Запаведнасць здымаецца паступова
На карце размеркавання тэрыторыі ранейшага Прыпяцкага запаведніка па функцыянальных зонах, якое існавала да рэарганізацыі яго ў нацыянальны парк, запаведная зона пазначаная ружовым колерам. Асаблівы клопат актывістаў кампаніі «Выратуем Прыпяцкія дубровы» выклікае масіў поймавых дуброваў паміж вёскамі Хлупін і Снядзін, што складаецца з 17 лясных кварталаў і на схеме абведзены зялёным прастакутнікам.
Асноўная частка запаведнай зоны і тады знаходзілася ў цэнтры балотна-ляснога масіва запаведніка. Прыпяцкія поймавыя дубровы ўяўлялі адасоблены участак. І, уласна, менавіта яны і сталі адным з асноўных аб’ектаў, дзеля захавання якіх запаведнік на Прыпяці ствараўся. Іншыя каштоўныя зоны – верхавыя балоты, у цэнтры масіва запаведніка. У занаванні 1996 года яны таксама аднесеныя да запаведнай зоны.
Але адміністрацыя новаўтворанага нацпарка пачала імкліва развіваць дрэваапрацоўчыя магутнасці. Яна дадала да існаваўшага раней прымітыўнага цэха ў Азяранскім лясніцтве магутны комплекс у вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. Кіраўніцтва найбольш цікавіла менавіта магчымасць атрымання высокаякаснай дубовай драўніны.
Гэтым людзям дастаткова цяжка ўявіць, як гэта лясы могуць існаваць без умяшальніцтва чалавека. Менавіта таму ў нацпарку з поймавых дуброваў паміж вёскамі Хлупін і Снядзін пачалі паступова здымаць рэжым запаведнасці, пераводзячы ў так званую зону рэгулюемага выкарыстання.
Ужо на схеме размеркавання функцыянальных зон нацпарка 2009 года з хлупінскага масіва поймавых дуброваў у складзе запаведнай зоны (пазначана цёмна-зялёным колерам) засталіся толькі 13 кварталаў. Да зоны выкарыстання аднеслі найбліжэйшыя да ракі і дарогі, найбольш дасяжныя кварталы.
Далей – болей. У занаванні нацпарка 2012 года ўвесь масіў хлупінскіх поймавых дуброваў выведзены з запаведнай зоны і аднесены да зоны рэгулюемага выкарыстання.
У складзе запаведнай зоны практычна засталіся толькі масівы верхавых балотаў, на якіх намя чаго секчы. Гэта добра бачна, калі параўнаць карту цяперашняга занавання з пароднай картай лясоў нацпарка, дзе шызым і бледна-аранжавым колерам менавіта і пазначаныя балотныя масівы альбо ўчасткі карлікавых сасоннікаў, якія ва ўмовах пераўвільготнення растуць марудна.
Дзіўная зона
Гэтыя крокі прымаюцца кіраўніцтвам нацыянальнага парка, каб нібыта і асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыяй лічыцца, і ў той жа час эксплуатаваць гэтую тэрыторыю, нібы лясы звычайнага лясгаса. Пераважная частка лясных масіваў нацпарка цяпер належыць да тае самае зоны рэгулюемага выкарыстання.
Што ж гэта за такая зона і што там можна, а што нельга, зразумець дастаткова цяжка. У існуючым цяпер Палажэнні аб Нацыянальным парку «Прыпяцкі» рэжым гэтай зоны акрэслены надта ўжо цмяна. Наколькі тут дазволены розныя высечкі – практычна ні слова. Пункт, сярод забаронаў, дзе нешта сказана пра лесагаспадарчыя мерапрыемствы гучыць так: «нарушение естественного почвенного покрова, за исключением контуров сельскохозяйственных земель, выполнения лесохозяйственных работ, работ по охране и защите лесного фонда». Ён нібыта адмыслова размыты, каб дазволіць выконваць у лясах нацпарка, не ўключаных у запаведную зону, любыя віды лесагаспадарчых работ, у тым ліку і высечку гэтых лясоў.
Хваробы апраўдваюць знішчэнне?
І кіраўніцтва «Прыпяцкага» гэтым дастаткова актыўна карыстаецца. Адзінае, што іх крыху спыняе – актыўнасць грамадзянскіх кампаній, якія імкнуцца абараніць калісьці запаведныя лясы.
