16.03.2016 / 01:03

Улады Беларусі вырашаюць, што рабіць з прафіцытам электраэнергіі пасля ўвядзення ў дзеянне Астравецкай АЭС. Эксперты адзначаюць, што патрэбныя для гэтага тэхналогіі падвысяць сабекошт электраэнергіі.

Беларускі ўрад разважае над тым, што рабіць з прафіцытам электраэнергіі, які ўтворыцца пасля здачы ў эксплуатацыю Астравецкай АЭС у 2020 годзе. Залішкі паводле ацэнак складуць каля 14 мільярдаў кВт/г. Мінск спадзяваўся прадаваць іх у суседнія Літву і Польшчу. Але праз 4 гады краіны Балтыі і Польшча плануюць падлучыцца да энергетычнай сістэме ЕС і выйсці з сінхроннага рэжыму працы з дзеючай энергасістэмай БРЭЛЛ, у якую яны цяпер уваходзяць разам з Беларуссю і Расіяй. 8 сакавіка дэпутаты Сейма Літвы ў чарговы раз заявілі, што не будуць заахвочваць куплю электраэнергіі з Астравецкай АЭС, якая, на іх думку, будуецца з рознымі парушэннямі.

Па распараджэнні прэм'ер-міністра Беларусі спецыяльная рабочая група з 14 чыноўнікаў займаецца «выпрацоўкай прапаноў па эфектыўнай інтэграцыі Беларускай АЭС у аб'яднаную энергетычную сістэму» яшчэ з верасня мінулага года. Спецыялісты сцвярджаюць, што тэхналагічная перабудова Астравецкай АЭС для спажывання лішкаў электраэнергіі абыйдзецца ў дадатковыя мільярды даляраў і значна павялічыць яе сабекошт. Пры гэтым, па словах экспертаў, улады ў Мінску імкнуцца не абмяркоўваць, ува што ўжо ў хуткім часе дадаткова да бягучых выдаткаў абыйдуцца перапрацоўка адпрацаванага ядзернага паліва і утылізацыя радыёактыўных адкідаў.

Начное жыццё

Электраэнергію з АЭС у Астраўцы прадаваць няма каму, і яе прафіцыт паўстане ў краіне ўжо у 2018 годзе – пасля ўводу ў эксплуатацыю першага блока магутнасцю 1,2 мегават, распавядае выканаўчы дырэктар беларускай асацыяцыі «Аднаўляльная энергетыка» Уладзімір Нісцюк. А ў 2020 годзе, пры планавым выхадзе АЭС на поўную магутнасць, па афіцыйных дадзеных, будзе выпрацавана 39,9 млрд кВт/г электраэнергіі – гэта каля 40 працэнтаў ад агульнага штогадовага спажывання ў краіне.

Уладзімір Нісцюк
Уладзімір Нісцюк

Эксперт бачыць дзве праблемы, звязаныя з уводам у строй беларускай двухрэактарнай атамнай станцыі. «Па-першае, цэнтралізацыя вытворчасці вялікіх аб'ёмаў электраэнергіі ў выпадку непрадбачаных абставін можа прывесці да энергетычнага калапсу. Па-другое, лішак энергіі ў начны час, калі яна выкарыстоўваецца ў меншых аб'ёмах, а станцыя працуе ў пастаянным рэжыме, змушае перабудоўваць многія тэхналагічныя працэсы менавіта пад электрычнасць», — заявіў Нісцюк.

Прыйдзецца замяняць цеплавозы на электравозы, электрыфікаваць усю сістэму чыгункі, змяняць графік руху на начны, пераводзіць прадпрыемствы на працу ў начныя змены,уўводзіць дыферэнцыяваныя тарыфы, каб стымуляваць спажыванне электраэнергіі ў начны час. А таксама будаваць магутныя электракацельні, а наяўныя газавыя абсталяваць электрычнымі катламі, пералічвае эксперт мерапрыемствы, якія будуць спрыяць рацыянальным выкарыстанні лішкаў электраэнергіі. І на гэта, па яго словах, патрэбныя вялікія грошы.

Сітуацыю сур'ёзна ўскладняе тое, што ў Беларусі няма гідраакумулятарных станцый, у якіх ноччу вада электрапомпай падымалася б і скідвалася за плаціну ў вадасховішчы, а ўдзень гэтыя ж вада круціла б турбіны, выпрацоўваючы энергію. Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк яшчэ 3 гады таму заяўляў, што ўзводзіць такія станцыі не дазваляюць геаграфічныя ўмовы.

