра шкодныя злучэнні – шпалеры, каўралін, лінолеум”.

Таму варта сачыць, што вы прыносіце ў кватэру: калі нешта пахне пластыкам, хіміяй – значыць, вы гэтым дыхаеце.

Пры рамонце варта карыстаць больш натуральнае: клуб экарамонтаў кладзе падлогу з тэхнічнага корку, вельмі прыемную для нагі, а ільняную мешкавіну – у якасці шпалераў.

Ля аэрапорта цішэй, чым на праспекце

З шумам у горадзе змагацца цяжка. Тут таксама дапамогуць вокны ПВХ, але не ўратуюць, як і музыка.

“Большасць людзей нават не задумваюцца, наколькі гэта шкодна. Тут усё ж аптымальны спосаб – змяніць месца жыхарства, як бы кардынальна гэта не гучала”, - і Раман распавёў гісторыю пра піцерскіх эка-дэвелопераў.

Сабраліся будаваць побач з Піцерам, ля аэрапорта “Пулкава”, экаквартал. Вымярэнне ўзроўню шума паказала, што ён не перавышае норму і нават меньшы, чым удзень ля Неўскага праспекта ці любой ажыўленай магістралі.

Электрамагнітнае выпраменьванне

Кампутары і іншую электроніку лепш прыбіраць як мага далей ад месцаў, дзе вы спіце, а сотавы тэлефон класці не бліжэй за метр, і ні ў якім разе не будзільнікам ля вуха.

Шмат хто, націснуўшы кнопку набора, прыціскае тэлефон да вуха. Гэтага рабіць нельга, як і падносіць тэлефон, калі ідзе ўваходны сігнал – на гэтых стадыях выпраменьванне найбольшае.

Для цёмнай ночы - шчыльныя фіранкі

Калі жыхар вялікага гораду апошні раз бачыў больш за тры зоркі – пытанне. І вінаватае нават не бруднае паветра, а рэшткавае асвятленне – яго бачна здалёк, калі толькі пад’язджаеш да горада. Зрабіць ноч цёмна-сіняй, а не аранжавай дапамогуць шчыльныя фіранкі, і толькі. Біць бліжэйшыя ліхтары неэфектыўна – усё адно заменяць.

Уключыць экамысленне

Перамагчы глабальныя экалагічныя фактары на глабальным узроўні, а не толькі ў сваёй кватэры, дапаможа экамысленне.

“Усё, што робіш, ацэньваць з пункту гледжання карысці для сябе і для планеты. Гэта тычыцца актыўнай грамадзянскай пазіцыі, розных петыцый, грамадскіх рухаў”, - кажа Раман.

Ён як экатрэнер бачыць сваёй місіяй наступнае - 7 мільёнаў чалавек ў Расіі, якія жывуць экалагічна:

“Мы фармуем крытычную масу, і трэба ўсяго толькі 5% людзей у горадзе, у краіне, каб ўсё зсунулася – закон аўтасінхранізацыі, калі 5% з агульнымі ідэямі і патэрнамі паводзінаў уплываюць на грамадства”.

Аўтаномны горад на зялёных рэйках

Людзі, якія абралі чысціню горада, а не яго памер, дзесьці на далёкім капіталістычным захадзе прыдумалі ідэю Пераходнага гораду, Tra nsition town. Гэта адасоблены населены пункт на 20-30 тысячаў чалавек, з велаінфраструктурай, мясцовай валютай і мясцовымі жа таварамі. Гэта горад, які пераходзіць на зялёныя рэйкі, ствараючы свой альтэрнатыўны план развіцця і пазбаўляючыся залежнасці ад мегаполісаў.

“Гэта аўтаномнасць, грошы не сыходзяць з горада, жыхары пачынаюць абменьвацца між сабой, і гэта больш самадастаткова, чым у сусветнай глабальнай вёсцы і сусветнай эканамічнай плыні. І гэта вельмі яднае жыхароў”, - кажа Раман.

На прасторы СНД пакуль такіх гарадоў няма, але асобныя ідэі прыжываюцца: напрыклад, азеляненне дахаў ці ўжо звыклы веларух.

Не даходзіць да экафанатызму

Такія новыя ідэі, і часам нават звычайнае сартаванне смецця, часта выклікаюць супраціў у людзей. Раман раіць актывістам не даходзіць да экафанатызму і працаваць толькі з тымі, хто хоча пачуць.

“Хто ў пошуку ідэй, будуць знаходзіцца самі. Ім важнае падмацаванне думкі, што яны не адны такія”.

Ганна Валынец

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 14.06.2014

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.