Магчыма гэта і прымусіла адміністрацыю нацпарка ў 2014 годзе замовіць у мінлясгасаўскага лесаўпарадкавальнага прадпрыемства «Белдзяржлес» выкананне экспедыцыйнага лесапаталагічнага абследавання поймавых дуброваў. Агульная абследаваная плошча – 967,2 гектары.
Калі чытаеш аналітычную запіску паводле вынікаў гэтага лесапаталагічнага абследавання, не пакідае адчуванне таго, што самі лесапатолагі папросту разгубленыя і не ведаюць як напісаць так, каб не нашкодзіць прыродзе. Бо абследавалі ж яны не ардынарныя лясы, а асабліва ахоўныя, унікальныя.
Нейкіх жа кіраўнічых дакументаў, якія б рэгулявалі прызначэнне якіх-небудзь мерапрыемстваў у такіх унікальных лясах, папросту не існуе. Лесапатолагі вымушаныя былі кіравацца нарматывамі, прынятымі для звычайных лясгасаў.
Яны цалкам слушна прызнаюць стан поймавых дуброваў, як дэпрэсіўны. Зрэшты, амаль цэлае дзесяцігоддзе – з 2003 па 2008 гады ўсе дубровы цэнтральнай Еўропы перажывалі дэпрэсіўны стан. А поймавыя прыпяцкія лясы маюць яшчэ і даволі значны ўзрост – да 160 гадоў, а некаторыя і болей. Яны проста павінны рана ці позна натуральным чынам абнаўляцца. Магчыма працяглым шляхам праз класічную змену асноўных лесаўтваральных пародаў.
Тым не менш, лесапаталагічнае абследаванне замаўляла кіраўніцтва нацпарка. Яно за гэтую працу плаціла грошы. І ўсё ж, вельмі вялікія сумневы ў тым, што гаспадарнікі з Ляскавіч дужа турбуюцца здароўем дуброваў. Хутчэй, ім патрэбныя былі афіцыйныя абгрунтаванні неабходнасці прыходу ў поймавыя дубровы чалавека з бензапілой.
І такія абгрунтаванні па выніках лесапаталагічнага абследавання яны атрымалі. Кіруючыся нарматывамі, усталяванымі для звычайных дуброваў любога звычайнага беларускага лясгаса, лесапатолагі вымушаныя былі прызначыць у некалі запаведных лясах на плошчы ў 673,7 га (альбо на 69,6% ад усёй, якую яны абследавалі) выбарачныя санітарныя высечкі. Пры гэтым да высечкі прызначана 23,5 тысячы кубаметраў дубовай драўніны. У высновах лесапатолагі канстатуюць, што «комплекс санітарна-аздараўленчых мерапрыемстваў, які праводзіцца ў лясах Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», не здольны даць рады рэгуляванню колькасці і распаўсюджанасці шкодных арганізмаў. Фактычна, усе мерапрыемствы выконваюць толькі адну – сыравінавую функцыю, – выкарыстанне ў народнай гаспадарцы драўніны дрэваў, якія загінулі».
Высечкі без правілаў
Варта прызнаць, што сыравінавая функцыя выбарачных санітарных высечак цяпер выкарыстоўваецца ў «Прыпяцкім» напоўніцу. Тыя ж некалі запаведныя кварталы каля Хлупіна – найлепшы прыклад. Гэты ўчастак цяпер афіцыйна не з’яўляецца запаведнай зонай, але на ўездзе ў яго ўсталяваная брама і шыльда з надпісам, што гэта запаведная зона, у якую забаронены ўезд, уваход і дзе нельга знаходзіцца грамадзянам. Мэта ўсталявання тут гэтай шыльды незразумелая. Калі гэта клопат пра захаванасць леса, то чаму б не вярнуць лес у сапраўды запаведную зону? А можа гэта ўсяго толькі жаданне абмежаваць цікаўнасць грамадзян да таго, што там робіцца?
Сёння ўжо вельмі нялёгка пазнаць у гэтым лесе некалі запаведныя дубровы. Нават у лясах шэраговых лясгасаў не заўжды ўбачыш гэткі гаспадарчы прэсінг. Дзялянкавыя слупы, якія сведчаць пра выкананне высечак, бачныя на кожным кутку.