«Але нават калі наважыцца на будаўніцтва і будаваць штучныя вадаёмы з гідраакумулятарнымі станцыямі, гэта разам з усім астатнім абыйдзецца ў мільярды даляраў», — адзначыў Нісцюк. І дадаў, што запампаваць у рэзервуары вялікія аб'ёмы вады будзе праблематычна, таму што рэкі Беларусі — Нёман, Дзвіна, Бярэзіна — за апошнія гады рэзка змялелі.

Кошт атамнага кілавата

«У прынцыпе прафіцыт энергіі ёсць і сёння, так як многія беларускія прадпрыемствы перайшлі на чатырохдзённы рэжым працы, а некаторыя сталі банкрутамі», — падкрэсліў Уладзімір Нісцюк. На яго думку, праект АЭС у Астраўцы, які першапачаткова задумваўся прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам як эканамічна выгадны, цяпер стварае сур'ёзныя эканамічныя праблемы.

Тым больш, што сітуацыя ў энергетычнай сферы змянілася, сусветныя цэны на энерганосьбіты ўпалі, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Напрыклад, мазут, выраблены на нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, стала нават выгадней выкарыстоўваць у кацельнях замест газу. «Можна меркаваць, што сабекошт 1 кВт/г атамнай энергіі з улікам выканання ўсіх планаў па ўжыванні лішкаў, а таксама вяртання Расеі 10 млрд даляраў крэдыту, будзе высокі, хоць улады так і не назвалі канкрэтную лічбу», — канстатуе Нісцюк.

Міхаіл Міхадзюк са свайго боку адзначае, што Астравецкая АЭС дазволіць Беларусі штогод замяшчаць каля 5 млрд кубаметраў прыроднага газу. Акрамя таго, паменшыцца сабекошт вырабленай у краіне электраэнергіі.

Пра што не любяць казаць улады

«Атамная энергетыка — гэта эканамічная бомба запаволенага дзеяння, таму што вялікая частка выдаткаў застаецца за кадрам», — адзначае ўкраінскі эксперт Мікалай Карпан. Ён працаваў намеснікам галоўнага інжынера па навуцы і ядзернай бяспекі Чарнобыльскай АЭС у 1979-86 гадах, быў у ліку ліквідатараў аварыі і з'яўляецца аўтарам кніг «Чарнобыль — помста мірнага атаму» і «Ад Чарнобыля да Фукусімы».

Мікалай Карпан
Мікалай Карпан

Паводле яго слоў, праца АЭС — не толькі вытворчасць электраэнергіі, але і аплата за перапрацоўку АЯП і ўтылізацыю радыёактыўных адкідаў. У эканоміку атамнай энергетыкі праца з АЯП не ўваходзіць, пасля 5 гадоў захоўвання ў спецыяльных басейнах з вадой яно перадаецца краіне-пастаўшчыку паліва, у беларускім і ўкраінскім выпадках — гэта Расея, якая абавязаная яго перапрацаваць. Але ўжо праз 20-25 гадоў закапсуляваныя і запячатаныя кантэйнеры вернуцца ў тую краіну, дзе гэта паліва спалілі, распавёў Карпан.

Нявырашаная праблема ядзерных адкідаў - аргумент праціўнікаў АЭС
Нявырашаная праблема ядзерных адкідаў - аргумент праціўнікаў АЭС

«Так, Украіна ўжо зараз пастаўлена перад фактам — аплаціць буйны штраф або прыняць такія кантэйнеры. Але захоўваць іх няма дзе», — заўважыў спецыяліст. І нагадаў, што ЗША для будаўніцтва сховішча перапрацаванага АЯП ў шахтах на глыбіні 600 метраў выдаткавалі каля 5 млрд даляраў. «Расходы на ўтылізацыю абяскровяць любую эканоміку, таму грамадству павінна давацца поўная інфармацыя, у што выльецца эксплуатацыя АЭС», — мяркуе Мікалай Карпан.

А Уладзімір Нісцюк упэўнены, што праблемы вакол АЭС у Астраўцы назапасіліся праз тое, што «дзяржава не жадае прыслухоўвацца да рэкамендацый і вывадаў незалежных экспертаў, давяраючы выкананне задач толькі чыноўнікам». І паколькі да ўвядзення ў строй першай чаргі атамнай станцыі засталося ўсяго 2 гады, а найважнейшыя пытанні так і не вырашаны, «запуск рэактара варта адкласці», падвёў вынік Нісцюк.

Чытайце таксама:

Радионуклиды внутри нас

В Гомельской области будут развивать животноводство за счёт чернобыльских территорий

У еўрапейскіх труфелях знайшлі сляды чарнобыльскай радыяцыі

Фотограф:
dw.com, gomeltoday.by, ultraprogress.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость