Мінск атрымае тэрыторыі за кошт скарачэння санітарна-ахоўных зон прадпрыемстваў

Спецыялісты УП «Мінскграда» распрацавалі праект «Схема аптымізацыі памераў санітарна-ахоўных зон». Згодна з ім, у Мінску могуць вызваліць 2882 га пад ландшафтна-рэкрэацыйныя тэрыторыі, жылую і грамадскую забудову. Зялёны партал разбіраецца, што за свабодныя землі ў сталіцы.

14.06.2017 Экалогія горада Аўтар: Хрысціна Чарняўская Фота: mk.by, Дзяніс Зелянко

Схема аптымізацыі памераў санітарна-ахоўных зон

 

Яшчэ ў Генплане Мінска 2010 года быў вызначаны спіс прадпрыемстваў, якім неабходна распрацаваць і зацвердзіць праект разліковых санітарна-ахоўных зон (САЗ), паведамляе «Мінскі кур'ер».

Па словах галоўнага архітэктара праектаў «Мінскграда» Святланы Сахаравай, сёння некаторыя з праектаў змяншэння САЗ ужо зацверджаны, ёсць шэраг праектаў на стадыі зацвярджэння.

«Дзеля таго, каб паменшыць санітарна-ахоўную зону прадпрыемства, неабходна распрацаваць праект разліковай САЗ, пацвердзіўшы яго кантролем выкідаў. І нават пасля ўзгаднення праекта Мінскім гарадскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, САЗ не зацвярджаецца, пакуль не правядуць пэўныя замеры», — тлумачыць яна.

Такім чынам, прадпрыемству, якое распрацавала праект САЗ, трэба абгрунтаваць скарачэнне зоны больш чым 46 замерамі паветра ў розныя перыяды. Толькі пасля гэтага цэнтр гігіены можа зацвердзіць новую САЗ, і з гэтага моманту яна будзе лічыцца зменшанай. Да ўсяго, гэты працэс не толькі доўгатэрміновы, але і дарагі, заўважае спецыяліст «Мінскграда».

За перыяд з 2015 года па сённяшні дзень пацвердзілі праекты САЗ толькі 52 прадпрыемствы з больш чым 150.

«Мы разгледзелі ўсе тэрыторыі: з зацверджанымі САЗ, перспектыўныя і тыя, што падлягаюць вынасу або мадэрнізацыі з-за сваёй неадпаведнасці рэгламентам Генплана, зацверджанага ў 2016 годзе», — кажа Святлана Сахарава.

Спецыялісты маюць спіс цэлага шэрагу прадпрыемстваў першай чаргі, з улікам, што яны сапраўды знаходзяцца ў зоне ўплыву на жылую забудову і нават могуць перакрываць школы і дзіцячыя садкі. А гэта катэгарычна забараняецца санітарна-гігіенічнымі нормамі.

Рашэннем Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў №211 ад 29 чэрвеня 2016 года зацверджаны План мерапрыемстваў па рацыянальным (устойлівым) выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя па г. Мінску на 2016-2020 гады, у якім прапісаны прадпрыемствы, што падлягаюць мадэрнізацыі.

Вядома, што асноўнай задачай гэтага праекта з'яўляецца пошук зямель пад забудову. І ўжо вызначана 73 участкі ў 9 адміністрацыйных раёнах сталіцы.

«Мы прагледзелі кожны адміністрацыйны раён, — тлумачыць Святлана Сахарава. — Дзеля кожнага распрацавалі па два альбомы. Адзін — па сучасным стане, дзе ўсе ўчасткі выдзелены, прааналізаваны, разгледжана, што на іх знаходзіцца і як гэта адлюстравана ў дэтальных планах. І альбом праектных прапаноў — участкі, якія сапраўды рэальна вызваліць пад жылую і грамадскую забудову».

Інфармацыю перадалі ў адміністрацыі раёнаў, якія ўзяліся за распрацоўку праграмы этапаў іх засваення.

Тэрыторыі буйных прамысловых зон ні ў якім разе не адыходзяць пад жылую ці грамадскую забудову. На магчымых вызваленых участках дэтальнымі планамі прапанава выдзяліць іх пад інвестпляцоўкі для аб'ектаў вытворчага і камунальна-абслугоўваючага назначэння.

Акрамя гэтага, вызваляюцца ландшафтна-рэкрэацыйныя зоны, участкі пад азеляненне, на якіх не мяркуецца нічога будаваць, перадае «Мінскі кур'ер» па інфармацыі распрацоўшчыка праекта Алены Пак.

У цэлым па функцыянальным саставе з магчымых 2882,8 га ад скарачэня САЗ вызваліцца 482 га — ландшафта-рэкрэацыйныя тэрыторыі, 1519 га — іншыя землі (месцы праходжання інжынерных сетак, санітарныя разрывы ад магістралей, чыгункі і іншае), будаўніцтва на якіх забаронена, 476 га — жылыя і 406 га — грамадскія тэрыторыі.

 

 

 

 

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 14.06.2017

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.