Відавочна, што высечкі тут праводзяцца сістэматычна і пастаянна. Бо тут маюцца як дастаткова старыя пні ад дрэваў, ссечаных некалькі гадоў таму, так і ўчасткі, дзе высякаюць цяпер. У розных месцах можна сустрэць склады нарыхтаванай драўніны.
А ўжо якасць высечак, якія нібыта павінны спыніць распаўсюд шкоднікаў і хвароб, шакуе. На некаторых участках ліквідаваныя ўсе дрэвы дуба, у той жа час, пакінутыя абламаныя сухія рэшткі менш каштоўных дрэваў – альхі, асіны, бярозы. Такая «санітарыя» нагадвае прышуковыя высечкі, якія калісьці ажыццяўляліся ў таёжных раёнах СССР для атрымання пэўнай асабліва патрэбнай драўніны.
У пятым выдзеле квартала №10 Перароўскага лясніцтва пасля сёлетняга правяддзення так званай выбарачнай санітарнай высечкі на плошчы 10,9 гектара ў некаторых месцах замест поймавай дубровы пакінуты поймавы арэшнік увогуле без адзінага дрэва.
Шчыра кажучы, у гэтым лесе не пакідае наўпрост жудаснае адчуванне таго, што ён ужо ніколі не будзе такім, якім развіваўся натуральным чынам. Тут сякуць усе апошнія гады. Калі скончваецца драўніна ў старых дзялянках, адводзяцца новыя.
Пры гэтым, мяркуючы з накіраванасці дзяляначнага слупа на адведзенай для наступнай высечкі дзялянцы, секчы збіраюцца амаль не пашкоджанае насаджэнне, дзе сухастойных дубоў нават не бачна.
Як сцвярджае кіраўнік грамадскай кампаніі «Выратуем Прыпяцкія дубровы», былы навуковы супрацоўнік былога Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка, заолаг Інэса Балоціна, супраць уключэння хлупінскага ўчастка поймавых дуброваў у запаведную зону актыўна выступае кіраўніцтва Нацыянальнага парка. Для Інэсы Міхайлаўны такая пазіцыя ласкавіцкіх гаспадарнікаў добра зразумелая.
– Па-першае, тут цудоўныя паляўнічыя ўгоддзі, дзе найперш добра адчуваюць сябе капытныя. Іхняе пагалоўе штучна падтрымліваецца ў высокай колькасці. За мінулыя гады тут створана цэлая інфраструктура па правядзенні загонных паляванняў, паляванняў з вышак, і адмаўляцца ад гэтага ўчастка, а значыць губляць грошы, кіраўнікі нацпарка не хочуць ні пры якіх умовах.
Бензапіла і стрэльба альбо ахова і зберажэнне?
Зараз у Навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на апошніх стадыях знаходзіцца распрацоўка новага плана кіравання Нацыянальным паркам «Прыпяцкі». Да яго павінна быць дададзенае і новае размеркаванне функцыянальных зон парка. Пакуль усё ідзе да таго, што ўчастак поймавых дуброваў каля Хлупіна застанецца ў зоне рэгулюемага выкарыстання.
У той жа час, падобны поймавы дубовы масіў на левым беразе Прыпяці быў перададзены нацпарку ад лясгасаў падчас рэарганізацыі запаведніка. Там ніколі не спыняліся гаспадарчыя работы, там такі самы прыгнечаны стан дрэвасто. Там цалкам лагічна было б праводзіць гаспадарчае рэгуляванне і барацьбу з хваробамі і шкоднікамі шляхам санвысечак. І параўноўваць яго з кантрольнымі натуральнымі масівамі на правабярэжжы, якія доўгі час былі запаведнымі.
Поймавыя дубровы ўнікальныя не сваёй драўнінай, а тым, як яны існуюць ва ўмовах перыядычнага затаплення, як фармуюцца, як развіваюцца. Калі ж гэтая апошняя выспа натуральных лясоў, якія ўжо больш за паўстагоддзя не адчувалі на сабе чалавечых рэгулятыўных функцый, будзе страчаная – лясная, заалагічная, батанічная, кліматычная і іншыя галіны навукі страцяць унікальны даследчы ўчастак.
Пакуль жа былы адметны масіў поймавага лесу, які мог бы стаць незаменнай навуковай пляцоўкай, паступова ператвараецца ў звычайны лесагаспадарчы надзел, дзе асноўнаю будзе не роля прыроды, а роля чалавека. Прычым – чалавека з бензапілой і са стрэльбаю.